Юные островецкие футболисты стали пятыми на областных соревнованиях

На “пяцёрку” згулялі нашы юныя футбалісты на абласных фінальных спаборніцтвах па міні-футболе “Скураны мяч” сярод удзельнікаў 2001-02 гадоў нараджэння.

Паспаборнічаць у майстэрстве аддаваць пасы і забіваць галы прыехалі пятнаццаць каманд, якія былі падзелены на чатыры групы. Астраўчане трапілі ў чацвёрку, дзе іх сапернікамі сталі футбалісты з Навагрудскага, Гродзенскага раёнаў і Кастрычніцкага раёна горада Гродна.
Першымі нашы рабяты сустрэліся з камандай Гродзенскага раёна. Пачатак гульні аказаўся не вельмі ўдалым: астраўчане забілі гол самі сабе. Аднак хутка сабраліся, адыграліся і на перапынак пасля першага тайма пайшлі з перавагай 3:1. А вось у другім тайме спраўдзілася народная мудрасць “не кажы “гоп”, пакуль не пераскочыш”. Упэўненыя ў сваёй перамозе, нашы футбалісты расслабіліся. І прапусцілі ў выніку 4 галы. Перамога Гродзенскага раёна з лікам 5:3.
Наступнымі сапернікамі астраўчан стала каманда Навагрудскага раёна, якая да гэтага выйграла ў Кастрычніцкага раёна 4:2. З першых хвілін стала зразумела, што гульня будзе напружанай і складанай. Спачатку нашы прайгравалі 0:1, праз некаторы час – 1:2. Аднак здавацца астраўчане не збіраліся. Неверагоднымі намаганнямі яны спачатку адыграліся і зраўнялі лік, а літаральна на апошніх хвілінах гульні вырвалі перамогу – 3:2.
А вось у матч паміж Астравецкім і Кастрычніцкім раёнамі ўмяшалася не толькі ўдача і майстэрства саміх ігракоў, але і суддзі, якія ўсё рабілі для таго, каб засудзіць нашу каманду. Аднак нават гэта не змагло спыніць настроеных на перамогу астравецкіх футбалістаў. І яны свайго дабіліся – 2:1 на карысць нашых. Каманда з Навагрудчыны тым часам разграміла Гродзенскі раён – 4:0.
У выніку каманды Астравецкага, Навагрудскага і Гродзенскага раёнаў набралі па шэсць ачкоў. Аднак па розніцы забітых і прапушчаных мячоў першае месца заняў Навагрудак, на другім – Астравец, на трэцім – Гродна.
Такім чынам, наша каманда працягвала барацьбу за 5-8 месцы. І адразу ўпэўнена абыграла сапернікаў са Слонімскага раёна 4:1. А Карэліцкі раён выйграў у Ашмянскага 3:1. У выніку за 5-6 месца на полі сустрэліся футбалісты Карэліцкага і Астравецкага раёнаў.
Матч таксама выдаўся не з лёгкіх. Хоць на працягу ўсяго першага тайма астраўчане ўпарта атакавалі, забіць жаданы гол ніяк не атрымліваліся. Чаго нельга было сказаць пра сапернікаў: пасля першай жа атакі яны адкрылі лік. На перапынак каманды пайшлі з лікам 1:0. Аднак гэта ніяк не паўплывала на баявы дух астраўчан і іх прагу перамогі. І ў другім тайме ім, нарэшце, стала шанцаваць. Дакладныя пасы знаходзілі сваіх бамбардзіраў – і тры атакі завяршыліся ўзяццем варот. У выніку 3:1 – прыгожая, бліскучая перамога нашых юных футбалістаў. І агульнакаманднае пятае месца на абласных спаборніцтвах “Скураны мяч”.



Каментарый

– Гэта лепшае месца за апошнія гады, – пракаменціраваў дасягненне юных футбал істаў іх трэнер Вадзім Лебядзевіч. – Рабяты – малайцы! Яны прадэманстравалі не толькі добрую гульню, але і сапраўдную волю да перамогі. Я задаволены. Хачу падзякаваць трэнерам, выхаванцы якіх гулял і ў нашай зборнай камандзе, Андрэю Страцэўскаму, Яніне Філіповіч і Казіміру Бабічу.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.