Юные островецкие футболисты одержали победу на XI открытом чемпионате лиги детского футбола

Пераможцамі вярнуліся астравецкія юныя футбалісты з ХІ адкрытага чэмпіянату лігі дзіцячага футболу сярод удзельнікаў 2002-03 гадоў нараджэння.

Спаборніцтва праходзіла ў мінскім футбольным манежы. За права стаць лепшымі на футбольным полі сабраліся змагацца восем каманд з усёй рэспублікі.
У першым матчы сапернікамі астраўчан стала мінская каманда “Стымул”. І нашы рабяты разграмілі іх усухую – 6:0. Не спалохаліся яны і яшчэ адной сталічнай каманды “Юніёр” – у іх астраўчане выйгралі з лікам 3:0. Такім чынам, нашы футбалісты датэрмінова выйшлі ў фінал, дзе сустрэліся з сапернікамі з горада Чашнікі Віцебскай вобласці – камандай “Скіна”.
Фінал атрымаўся дастойным. Спачатку астраўчане прайгравалі – 1:0. Пасля адыгралі адзін мяч. А ў другім тайме нашы рабяты забілі яшчэ два галы: 3:1 на карысць астравецкай каманды. Здавалася, вынік матча быў вырашаны. Ды сапернікі забіваюць яшчэ гол і да фінальнага свістка ўпарта атакуюць вароты астраўчан, якім у канцы матча прыйшлося вельмі няпроста. Але, нягледзячы на стомленасць і прэсінг сапернікаў, яны вытрымалі – і з лікам 3:2 сталі пераможцамі чэмпіянату лігі дзіцячага футболу. Рабяты былі ўзнагароджаны медалямі, дыпломам і кубкам пераможцаў.


– Канешне, для нас гэта вялікае дасягненне, – каменціруе перамогу астраўчан трэнер па футболе Казімір Бабіч. –Нарэшце мы паказалі сябе і даказалі, што Астравеччына чагосьці вартая і ў футболе. Рабяты – малайцы! Разам з намі радасць перамогі таксама падзяляюць трэнеры, чые выхаванцы гулялі ў камандзе, – Андрэй Страцэўскі і Аляксей Часнойць. Хочацца адзначыць гульню капітана Мікіты Гайдановіча, а таксама Германа Куцько і Яўгена Фалевіча. І вельмі шкада, што ў Астраўцы няма пакуль асобнага аддзялення па футболе ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, дзе рабяты маглі б і далей трэніравацца і развівацца.

Дарэчы, Казімір Бабіч на чэмпіянаце таксама быў узнагароджаны – ён атрымаў кубак “Дзякуй за падтрымку дзіцячага футбола”, які ўручыў старшыня лігі дзіцячага футбола Уладзімір Уладзіміравіч Самусевіч.


-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.