Венскія заўважынкі

Чым вядомая Вена для чалавека, які не тое, што ў ёй не бываў, але паленаваўся нават “загугліць” яе назву ў інтэрнэтным пашуковіку?
Музыкальнасцю: Моцарт, Бетховен, Гайдн, Штраўс, дырыжор фон Караян...
Дунаем. Ракой, воды якой знітоўваюць паміж сабой добры дзясятак еўрапейскіх краін: “Дунай, Дунай! А ну узнай…”
Габсбургамі – адной з самых магутных еўрапейскіх імператарскіх дынастый.
Кавай. Якая – па-венску.
Што ўбачыў у Вене чалавек (я), які трапіў у яе ўсяго на восем гадзін? Калі ўвогуле, то няшмат. ...І некалькі эпох адразу.


Знаёмства з горадам пачалося, вядома ж, з плошчы Марыі-Тэрэзіі. Вось яна, аўстрыйская эрц-герцагіня, правіцельніца Свяшчэннай Рымскай імперыі ці, як яе называлі сучаснікі, маці Еўропы, увасобленая ў бронзу, позіркам уладаркі паглядае на нас, тых, хто ўнізе. Чаму “маці Еўропы”? Таму што нарадзіла шаснаццаць дзяцей, каб пазней выкарыстаць іх у міжнароднай палітычнай гульні. Яны – нібы проціпажарныя сродкі: узнікае ў Еўропе напружанасць, запахне парахавым дымком – Марыя-Тэрэзія спешна арганізоўвае шлюб кагосьці са сваіх нашчадкаў, і мір у Еўропе працягваецца, няхай сабе і хісткі. Двое яе сыноў сталі імператарамі, дачка Марыя-Антуанета – каралевай Францыі.
Дарэчы, пра Марыю-Антуанету, перадапошнюю, пятнаццатую дачку Марыі-Тэрэзіі: у 38-гадовым узросце яна закончыла жыццё на гільяціне.
…Раніцай перад смерцю палонная каралева надзела белую сукенку. У камеру прыйшоў кат і абстрыг ёй яе раскошныя валасы: гэта быў яго трафей. Каралеву пасадзілі на брудны воз і павезлі па вуліцах Парыжа. Натоўп абразліва ўлюлюкаў ёй услед. Калі Марыю-Антуанэту падвялі да плахі, яна неасцярожна наступіла на нагу палачу.
"Прабачце мяне, пане, я незнарок".
Гэта былі апошнія словы французскай каралевы.
Ці даляцелі яны да неба? Ці пачула іх яе ўладалюбівая маці, якой да таго часу ўжо даўно не было на свеце?..

Але на доўгі роздум часу няма – гід трымае нашу групу ў рухальным тонусе.
Вось касцёл святога Стэфана. Уражанне: зроблены з карунак. У ім браў шлюб Моцарт. І адпявалі яго таксама ў гэтым касцёле. Каб аднаго з самых геніяльных музыкантаў усіх часоў і народаў пахаваць потым у безыменнай агульнай магіле…

…Хофбург. Пакоі імператрыцы Елізаветы. Жанчыны, якую лічылі першай прыгажуняй Еўропы. Увогуле, імператрыцай была павінна стаць яе сястра Хэлена, якую многія гады рыхтавалі да гэтай місіі. Пятнаццацігадовую Сісі (так яе звалі ў сям’і) узялі ў вясельны абоз у якасці суправаджаючай. А далей пачалася казка: 23-гадовы імператар Франц Іосіф І убачыў юную прыгажуню і закахаўся. І аб’явіў: ажанюся з Сісі – ці не ажанюся зусім!
Ах, як шчасліва трапятала сэрцайка прыгажуні! Ах, якімі горкімі былі слёзы расчаравання яе сястры Хэлены!
Усведамленне, што яна трапіла ў залатую клетку, прыйшло вельмі хутка. Жыццё з імператарам не склалася. Ён яе кахаў, а яна, падобна, яго не выносіла. І старалася жыць у падарожжах – чым далей ад’язджала ад Вены, тым больш цёплымі былі яе лісты да мужа. Загінула Сісі трагічна: на беразе Жэнеўскага возера ўдарам завостранага напільніка ў сэрца яе забіў італьянскі анархіст. Яшчэ пры яе жыцці самазабойствам закончыў сваё жыццё яе адзіны сын Рудольф. З-за адсутнасці прамых наследнікаў Франц Іосіф І сваім пераемнікам прызначыў старэйшага пляменніка Фердынанда. Адпраўной кропкай Першай сусветнай вайны стала забойства новага эрцгерцага і яго жонкі ў Сараеве.
І яшчэ… Хэлена таксама выйшла замуж. Не за імператара, канешне. І была ў шлюбе шчаслівай. Настолькі, што неаднойчы дзякавала малодшую сястру за тое, што тая адвяла ад яе “залатую чашу”…
Уся мудрасць казак у тым, што яны заканчваюцца своечасова – вяселлем. Калі б у “Папялушкі” быў працяг – казка перарасла б у драму…
…У 1918 годзе ў Аўстрыі адбылася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя, у выніку якой тагачасны імператар Карл І быў вымушаны падпісаць дакумент аб адрачэнні ад трона. У якасці месца выгнання рэвалюцыянеры прапанавалі Габсбургам востраў Мадэйра, дзе Карл I неўзабаве памёр. Яго старэйшы сын Ота фон Габсбург, які доўгія дзесяцігоддзі лічыўся наследнікам імператарскага дома, памёр у 2011 годзе, крыху не дажыўшы да свайго стагоддзя. Перш чым у 1988 годзе дазволіць яму ўпершыню наведаць Аўстрыю (і Венскі палац), тагачасны ўрад прымусіў Ота падпісаць паўторнае, ужо ад свайго імя, адрачэнне ад трона. Сёння наследнікам дома Габсбургаў з’яўляецца яго сын Карл, які жыве ў Венгрыі і працуе старшынёй Венгерскага Чырвонага Крыжа…

