Ветераны труда здравоохранения совершили путешествие по Островетчине
Напярэдадні Дня пажылых людзей прафсаюзны камітэт Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы сумесна з турыстычна-экскурсійным прадпрыемствам “Гроднатурыст” падрыхтаваў для ветэранаў працы аховы здароўя, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, незвычайны падарунак – падарожжа па гістарычных мясцінах Астравецкага раёна.Спачатку ветэраны медыцыны адправіліся на новабудоўлі горада энергетыкаў і будаўнічую пляцоўку новай цэнтральнай раённай бальніцы. Далей маршрут пралягаў праз багатае сваёй гісторыяй мястэчка Варняны, дзе ўвазе ветэранаў прапаноўвалася знаёмства са старажытнай вежай і каскадам ставоў.
З цікавасцю агледзелі ветэраны працы пагранічны і мытны пост “Катлоўка”. Многія не пазналі колішнюю невялічкую вёсачку, якая знаходзіцца на старажытным шляху Полацк – Вільнюс. На ўспамін ветэранам прыйшлі тыя часы, калі па брукаванай дарозе яны пешшу хадзілі на кірмаш у літоўскую сталіцу і як не адчувалі стомы, калі хадзілі пакланіцца да абраза Маці Божай Вострабрамскай.
Далей маршрут падарожжа праходзіў праз вёску Трокенікі, дзе размясціліся прыватны музей прыроды і сядзіба сусветна вядомага мастака Мар’яна Богуша-Шышкі.
З цікавасцю слухалі ветэраны аповеды пра будаўніцтва касцёлаў у вёсках Міхалішкі і Гервяты. Гэтыя мясціны асабліва дарагія для многіх ветэранаў аховы здароў’я Астравеччыны. Прыгажосць прыкасцельнай тэрыторыі гервяцкай святыні, своеасаблівая энергетыка гэтых мясцін проста заклікалі ўвайсці ў храм. І нездарма: там ветэранаў чакаў яшчэ адзін падарунак – канцэрт арганнай музыкі. Гукі аргана, якія разліваліся па касцёле, абудзілі ў гасцей пачуццё радасці і задаволенасці.
Падарожжа па Астравеччыне стала яшчэ адной добрай магчымасцю паглядзець на родныя мясціны з іншага боку, а таксама падарыла сустрэчу са сваімі былымі калегамі па працы, з якімі не адзін дзясятак гадоў нашы ветэраны стаялі на варце аховы здароў’я жыхароў Астравецкага раёна.
----------------------------------------------------------------
Тадэвуш СУБАТКЕВІЧ, старшыня прафкама пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі УАЗ “Астравецкая ЦРБ”.
