Жаночы погляд на футбольны матч “Астравец”-“Вална”
Хай прабачаць мяне мужчыны – на гэты раз пра футбол будзе расказваць жанчына. Да таго ж даволі далёкая ад гульні №1. У журналістаў, тым больш раённых, якія не могуць дазволіць сабе вузкую спецыялізацыю, так бывае: сёння трэба пісаць пра жніво, заўтра – пра канцэрт сімфанічнай музыкі, паслязаўтра – пра бокс. Час і абставіны выбралі мяне – і адправілі асвятляць хатні матч паміж ФК “Астравец” і пінскай “Валной”.
Таксама прабачаюся перад рускамоўнай часткай нашай чытальніцкай аўдыторыі. Так, я збіралася, як і мае папярэднікі, пісаць гэты рэпартаж на рускай мове. Але калі пачула, як прэс-сакратар клуба “Астравец” Янка Міцкевіч каменціруе гульню па-беларуску, стала сорамна за свой намер і я вырашыла: калі ён можа, то мне сам бог загадаў.
А яшчэ прабачаюся перад балельшчыкамі, калі мае дылетанцкія погляды і думкі не супадуць з іх прафесійнымі. Дазваляю ў каментарыях паслаць мяне “на мыла” ці куды далей (больш канструктыўна будзе расказаць, у чым я памыяляюся).
Такім чынам, 22 тур 36 чэмпіянату першай лігі краіны па футболе… ФК “Астравец” на сваім полі прымае пінскую “Валну”. Супрацьстаянне гэтых каманд заўсёды вострае. Гульня ў Пінску закончылася з лікам 2:2. На пачатак матча турнірнае становішча “сініх” (колер формы палешукоў) больш выгаднае: яны на 7-м месцы, “Астравец” – на 14-м.
Першы тайм. Гульня пачалася з чыровнай карткі і выдалення аднаго з нашых ігракоў. Але гэта, здаецца, толькі раззадорыла бела-зялёных: яны рвуцца да варот саперніка. Снія адказваюць тым жа. Мяч то на адным баку поля, то на другім. Некалькі вострых момантаў ля варот адной і другой каманд – і трыбуны выдыхаюць то з палёгкай, то з расчараваннем. Фанаты “Астраўца” падтрымліваюць куміраў апладысментамі, барабанным боем і гукамі вувузелы. Але мяч вувузелу не слухаецца і ў вароты не ідзе…
Мне падалося, што напрыканцы першага тайма нашы крыху прытаміліся і прыцішылі націск у чаканні перапынку. Пінчукі скарысталіся гэтым – і р’яна кінуліся атакаваць. Некалькі разоў каманду выручаў варатар.
Зрэшты, галкіпер сапернікаў, які да таго ж паспяваў кіраваць гульнёй сваёй каманды, таксама быў на вышыні. Неаднаразова ў яго адрас гучалі апладысменты астравецкіх балельшчыкаў: годная гульня сапернікаў заслугоўвае як мінімум павагі.
У перапынку па традыцыі разыгралі прызы ад спонсараў паміж уладальнікамі сертыфікатаў. З дзясятак балельшчыкаў пакінулі ў гэты дзень трыбуны ў асабліва прыўзнятым настроі.
Другі тайм пачалаўся роўна: сапернікі абменьваліся атакамі і контратакамі, але на табло па-ранейшаму свяціліся нулі. Здавалася, гульня закончыцца сухой нічыёй.
Але на 78-й хвіліне Радзівон Мядзведзеў, які ввйшапў на замену, “размачыў” лік. Трыбуны ўскінуліся ў радасным воклічы “Го-о-ол!” (Ніколі не думала, што ўмею так крычаць. І толькі потым усвядоміла, што ў агульным парыве забылася, што прыйшла сюды не “хварэць”, а працаваць).
Забіты мяч даў новы імпульс гульні. Палешукі кінуліся ў атаку, імкнучыся адыграцца і звесці лік хоць бы да нічыёй. Астраўчане не сталі адседжвацца ў абароне. Зялёна-белыя і сінія імкліва перамяшчаўся то да адных, то да другі варот. Пінскі варатар ахрып, аддаючы каманды сваім таварышам.
Урэшце ў гасцей здалі нервы: за некалькі хвілін да заканчэння гульні ў штрафной збілі таго ж Радзівона Мядзведзева – арбітр паказаў на 11-мятровую адзнаку. Ягор Міхееў моцным і дакладным ударам паставіў фінальную кропку ў гульні: 2:0. Прыгожая і ўпэўненая перамога астраўчан, у выніку якой наша каманда паднялася на 12-ты радок у турнірнай табліцы, а пінчане, адпаведна, спусціліся на 9-ты.
…А ведаеце, мне спадабалася. Не скажу, што стала футбольнай фанаткай, але калі зноў адправяць асвятляць футбольны матч, адмаўляцца не буду.
Сустрэнемся, калі што!