Осенние работы на полях Островетчины


img_1623На палях раёна амаль скончаны асноўныя восеньскія работы: хлебаробы ўсіх гаспадарак справіліся з сяўбой азімых культур. Працягваецца корманарыхтоўка і ўборка цукровых буракоў і бульбы. Самы час падвесці папярэднія вынікі ў раслінаводстве.


Па звестках сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Астравецкага райвыканкама асаблівых змен у структуры азімых сёлета не адбылося: насенне збожжавых трапіла ў глебу на плошчы 8 320 гектараў. Пшаніца “прапісалася” на 3 550 гектарах, ячмень – на 100 гектарах, зерне трыцікале і жыта прыгорнута ў глебу адпаведна на 3 940 і 750 гектарах.


У адрозненне ад неўраджайных збожжавых, “другі хлеб” вырас важкім да радасці аграрыяў. З кожнага гектара раённага бульбянішча было сабрана ў сярэднім  312 цэнтнераў – а гэта чацвёрты паказчык у вобласці. Самая ўраджайная бульба ў раёне – у СВК “Гудагай”, дзе з гектара ў сярэднім накопвалі 369 цэнтнераў. Валавы збор бульбы ў раёне склаў 6 385 тон.


Працягваецца ўборка цукровых буракоў, якія сёлета вырошчваюцца ва ўсіх гаспадарках раёна. Салодкія караняплоды выкапаны на плошчы 835 гектараў, што складае 52 працэнты ад запланаванага. На ўборцы буракоў у лідарах прапісаўся СВК “Гудагай”, які справіўся з даведзеным планам на 89 працэнтаў.  Сярэднераённая ўраджайнасць “цукровікаў” – 527 цэнтнераў з гектара. Найбольш важкія буракі выраслі ў СВК “Міхалішкі”, іх ўраджайнасць тут склала 594 цэнтнераў з гектара. На Слуцкі цукроваперапрацоўчы камбінат адгружана 42 613 тон.


   Акрамя ўборкі цукровых буракоў, на парадку дня аграрыяў – корманарыхтоўка. Па стане на 13 кастрычніка нарыхтавана 57 829 тон кармавых адзінак, што складае 81 працэнт ад плану. На адну ўмоўную галаву назапашана 23,8 цэнтнераў кармавых адзінак. Да зімне-стойлавага ўтрымання нарыхтавана  2 650 і 102 008 тоны сена і сенажу. План па нарыхтоўцы гэтых відаў корму гаспадаркі раёна выканалі на 44 і 88 працэнтаў адпаведна.


Убрана 3 047 гектараў кукурузы. Яе сярэдняя ўраджайнасць складае 371 цэнтнер з гектара. Найлепш “каралева палёў” урадзіла на міхалішкаўскіх палях, дзе корманарыхтоўшчыкі з аднаго гектара збіраюць па 445 цэнтнераў.


Асноўная доля агульнай плошчы кукурузы пайшла па сваім першапачатковым прызначэнні – на прыгатаванне сіласу для грамадскага статка. Гаспадаркі раёна нарыхтавалі 91 314 якаснага і багатага пажыўнымі  рэчывамі сакавітага корму, што складае 66 працэнтаў ад плану.