Мультымедыйны квіз аб’яднаў прадстаўнікоў розных пакаленняў

Распачатыя напярэдадні Дня пажылых людзей стасункі прадстаўнікоў розных пакаленняў наведвальнікі аддзялення падтрымкі актыўнага даўгалецця ТЦСАН і актывісты БРСМ – члены савета працуючай моладзі – прадоўжылі. Фінальнай кропкай дэкады “залаты ўзрост” стаў сумесны квіз – камандная забаўляльна-інтэлектуальная мультымедыявіктарына.

– Напачатку нашы падапечныя не вельмі ахвотна згаджаліся ўдзельнічаць у гэтай гульні, – гаворыць загадчык аддзялення Маргарыта Качан. – Маўляў, ніякія мы не інтэлектуалы, што ведалі, даўно забыліся – і іншыя арыі з той жа оперы. А потым…

А потым, калі ўсё закончылася, (скажу, забягаючы наперад) вельмі неахвотна разыходзіліся. Бо спаборніцтва ў зале калі і прысутнічала, то выключна для падтрымання азарту і добрага настрою.

У складзе каманд было пароўну маладых людзей і прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Крэатыў пачаўся яшчэ ў працэсе прыдумвання назваў каманд. Ацаніце: “Сплаў”, “Вайб пакаленняў”, “Вечны рухавік”, “Вясёлая групіроўка”, “Лістапад”.

Ну а потым пачалося інтэлектуальна-забаўляльнае спаборніцтва. Пытанні былі розныя – і не сказаць, каб лёгкія. Дакладней, тое, што было простым для моладзі, уяўлялася нейкай тарабаршчынай для іх бабуль-дзядуль – і наадварот.

Да прыкладу, у першым раўндзе трэба было “перакласці” з маладзёжнага слэнгу на агульнапрынятую мову пэўныя словы – не ведаю, ці адказаў хто без падказкі юных аднакаманднікаў, што такое “чыліць”, “вайб”, “шэйміць”. І з маладых не ўсе ведалі, што такое “кулёк” (не ў значэнні “пакет”, а як назва навучальнай установы) ці хто такі фарцоўшчык.

Заданні былі розныя: трэба было адгадаць песні былых часоў і сучасныя па словах з адваротным значэннем; вызначыць, што за прыбор ці інструмент на фотаздымку (пастаянным чытачам “Астравецкай праўды” часткова дапамог наш леташні конкурс “Дзедаўская прылада”), успомніць колішнія і сённяшнія фільмы.

Каманды радаваліся кожнаму правільнаму адказу, падпявалі і падтанцоўвалі, а напрыканцы шчыра абдымаліся.

Старшыня журы Маргарыта Качан прызналася, што вынікі падвесці было цяжка, бо ўсе каманды ішлі роўна. І ўсё ж на апошнім конкурсе перамогу вырваў “Лістапад”. Кожны з удзельнікаў каманды-пераможцы атрымаў сертыфікат на бясплатнае наведванне кінатэатра. Будзе нагода яшчэ раз сустрэцца!

Хоць без падарунка залу не пакінуў ніводзін з пажылых людзей.

А добры настрой стаў цудоўным бонусам для ўсіх удзельнікаў сустрэчы.

Ірына Шляхтун:

– Мерапрыемства вельмі спадабалася! Было весела, цікава, пазітыўна. Асабліва парадавала, што мы былі разам з моладдзю, маглі зарадзіцца іх энергіяй. Паверце: няважна, колькі гадоў – душа не старэе. Дай бог маладым дажыць да глыбокай старасці і пераканацца ў гэтым.

Алена Качан:

– Я вельмі баялася ісці на гэты квіз, думала, што нічога не ведаю. А потым вырашыла: галоўнае ж не перамога, а ўдзел! А наш “Лістапад” яшчэ і першае месца заняў! Эмоцыі перапаўняюць!

Марыя Пляўга:

– Упершыню ўдзельнічаю ў падобным мерапрыемстве – яно стала для мяне адкрыццём. Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, атрымаўся вельмі яркі, эмацыйна насычаны дзень. Суцэльны пазітыў!

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик