Юные островецкие боксеры вернулись с наградами
Вярнуліся на рынг пасля летніх канікулаў юныя астравецкія баксёры, выхаванцы трэнера Аляксея Зянонавіча Маргужа. І на першых жа спаборніцтвах даказалі, што знаходзяцца ў цудоўнай форме: з першынства вобласці па боксе сярод удзельнікаў 1997-98 і 1999-2000 гадоў нараджэння яны прыехалі з Гродна з камплектамі ўзнагарод, а таксама першым і другім агульнакаманднымі месцамі.
Нашы аматары скураных пальчатак прадэманстравалі на рынгу бліскучыя баі і добрае майстэрства бою. У выніку чэмпіёнамі ў сваіх вагавых катэгорыях сталі Алег Батура (46 кілаграмаў), Яўген Красоўскі (57 кілаграмаў), Аляксандр Філіповіч (66 кілаграмаў), Арцём Іваніцкі (80 кілаграмаў плюс) і Арцём Рагавенка (56 кілаграмаў) А вось у вагавой катэгорыі 60 кілаграмаў фінал аказаўся непрадказальным і цікавым: на рынгу сышліся двое таварышаў-астраўчан Мікіта Ромаш і Арцём Каспяровіч. Хлопцы парадавалі гледачоў цудоўным паказальным боем, у якім пераможцам стаў Мікіта, а Арцём заняў другое месца.
Добрыя баі прадэманстраваў і Арцём Боўша (вагавая катэгорыя 63 кілаграмы), які пачаў займацца боксам нядаўна, але тым не менш на першынстве заняў другое месца. Таксама сярэбранымі прызёрамі спаборніцтва сталі Вадзім Мароз (75 кілаграмаў) і Марк Маргуж (64 кілаграмы), якія баксіравалі на рынгу хворымі.
Поўны камплект узнагарод камандзе дапоўнілі Дзмітрый Юцкевіч (64 кілаграмы) і Іван Стэх (70 кілаграмаў) – хлопцы занялі трэцяе месца.
Такім чынам, астравецкія баксёры 1997-98 гадоў нараджэння занялі другое агульнакаманднае месца, а іх таварышы 1999-2000 гадоў нараджэння – першае.
Віншуем хлопцаў і іх трэнера!
------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота з сайта sportschools.ru.

