Второе и третье места заняли островчане на кубке Лиги детского футбола

кожаный мячАстравецкія ўдзельнікі на XIII-ым адкрытым кубку Лігі дзіцячага футбола сваёй гульнёй даказалі, што нават “нешчаслівая” лічба можа прынесці добры вынік. Галоўнае – верыць у свае сілы.

На спаборніцтве гулялі выхаванцы трэнера Казіміра Леанардавіча Бабіча 1999-2000 і 2001-2002 гадоў нараджэння.
Старэйшыя футбалісты ў першым матчы ўпэўнена выйгралі ў сапернікаў з Валожына з лікам 2:0. А вось гульня з мінскім “Метэорам” была напружанай і пераменлівай – перавага была на баку то адной, то другой каманды. У выніку асноўны час матча скончыўся нічыёй 2:2. Вызначыць лепшых павінна было пенальці. На жаль, майстэрствам забіваць адзінаццаціметровыя бліснулі мінчане. Астраўчане занялі другое месца.
Добра выступілі і астравецкія юныя футбалісты 2001-02 гадоў нараджэння. Спачатку яны сустрэліся са сталічнай камандай “Славянін” і выйгралі 2:0. Перамогай астраўчан з лікам 1:0 завяршыўся і матч з сапернікамі з Заслаўя. Затым нашы футбалісты сыгралі ўнічыю з яшчэ адной мінскай камандай. А вось апошні матч са зборнай Баранавіч з-за абмежаванага часу было вырашана замяніць серыяй пенальці. Тут нашым удзельнікам зноў “не фарціла” – яны прайгралі і занялі трэцяе месца.
– Я задаволены гульнёй хлопцаў, – каменціруе выступленні каманд Казімір Леанардавіч Бабіч. – Мы не занялі першае месца, але прадэманстравалі добрую гульню. Можна сказаць, што не пашанцавала толькі ў пенальці – затое мы ведаем, над чым трэба працаваць. І хачу падзякаваць старшыні райвыканкама Адаму Дзмітрыевічу Кавальку і яго першаму намесніку Руслану Мікалаевічу Сачко за прадстаўлены транспарт.

-------------------------
Падрыхтавала Марына БАРОК.