Марыя Станкевіч: пра свой лёс і Бязданы
Мабыць, гэтым і прыцягваюць Бязданы “сезонных” жыхароў – дачнікаў. З карэнных жа каля свайго дома тут шыруе толькі Марыя Станкевіч.
– Не зусім я адна, калі толькі зімой. Бо вясной і да восені ў Бязданы прыязджаюць дачнікі з Мінска, – гаворыць жанчына. – Безумоўна, тады весялей: то я іх праведаць схаджу, то яны да мяне зойдуць. Каб людзей трошкі больш у нашу вёску – дык і зусім хораша было б.
З жыццёвага
– Рухаюся патрошкі, – усміхаецца Марыя Станкевіч на маё пытанне, чым займаецца адна на сваім падворку. Да слова, нядаўна жанчына адзначыла 91-годдзе.
– Тортам, – удакладняе. – Смачны быў і вялікі – на сняданне нават засталося.
Родам Марыя Антонаўна з Навасёлак. Дзве сястры будучага мужа таксама там жылі, ён да іх прыязджаў і на танцы “прылятаў”. Так Марыя з Генадзем і пазнаёміліся. І вяселле ў Навасёлках справілі – нядзелю гулялі. Такая, гаворыць, завядзёнка была. І родзічаў шмат запрашалі: вяселле чалавек на 80 сярэднім лічылася.
Затым маладажоны пераехалі ў Бязданы. Спачатку жылі ў свекрыві, а потым непадалёк свой дом пабудавалі. Самі. Дом добры атрымаўся – светлы, з высокай столяй і вялікімі для таго часу вокнамі.
Двух сыноў, Генадзя і Віцьку, вырасцілі з мужам, на ногі паставілі. Старэйшы, Гена, у Вільнюс пераехаў – былі часы, калі дзяцей туды ўсе за “перспектывай” выпраўлялі; а малодшы, як бацька, лесніком стаў і быў тут, каля хаты. Праўда, сёння прыгледзець за маці сыны могуць толькі з партрэтаў, што вісяць над яе шафай…
– Малымі мае хлопцы зусім былі, калі на работу трэба было выходзіць – які дэкрэтны! – узгадвае жанчына. – Адзін у калысцы, другому толькі два пераваліла – я на працу. Свякроўка з імі заставалася.
Пра работу і калгас
Усё жыццё Марыя Станкевіч адпрацавала ў калгасе. У Бязданах ён называўся “Рассвет”. Свае тут жылі брыгадзіры, аграномы і працаўнікі. У вёсцы стаялі кароўнік, гумны і свіранаў цэлы рад: тут збожжа ссыпаюць, там малоцяць...
Зарплату не грашыма адразу плацілі – адзін раз за цэлы год збожжа давалі. Каб не свая гаспадарка – не пражылі б, упэўнена жыхарка Бяздан. Малако, яйкі, мяса – на хатнім і трымаліся.
– Усё рукамі мы ў калгасе рабілі – і ў Навасёлках калі была, і сюды як пераехала, – успамінае жанчына. – Сярпамі поле зжыналі – якія там камбайны! Выйшлі рана – прыйшлі з цямном. А дома яшчэ вялікая гаспадарка: конь, дзве каровы, свінні, куры… Сена цэлае лета касілі і сушылі…
Добра памятае Марыя Антонаўна, як уручную садзілі па 20 сотак цукровых буракоў, а потым іх убіралі; як лён сеялі і жалі...
Неяк заканчвалі жаць, і старшыня калгаса пад’ехаў. Яго паставілі пасярэдзіне, кругом абжалі і на “ўра” падкінулі – дажынкі такія. А потым вечарам з музыкай і песнямі свята адзначалі – збожжа ўрадзіла!
– Столькі было работы! Абы рукі рабілі. Генадзь таксама спачатку ў калгасе працаваў, потым на лесніка пайшоў, – усміхаецца жанчына. – Не стала яго 26 гадоў таму – хвароба з’ела…
Пра сёння
З 15-ці хат, што калісьці было ў Бязданах, засталося 8, з іх пастаянна жылых – адна, Марыі Станкевіч. І падабаецца ёй, калі ў вёску людзі з’язджаюцца: “Агароды садзяць, траву косяць, грыбы-ягады кошыкамі носяць…”
– І ў мяне курачкі ёсць, агарод і кветнік, – расказвае жанчына. – Увогуле ж на прыродзе жыву: лісы пад хату прыходзяць, козачкі па дарозе гуляюць – ціха тут, спакойна.
“Апякун” Уладзімір праз два дні бывае ў Марыі Антонаўны. “Свежыя” дровы ўжо прывёз, шчапаныя знасіў.
– Але і сама троху магу, – усміхаецца жыхарка Бяздан. – Агарод я ўжо перакапала лапатай, пасаджу што прыдумаю: бульбу, бурачкі, моркву, агуркі – усё будзе сваё. Кветак маю шмат усялякіх – вакол дома насадзіла: півоні вельмі люблю, вяргіні, цюльпаны ўжо вялікія, гартэнзій два белыя кусты... Усягды кветак у мяне не было – толькі як час свабодны з’явіўся ўзялася за іх.
– Валодзя маладзец, – вяртае свой расповед да “апекуна” Марыя Антонаўна. – Чужы чалавек аказаўся мне як свой, родны. Усё зробіць – а чаго больш хацець. Добры, чулы, працавіты…
Тэлевізар – яшчэ адзін сябар жанчыны: яго яна слухае, з ім размаўляе. Раз у месяц паштальёна чакае. І аўталаўка прыходзіць аж пад хату. Купіць усяго можна: каўбасы, хлеб, малако.
– Ай даўно я на пенсіі! – усплёсквае рукамі даўгажыхарка. – Але цяпер ужо найлепей жыць: пенсію атрымліваю, на адзенне траціцца не трэба, толькі на паесці. Мне хапае. Жыві сабе. (Смяецца.) Дзе ж гэта столькі гадоў пражыць – 91! Гэта не жарты. Не кожнаму дадзена. І вясны вось зноў дачакалася! Жыццё забурліць, сонейка зайграе ў акенцы, прыедуць людзі – і вёска наша ажыве!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.