Калядны турнір па інтэлектуальных гульнях прайшоў у Астраўцы
Традыцыйны калядны адкрыты раённы турнір па інтэлектуальных гульнях прайшоў 10 снежня ў Астраўцы на базе гімназіі №1
УЗНАГАРОДЖАННЕ
Пачаўся турнір з прыемнага — узнагароджання ўдзельнікаў і прызёраў раённага чэмпіянату па гульні “Што? Дзе? Калі?, які на працягу ўсяго года праходзіў у Астраўцы.
Дарэчы сказаць, Павел Алегавіч Забаўскі адзначыў, што не ведае прыкладу, каб дзе-небудзь яшчэ, акрамя Мінска, праводзіліся рэгулярныя інтэлектуальныя гульні сярод дарослых. Так што можна лічыць, што мы ў гэтым сэнсе – піянеры. Дробязь, а прыемна…
А найбольш прыемна тое, што гэтыя рэгулярныя спаборніцтвы не толькі дазваляюць аднадумцам раз у месяц збірацца і займацца захапляючай і карыснай справай, але і дапамагаюць камандам расці – гэта паказалі і вынікі турніру.
Раённы чэмпіянат пачалі і закончылі дзесяць інтэлектуальных каманд – у працэсе здараліся страты: некаторыя па тых ці іншых прычынах прапускалі гульні. Найбольш пропускаў у “Антрацытавага сонца” і “А’КрэМа”, здараліся такія “праколы” ў “Ядзернага вострава” і ў “ЦэРэБрала”.
У кожнай каманды былі як больш, так і менш удалыя гульні. Але найбольш стабільна гуляў на працягу сезона рэдакцыйны “Востраў шанцавання”: пяць разоў ён станавіўся першым, двойчы – другім, тройчы – трэцім. І ў выніку ў чарговы раз атрымаў залужаную перамогу і – Пераходны Кубак старшыні райвыканкама. А таксама —чырвоны “яблык азарэння”.
Жоўтым яблыкам папоўніла сваю калекцыю інтэлектуальных узнагарод каманда райвыканкама “Magnum ignotum” – на іх рахунку дзве перамогі, два другія месцы і тры – трэція.
Каманда “ЦэРэБрал” пэўны час прэтэндавала на перамогу ў чэмпіянаце: быў час, калі яна аднаасобна лідзіравала ў турнірнай табліцы ці дзяліла першае месца з “Востравам шанцавання”. На жаль, адна прапушчаная гульня і няўдалае выступленне ў апошнім туры “пасунулі” медыкаў з лідзіруючых пазіцый – у выніку яны сталі трэцімі. Але першы “яблык азарэння” – зялёны – атрымалі. Трэба спадзявацца, што ў далейшым іх калекцыя інтэлектуальных узнагарод павялічыцца, і “садавіна” будзе “даспяваць” і мяняць свой колер.
Прызёрамі асобных тураў раённага чэмпіянату ў розныя месяцы станавіліся “Ядзерны востраў”, “Ніка”, “Astra”, “Антрацытавае сонца”, “А’КрэМ”, але ім не хапала стабільнасці.
Усе каманды-прызёры інтэлектуальнага чэмпіянату атрымалі, акрамя дыпломаў і прызоў, яшчэ і каштоўныя падарункі ад райвыканкама.
УПЕРШЫНЮ
Гэты інтэлектуальны турнір быў свайго роду юбілейным — пятым, і меў шэраг асаблівасцей, якія сведчаць: ён вырастае да ўзроўню сур’ёзнага інтэлектуальнага спаборніцтва.
Адной з такіх асаблівасцей стала тое, што турнір праводзіўся ў выхадны дзень – у мінулыя гады арганізатары сціпла “рэзервавалі” для гульні вечар працоўнага дня. І заведама прайгравалі, бо ў турніры, як правіла, заяўляецца некалькі інтэлектуальных гульняў, і пасля працоўнага дня да канца спаборніцтваў галава ўжо, што называецца, “не варыць”. Цяпер жа, у выхадны, з асаблівым настроем, які падтрымлівалі работнікі культуры раёна і Валерый Готка, вядомы ў суседніх Ашмянах выканаўца ўласных песень, гулялася зусім па-іншаму. Больш таго: атмасфера ў зале была па- асабліваму цёплай і святочнай – гэта адзначылі і арганізатары, і ўдзельнікі гульні, і запрошаныя госці.