Экскурсія закончылася. Кожнаму з групы далі карту горада і прызначылі час ад’езду. Мае спадарожнікі дружна рушым у кавярню – каштаваць славутую каву па-венску. Можна было б, канешне – але ў музеі гісторыі мастацтва (я ўжо высветліла) ёсць карціны Караваджа… Ну пра якую каву можа ісці размова?!
Так, куды кіравацца? Хвіліну-другую спрабую разабрацца ў хітраспляценнях карты – дарэмныя высілкі! Кладу брашурку на бетонны выступ агароджы і іду наўздагад – у незнаёмым горадзе не заблукаеш!
Аўстрыйцы – гасцінныя людзі: у адказ на мае кодавыя словы “пляц Марыі-Тэрэзіі” яны узмахам рукі малююць траекторыю шляху. Вось так “ад-венца-да-венца” пад дажджом, які прыпускае ўсё мацней, дабягаю да меднай імператрыцы. Стоп! Тут, здаецца, направа… Ага, чарга да касы. Станаўлюся. 14 еўра. Квіток заціскаю ў вуснах, на хаду здымаючы куртку, заходжу ў галерэю…
Першымі мяне сустракаюць Габсбургі. О, гэтая “фірменная” цяжкая сківіца, прыкметна высунутая наперад! Надменна-велічны позірк. Сказаць па праўдзе, яны мяне не асабліва цікавяць, але з павагі да самай магутнай у Еўропе (хоць і былой) імператарскай дынастыі прыпыняюся. Зрэшты, ненадоўга…
А далей пачынаецца ўласна баль. Неверагодны калейдаскоп майстроў і іх работ.
Божа мой! Мне б хоць крыху адукацыі. Каб не ўспрымаць усё гэта сэрцам. Каб разглядаць з халоднай адстароненасцю знаўцы: тут вось мастак напартачыў з ценем, а тут не хапіла школы… Мне б хоць азы мастацкай адукацыі, каб я ведала, што Венскі музей па багацці калекцыі лічыцца чацвёртым у свеце.
Для мяне ён стаў першым. Уразіў мацней, чым Эрмітаж. Глыбей, чым Луўр. Не кажу ўжо пра Дрэздэн.
Немагчымае суквецце? Кранах, Ван Дэйк, Тынтарэта, Фецці, Тыцыян, Рэмбрандт, Веранезе… І ў кожнага не па адной карціне – цэлыя залы. Вось Веласкес і яго інфанта: пяць работ, на якіх дзяўчынка паступова расце. Аднекуль выплывае: Веласкес быў прыдворным мастаком іспанскага караля; кароль (а значыць, аўтаматычна – і яго світа!) ставіліся да яго паблажліва; вакол інфанты шмат паслужлівай чэлядзі, але ў Іх вялікасці бацькоў няшмат часу застаецца для дачушкі; у нейкай ступені Веласкес, якому дзяўчынка пастаянна пазіруе, замяняе ёй бацьку; мастак любіць інфанту, як роднае дзіця… Здаецца, яна памерла, так і не стаўшы дарослай. Ці я нешта блытаю?..
А гэта Рубенс. Некалькі залаў Рубенса, больш за 30 яго работ. Самая знакамітая для мяне – “Партрэт Алены Фоурмент” (той самы, у футры на голае цела). У Дрэздэнскай галерэі таксама шмат Рубенса, але ў Вене ён іншы – куды больш далікатны і тонкі. Тут не ўбачыш вакханаліі сцёгнаў – на першы план выходзіць драматызм, як у “Аплакванні Хрыста” і “Цудзе св. Францыска”. Або лёгкі гумар, як у “Свяце Венеры”, дзе сярод сонму персанажаў зусім няцяжка пазнаць Алену Фоурмент, жонку мастака, якую спрабуе спакусіць хіба што фаўн, а яна весела адбіваецца ад рагатага спакусніка…
