Валерия Волеватая помогла команде Гродненской области занять пятое место на республиканских соревнованиях по лёгкой атлетике

Королевский финалРаённая газета ўжо паведамляла пра поспехі на лёгкаатлетычным алімпе нашай маленькай зорачкі з Мальскага дзіцячага сада-пачатковай школы Валерыі Валяватай: дзяўчынка прайшла ў фінал чацвёртага этапу рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы”, які адбыўся ў канцы мінулага года.

Фінальнае спаборніцтва прайшло сапраўды па-каралеўску. Прывітаць будучых чэмпіёнаў прыехаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў юных спартсменаў з выхадам у фінал, пажадаў лёгкіх стартаў, а таксама моцнага здароўя і заўсёды сябраваць са спортам.
Маштабнае і цікавае свята наведалі намеснік прэм’ер-міністра Н.І. Качанава, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму М.У. Рыжанкоў, міністр адукацыі М.А. Жураўкоў, міністр спорту і турызму А.І. Шамко, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларуская федэрацыя па лёгкай атлетыцы” В.А. Дзевятоўскі, першы віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый С.Н. Бубка. Прывіталі падрастаючую змену і куміры юных лёгкаатлетаў – прызёр Алімпійскіх гульняў у шматбор’і Андрэй Краўчанка і чэмпіёнка Еўропы і свету ў бегу на 800 метраў Марына Арзамасава.
Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця надышла чарга спаборніцтваў. Удзельнікі змагаліся за права звацца лепшымі ў 4 відах спорту: кіданні мяча, скрыжаваных скачках, бегу на 30 метраў з бар’ерамі, эстафетным бегу 8х50 метраў.
Наша Валерыя Валяватая дастойна выступіла ва ўсіх спаборніцтвах, а каманда Гродзенскай вобласці ў выніку заняла пятае месца. Кожны ўдзельнік атрымаў медаль, салодкія навагоднія падарункі і сувеніры, спартыўны камплект адзення, рукзак і ролікавыя канькі. А самае галоўнае – хлопчыкі і дзяўчынкі вярнуліся дадому з яркімі, незабыўнымі ўражаннямі і верай, што запаветныя мары могуць збывацца.

--------------------------------------------------------------------------------------
Людміла Кажаноўская, настаўнік фізкультуры і здароўя.