Якія, дарэчы сказаць, сталі яшчэ адной асаблівасцю сёлетняга астравецкага інтэлектуальнага турніру: упершыню да нас прыехалі дырэктар Беларускай лігі інтэлектуальных каманд Павел Алегавіч Забаўскі і рэдактар тэлевізійных перадач “Брэйн-рынг” і “Што? Дзе? Калі?” Юлія Ткачова. Яны разам з нашай заўсёднай памочніцай і арганізатарам Ларысай Каханоўскай з Ашмян не толькі прывезлі пакет пытанняў для ўсіх трох гульняў і правялі гульню, але і падлік вынікаў правялі самастойна.
Яшчэ адным “упершыню” на гэтым турніры стала колькасць каманд, што прынялі ўдзел у гульні. Такой масавасці ў нас таксама яшчэ не было: васямнаццаць каманд знатакоў селі за гульнявыя сталы. Сярод іх былі не толькі ўдзельнікі раённага чэмпіянату, якіх ужо можна ў пэўнай ступені лічыць “загартаванымі байцамі” інтэлектуальнага фронту, і нашы “заклятыя сябры”-сапернікі са Смаргоні і Ашмян – каманды “Оксна”, “Гасіла”, “У дзясятачку” і “Інсайт”. Вярнуўся на турнір “Фатон” – не так даўно гэта вельмі цікавая дзіцячая інтэлектуальная каманда займала прызавыя месцы на абласных інтэлектуальных спаборніцтвах, але на раённых турнірах, дзе па палажэнні гулялі толькі дарослыя, прымала ўдзел па-за конкурсам, што нямала крыўдзіла юных “фатаністаў”. Цяпер дзеці выраслі, сталі студэнтамі – і вярнуліся на астравецкі турнір паўнапраўнымі ўдзельнікамі. Інтрыгі дадавала яшчэ і тое, што ў розных камандах гулялі бацькі і дзеці…
Але асабліва парадавала – прынамсі, мяне — што на гэтым турніры да інтэлектуальных гульняў далучыліся навічкі: каманды “Школа” з Альхоўскай СШ, “Варняны” з аднайменнага СВК і “Праметэй” з РУП ЖКГ. І, як паказала гульня, дэбют іх аказаўся цалкам паспяховым. Канешне, адразу трапіць у лік прызёраў, тым больш пры такой жорсткай канкурэнцыі, для навічкоў было нерэальна. Але, забягаючы наперад, скажу, што яны паказалі вельмі дастойны ўзровень гульні – аб гэтым сведчыць хоць бы той факт, што навічкі не былі апошнімі ні ў адной з трох гульняў. Адно слова – малайцы! А галоўнае: кожны з удзельнікаў каманд, як прызнаваліся затым яны самі, атрымалі ад гульні вялікае задавальненне – і значыць, варта спадзявацца, што колькасць каманд у ІІ раённым чэмпіянаце, які стартуе ў студзені, пашырыцца. А з вопытам прыйдуць і перамогі.
ТУРНІР
Інтэлектуальны турнір складаўся з трох гульняў – “Медыя-азбукі”, “Сваёй гульні” і “Што ? Дзе? Калі?".
Ужо ў “Медыя-азбуцы” госці – “Гасіла”, “Оксна”, “У дзясятачку” — прадэманстравалі, што прыехалі ў Астравец з намерам у чарговы раз спустошыць наш “яблыневы сад” і звезці дахаты “яблыкі азарэння”. Але астравецкія знатакі, набраўшыся вопыту ў раённым турніры, так проста здавацца не збіраліся… Вынік гульні: “Оксна” – першая, “Гасіла” – другая, на трэцім месцы – наш “ЦэРэБрал”. А на чацвёртым – ажно чатыры каманды — “Magnum ignotum”, “Ядзерны востраў”, “Востраў шанцавання” і “У дзясятачку”.
Ну што ж, пазмагаемся…
“Свая гульня”: “Гасілы” – першыя. А “Оксна” адсунулася на шостае месца – значыць, і яны – не Богі, і ў іх можна (і трэба!) выйграваць.