Караваджа… Ды ведаю я, ведаю: ён быў беспрынцыповым. Забіў не аднаго чалавека. Не абавязкова на дуэлі. Зафіксаваны выпадак, калі Мікеланджэла Караваджа нанёс смяротны ўдар чалавеку ззаду – са спіны. Ён запраста мог украсці грошы…
Ну і што?! Караваджа памёр у 1610 годзе. І суддзя яго дзеянням – Бог. А вось суддзі яго работам – мы. Хоць, калі па праўдзе, і не суддзі зусім – прыхільнікі і цаніцелі. Тое, што Караваджа робіць са святлом, неверагодна. І кожная постаць яго работ дыхае, думае, кахае або ненавідзіць… У музеі пяць работ Мікеланджэла Караваджа, і кожная з іх не адпускае. Пакідаю залу, каб праз нейкі час вярнуцца. І яшчэ раз. І яшчэ. Раблю здымкі (тут гэта не забараняецца). На карціне чатыры добра выпісаныя (хіба ў Караваджа можа быць інакш?) твары, але мой фотаапарат пазнае, як жывога, бярэ ў рамку толькі адзін твар – Хрыста. Вось хто растлумачыць, чаму?..
З залы ў залу… І ніводнай слабай работы. Ніводнай!
Габсбургі! Вашы Вялікасці! Калі ласка, прыміце маё захапленне бездакорнасцю вашага густу…
“Сусанна і старцы” Тынтарэта. Цела Сусанны выпісана так, што праменіць святлом, з якога ракурсу ні глядзі на карціну. Нібы недзе ўнутры пышнай спакуслівай фігуры прыхавана падсветка…
Ад шматлікіх партрэтных работ галава ідзе кругам – твары людзей, якія жылі ў сямнаццатым стагоддзі, настолькі сучасныя і такія жывыя, што становіцца не па сабе…
Нарэшце апошняя зала. Стоп! Вось тут, у бакавой я яшчэ не была. Ух ты! Джузэпе Арчыбальда (1527-1593). А сюррэалізм такога ўзроўню, што сучасныя майстры нервова кураць у кутку…
Нарэшце выходжу. Стомленая да галавакружэння. Ёсць яшчэ кунсткамера. І скульптурны аддзел. Не, не маю сілы. Зазірну яшчэ хіба што на выстаўку работ Фабержэ.
Фатаграфаваць забаронена – жэстам папярэджвае мяне наглядальнік. Я і не збіраюся. Усе гэтыя сапфіры, дыяменты, ізумруды асляпляюць сваімі бляскам і прыгажосцю – але сэрца маё засталося ў карціннай галерэі…
А куды вядзе пераход з гэтай залы? Госпадзі! Ды свяціцца імя тваё! Я магла яе прапусціь… Зала Брэйгеляў: Яна і абодвух Пітэраў. Аказваецца, знакамітыя “Зімовае паляванне” і “Зімовы пейзаж” захоўваюцца ў Вене. І “Вавілонская вежа”. І…
І зноў бура эмоцый. І немагчымая па сваёй датклівасці гульня энергій, калі я забіраю яе ў карціны, каб назад вярнуць ніколькі не менш.
Выходжу з галерэі за 10 хвілін да адпраўлення аўтобуса. Балазе, стаянка побач. Іду амаль на аўтапілоце, не ў стане ідэнтыфікаваць, дзе рэчаіснасць, а дзе працяг убачанага. Моцна кружыцца галава. Эмоцыі распіраюць настолькі, што я баюся сарвацца на істэрыку…
Потым яшчэ будзе Прага. Не горад – сімфонія ў камені. Падарожжа па Влтаве на цеплаходзіку, на якім не так даўно прагульвалася місіс Клінтан. І феерычныя “Спяваючыя фантаны”. І сапраўднае “жывое” піва на піўзаводзе. І вар’яцкі пах квітнеючых азалій і рададэндранаў ў Карлавых Варах. І мінеральныя воды… І шмат чаго іншага. Усё бязмерна цікавае і прыгожае – але нейкае, не ведаю – другаснае ці што? Прынамсі, тарнада эмоцый, перажытых у Венскім музеі, выклікаць яны не змаглі…


------------------------
Ганна Чакур
.