Форум регионов Беларуси и России прошел в Минске
III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў 7-8 чэрвеня ў Мінску, яго мэтай стала пашырэнне беларуска-расійскага рэгіянальнага супрацоўніцтва і садзейнічанне ўстанаўленню прамых кантактаў паміж рэгіёнамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі ў сацыяльна-эканамічнай, навукова-адукацыйнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах.У пленарным пасяджэнні III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прынялі ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Яны наведалі 26-ю Міжнародную спецыялізаваную выстаўку «Белагра-2016». Да ўдзелу ў форуме прэзідэнты правялі сустрэчу, на якой абмеркавалі беларуска-расійскае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і іншыя актуальныя пытанні двухбаковых адносін.
Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што прадоўжыць пошук новых агульных падыходаў у розных сферах Беларусь і Расія змогуць толькі пры дынамічным развіцці эканомік. «Бясспрэчна, стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі дало магчымасць у значнай ступені актывізаваць тавараабарот, ажыццявіць шэраг буйнамаштабных сумесных праграм і праектаў. Прынесла ўзаемныя выгады і стала платформай для развіцця адносін па многіх іншых напрамках», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
«Аднак даводзіцца канстатаваць, што замест таго, каб аб'яднаць намаганні ва ўмовах крызісу, мы выжываем паасобку. Навошта? Прэзідэнт Расіі паставіў у аснову менавіта гэта пытанне. Давайце ў гэтых умовах будзем разам, – сказаў Прэзідэнт Беларусі. – З аднаго боку, атрымліваецца, што мы на самым высокім узроўні прымаем меры па стварэнні агульнага рынку, а з іншага – дзяржавы, рэагуючы на сусветныя выклікі, часта абараняюць толькі свае нацыянальныя інтарэсы. Беларусі і Расіі няма чаго баяцца адна адну – мы ўзаемадапаўняльныя па многіх пазіцыях, калі не па ўсіх, і трэба гэтым скарыстацца, аб гэтым сёння гаварыў і Прэзідэнт Расіі».
«Нягледзячы на шматгадовыя інтэграцыйныя працэсы, у нас да гэтага часу на практыцы не забяспечаны ў поўным аб'ёме роўныя ўмовы для беларускіх і расійскіх суб'ектаў гаспадарання. А гэта дало б магчымасць павялічыць вытворчасць прамысловай прадукцыі, стварыць сотні тысяч рабочых месц і перайсці да новых узаемавыгадных праектаў. Дарэчы, амаль 20 праектаў мы падпісваем у гэты час, і яны якраз вырашаюць гэту праблему, гэта добра», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Разам з беларускімі сябрамі ў нас выбудавана добрая інфраструктура двухбаковага супрацоўніцтва. Яе неад'емнай састаўной часткай, безумоўна, з'яўляецца цеснае ўзаемадзеянне па лініі рэгіёнаў Расіі і Беларусі. 80 суб'ектаў Расійскай Федэрацыі падтрымліваюць прамыя сувязі са сваімі калегамі ў абласцях Беларусі», – выказаў сваё меркаванне Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Пры гэтым ён пазітыўна ацаніў правядзенне Дзён Масквы ў Мінску. Прэзідэнт Расіі даручыў арганізаваць аналагічны праект у расійскай сталіцы.
«Прававая база супрацоўніцтва па лініі рэгіёнаў налічвае амаль 300 пагадненняў. У ходзе гэтага форуму падпісваецца яшчэ больш за 20 новых дакументаў, а таксама каля 150 камерцыйных кантрактаў на агульную суму $230 млн», – паведаміў Уладзімір Пуцін.
По материалам БелТА