Другія, праўда, таксама суседзі – каманда Ашмянскай гімназіі “У дзясятачку”. А трэцімі, да радасці і захаплення ўсіх астраўчан, стала наша астравецкая зборная ветэранаў “Надзея”! Чацвёртае зноў дзеляць “Magnum ignotum” і “Ядзерны востраў”, а вось “Востраў шанцавання” – пяты.
Значыць, як і заўсёды, усё будзе вырашацца ў элітарнай гульні “Што? Дзе? Калі?”…
Паабедаўшы смачнымі чабурэкамі і булёнам, якімі падмацаваў інтэлектуальныя сілы знатакоў СВК імя Гашкевіча, інтэлектуалы рынуліся ў бой… Два раўнды па 15 пытанняў кожны – такі марафон аказаўся пад сілу не ўсім. Многія вельмі добра ішлі ў першай палове гульні і прыкметна збавілі тэмпы ў другой.
Але ў цэлым вынікі паказалі, што сілы каманд, што сабраліся ў той дзень у актавай зале гімназіі, прыкладна роўныя. Мяркуйце самі: толькі смаргонская “Оксна” вырвалася наперад – 19 ачкоў. Далей па выніках гульні размясціліся адразу чатыры каманды – “Гасіла”, маладзёжная зборная “Фатон”, рэдакцыйны “Востраў шанцавання” і бальнічны “ЦэРэБрал”, якія набралі па 15 ачкоў. Па 13 правільных адказаў – у “Magnum ignotum” , “Ядзернага вострава” і “Нікі”. Па дзесяць набралі ўсе гімназічныя каманды: ашмянскія “У дзясятачку”, “Інсайт” і наша “Astra”.
Пры такой роўнасці гульні “расстаўляць”, каманды па месцах, як звычайна ў падобных выпадках, давялося рэйтынгу. Але і тут не абышлося без кур’ёзу: у “Гасілы” і Фатона” ён аказаўся абсалютна аднолькавым – і ў выніку дзве гэтыя каманды падзялілі другое месца. А “Востраў шанцавання”, які пры роўнай колькасці ачкоў па рэйтынгу адстаў ад іх усяго на адну(!) адзінку, застаўся чацвёртым… Ці не крыўдна? Хоць, зрэшты, крыўдзіцца тут можна толькі на сябе: на тое, што маючы дакладную версію наконт нумара пецярбургскага трамвая, далі ўсё ж няправільную, што не “дакруцілі” “апошняга самурая” Факусімы, а спыніліся на больш лёгкім “апошнім героі” – ну і гэтак далей…
І ўсё ж па суме месцаў “Востраў шанцавання”, прапусціўшы наперад больш моцных гасцей з каманд “Гасіла” і “Оксна”, заняў трэцяе месца, у чарговы раз пацвердзіўшы сваё лідарства сярод астравецкіх каманд. Зялёны “яблык азарэння” зойме пачэснае месца сярод іншых інтэлектуальных узнагарод рэдакцыйнай каманды.
Турнір завяршыўся, пераможцы атрымалі дыпломы за перамогі ў кожнай гульні і ў турніры ў цэлым. Дзякуючы дапамозе спонсараў – СВК імя Гашкевіча і грамадскай арганізацыі “Белая Русь” — ніхто не пакінуў гімназію галодным і без салодкага прыза. Работнікі культуры пастараліся, каб настрой ва ўсіх быў прыўзняты, а адміністрацыя гімназіі – каб усе арганізацыйныя пытанні былі зняты яшчэ да іх узнікнення. І арганізатары турніру вельмі ўдзячны ўсім за дапамогу і падтрымку!
Тым, хто ўжо трывала сядзіць на “інтэлектуальнай іголцы”, упершыню атрымаў гэтую “ін’екцыю” падчас турніру ці толькі марыць заразіцца гэтай цудоўнай і карыснай “хваробай”, нагадваем: у новым годзе стартуе другі раённы чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях, да якога змогуць далучыцца ўсе жадаючыя. Правілы яго пасля абмеркавання прапаноў і заўваг, якія паступілі пасля першага чэмпіянату, будуць крыху зменены – аб іх, як і пра час і месца правядзення новага чэмпіянату, мы паведамім дадаткова – сачыце за “Астравецкай праўдай”.
Сустрэнемся!
Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.

























