В Сморгони прошли областные зональные соревнования по летней спартакиаде среди сельских жителей

На мінулым тыдні ў Смаргоні прайшлі абласныя занальныя спаборніцтвы па летняй спартакіядзе сярод сельскіх жыхароў. Астравецкая зборная паказала неблагія вынікі ў спаборніцтвах з камандамі Ашмян, Іўя і гаспадароў турніру – смаргонцаў. Хаця, як адзначаюць самі ігракі, вынікі маглі б быць і лепшымі...


З самага пачатку спаборніцтваў здавалася, што на астравецкіх спартсменаў нехта наслаў праклён. Амаль ва ўсіх намінацыях астраўчане былі “на галаву вышэй” за сваіх праціўнікаў, але то прыкрыя памылкі, то прадузятае суддзейства, то няміласць спадарыні Фартуны не дазвалялі гэтую перавагу перавесці ў канкрэтныя вынікі.

Стрытбольная каманда нашага раёна ўдзельнічала ў спаборніцтвах не ў поўным складзе. Але і тут Анатоль Кавалеўскі, Раман Алёкса, Андрэй Трышын і Кірыл Масевіч аказалі сваім сапернікам дастойнае супраціўленне. І толькі дзякуючы ў асноўным росту і вопытнасці каманда Смаргоні змагла перамагчы нашых стрытбалістаў з лікам 15:7. А вось у каманды з Іўя супраць нашых хлопцаў не было ніякіх шансаў. У выніку астраўчане – другія.

У міні-футбалістаў сітуацыя атрымалася не лепшай. Напэўна, таксама адбілася адсутнасць некаторых ігракоў. На поле выйшлі Вадзім Лебядзевіч, Вадзім Вянгроўскі, Аляксандр Арлоўскі, Вадзім Адамковіч, Ігар Паўловіч, Аляксандр Камінскі і Яўген Казлоўскі. Калі ў каманды з Ашмян нашы футбалісты выйгралі, то дзве другія гульні былі не на нашу карысць. У супрацьстаянні са смаргонцамі астравецкія спартсмены не змаглі перамагчы каманду гаспадароў поля, а ў жорсткай і агрэсіўнай гульні з іўеўцамі пасля траўмы Вадзіма Лебядзевіча, можна сказаць, “злілі” гульню: праціўнікі рабілі на полі, што хацелі. І нават выдатная ігра галкіпера Яўгенія Казлоўскага, які некалькі разоў літаральна выцягваў мяч з сеткі, не змагла ўратаваць каманду ад пройгрышу.

Трэба адразу адзначыць, што супраць нашых валейбалістаў спрацаваў “ашмянскі сіндром”. У мужчын гэта выразілася ў тым, што, нават калі яны пачыналі лідзіраваць, то праціўнік ледзь не зубамі “выдзіраў” перамогу з мінімальнай розніцай. А ў жаночым валейболе, напэўна, немалую ролю адыграла “згулянасць” ашмянак: літаральна з першых падач яны вырываліся наперад, і ніякія намаганні нашых дзяўчат не схілілі чашу шаляў на свой бо. У гульнях нашых валейбалістаў супраць Іўя і Смаргоні астраўчане не пакідалі шансаў камандам праціўнікаў.

У склад мужчынскай каманды па валейболу сёлета ўваходзілі Валерый Перка, Руслан Юргелянец, Аляксандр Коўзан, Яўген Сінкевіч, Уладзімір Янковіч, Дзмітрый Дыба і Аляксандр Снегіроў. Жаночая каманда выступала ў складзе Алены Лузінавай, Вікторыі Богдан, Ірыны Багушэвіч, Ірыны Апалінскай, Ірэны Отчык, Ганны Міжыгурскай, Ганны Восаравай і Наталлі Мацюшонак.

Такім чынам, агульны вынік астраўчан у спартакіядзе сярод сельскіх жыхароў – тры кубкі за другое месца і адзін за трэцяе. Канешне, хацелася і магло б быць куды лепш, але, калі меркаваць аб’ектыўна, то зусім нядрэнна.


Меркаванні

Анатоль Кавалеўскі, стрытбол:

– Лічу, што наша каманда ў тым складзе, які ёсць на сённяшні дзень, выступіла даволі няблага. Па-першае, у нас з’явіліся маладыя ігракі, а па-другое, па розных прычынах сёння адсутнічалі некаторыя вопытныя стрытбалісты, што не магло не адбіцца на выніках. Тым не менш, мне здаецца, мы паказалі добрую ігру, і вынік – другое месца – дастаткова паказальны. Хаця за апошнія некалькі гадоў мы ўпершыню прайгралі камандзе Смаргоні і не выйшлі ў фінальную частку турніра.


Ірэна Апалінская, валейбол:

– Наша каманда не змагла сёлета сабрацца загадзя, каб патрэніравацца. Таму адна да другой мы падстройваліся ўжо па ходу гульні. У пачатку, падчас гульні з ашмянкамі, адчувалася наша незгулянасць, і нам проста не хапіла часу, каб вырваць перамогу. Затое ў наступных іграх, калі мы ўжо “разагрэліся”, адчулі свае магчымасці, то далі сапернікам “жару”. І ў выніку ў нас другое месц. Так што, лічу, мы выступілі на добрым узроўні. Хаця летась нашы вынікі былі лепшымі.


--------------------------------

Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара.