Лучшие животноводы Островетчины продолжают получать подарки за свою работу
У Астравецкім раёне працягваецца рэспубліканскай акцыя “Наш жывёлавод”. Нагадаем: заслужаныя ўзнагароды ўжо атрымалі працаўнікі СВК “Гудагай” і “Гервяты”. А ў верасні эстафету лепшых ў раённай жывёлагадоўлі перанялі СВК “Варняны” і СВК “Міхалішкі”.
У рамках гэтай акцыі адзначаюцца лепшыя жывёлаводы, аператары машыннага даення, заатэхнікі, даглядчыкі кожнай гаспадаркі. Варта адзначыць, што лепшых працаўнікоў вызначае не райкам прафсаюза работнікаў АПК, а праўленне гаспадаркі.
З падарункамі і словамі віншавання на малочна-таварную ферму “Варняны” завіталі першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Віктараўна Умрыхіна, старшыня прафсаюза работнікаў АПК Юрый Аляксандравіч Адула і старшыня прафкама СВК “Варняны” Станіслава Станіславаўна Блашкевіч.
Пры выбары лепшых працаўнікоў звычайна ўлічваюцца вытворчыя паказчыкі ў прывагах жывёлы ці надоях малака. СВК “Варняны” , аднайменная ферма і яе працаўніцы, аператары машыннага даення Наталля Станіславаўна Урлік, Іна Станіславаўна Кузміцкая, Наталля Тадэвушаўна Лось і Аксана Тадэвушаўна Дрэма – сталі выключэннем.
Як адзначыў намеснік старшыні СВК “Варняны” па жывёлагадоўлі Андрэй Мар’янавіч Бушмовіч, малочна-таварная ферма “Варняны” – адна з самых “узроставых” у гаспадарцы. Тут, у адрозненне ад сучасных камп’ютарызаваных комплексаў, практыкуецца трохразовая дойка, а калектыў вылучаецца дружнасцю і згуртаванасцю, таму было вырашана адзначыць менавіта даярак МТК “Варняны”.
У СВК “Міхалішкі” лепшымі прызнаны працаўнікі МТК “Маркуны”: аператары машыннага даення Леакадзія Іванаўна Боўша, Данута Станіславаўна Бараноўская, Альбіна Мечыславаўна Ляшчэўская і жывёлавод Лілія Іванаўна Шыш.
Падарункі жанчынам уручыў старшыня прафсаюза работнікаў АПК Юрый Аляксандравіч Адула, а словы падзякі працаўніцам выказалі старшыня СВК “Міхалішкі” Аляксандр Іванавіч Чаплінскі і прафсаюзны лідар гаспадаркі Ірына Люцыянаўна Мацкела.
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.







