В Рымдюнах состоялся традиционный межрайонный турнир по волейболу
Я люблю спорт за тое, што тут да апошняга невядома, ці ўсміхнецца спартыўная фартуна вызначаным яшчэ да пачатку спаборніцтваў фаварытам – або медалі і кубак дамоў павязуць навічкі...“Гульня на грані фола” – такім футбольным “крылатым” выслоўем можна ахарактарызаваць міжраённы турнір па валейболе на кубак выкліку “Паўночны вектар”, арганізатарам якога традыцыйна выступае ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання Астравецкага райвыканкама. Не агрэсіўную гульню, якая звычайна не характэрна для валейбола, а за напружанасць, непрадказальнасць, напал, барацьбу за кожнае ачко і за прыгожыя, запамінальныя партыі.
Удзельнікі
Віноўнікамі спартыўнай інтрыгі мінулага тыдня сталі шэсць каманд са Слуцкага, Ашмянскага, Астравецкага, Воранаўскага, Мядзельскага раёнаў і сталічная каманда “Ома”, якія ў спартыўнай зале Рымдзюнскай школы з 10 раніцы да 7 гадзін вечара правялі 9 гульняў – 21 партыю.
Правілы
Каманды былі падзелены на дзве падгрупы: у першую трапілі ашмянскія, воранаўскія і мядзельскія валейбалісты, у другую – спартсмены з Мінска, Слуцка і Астраўца. У сваіх падгрупах каманды гулялі па кругавой сістэме, у паўфінал выходзілі па дзве каманды з кожнай групы, якія і змагаліся за 1-4 месцы. Нягледзячы на тое што рэгламентам класічнага валейбола прадугледжаны пяць партый з гульнёй да 25 ачкоў (у апошняй – да 15), кожная “турнірная” гульня складалася з трох партый: у першай і другой каманды ігралі да 25 ачкоў, а рашаючую, трэцюю, заканчвалі на 15 ачку ці з лікам, перавышаючым 2 ачкі на карысць адной з каманд. Час партый не абмежаваны.
Напэўна, апісваць кожную гульню, калі каманды ў сваіх падгрупах гулялі па кругавой сістэме, не варта. Магу толькі сказаць: было на што паглядзець і за каго пахварэць.
Захапленне...
Паміж зборнымі Воранава і Мядзеля разгарнулася па-сапраўднаму запамінальная і прыгожая гульня. Напружаная барацьба была напрацягу ўсіх трох партый: каманды ішлі літаральна ачко ў ачко. Мяч пасля падачы пераадольваў сетку і, нягледзячы на цудоўныя прыёмы, атакі і блокі ігракоў з абедзвюх каманд, працяглы час не датыкаўся падлогі. Нават балельшчыкі іншых каманд не засталіся раўнадушнымі і падтрымлівалі то адну, то другую каманду. Трэцяя, рашаючая, партыя цягнулася не да 15, а да 17 ачкоў – і воранаўцы ўсё ж абыгралі сваіх сапернікаў з Мядзеля.
Лідары
Нельга не ўзгадаць мінулагодніх пераможцаў турніру – сталічную каманду “Ома”. Калі хлопцы выйшлі на пляцоўку, то нават мне, не вельмі дасведчанай ў валейболе, хапіла аднаго позірку, каб зразумець, што і сёлета яны будуць прэтэндаваць на перамогу. Валейбалісты ў сваёй падгрупе ў гульнях з камандамі-сапернікамі са Слуцка і Астраўца правялі толькі па дзве партыі – і без цяжкасцяў прайшлі ў паўфінал.
Некаторыя каманды падтрымлівалі нешматлікія балельшчыкі, іншым давалі парады трэнеры. А вось за слуцкую каманду на пляцоўцы “хварэў” сам старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі. Які, дарэчы, стаяў ля вытокаў гэтага турніру і ў мінулыя гады таксама прымаў удзел у спаборніцтвах. А сёлета Андрэй Уладзіслававіч у Рымдзюнах быў у якасці балельшчыка...
На жаль, расчаравала астравецкая зборная. Калі ашмянцы (забягаючы наперад, адзначу: яны размясціліся на апошнім турнірным радку) паказвалі нядрэнную гульню і змагаліся, як маглі, то астраўчане, здавалася, выйшлі на пляцоўку "проста так". Нават падчас тайм-аўтаў, калі сапернікі абмяркоўвалі свае дзеянні на пляцоўцы, нашы валейбалісты выглядалі разнявольнымі. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але мне, як балельшчыку, было прыкра і сорамна за нашых спартсменаў.
Такім чынам, пасля шасці гульняў вызначыліся прэтэндэнты на залатыя, сярэбраныя, бронзавыя і крыўдныя “драўляныя” медалі – зборныя каманды Воранаўскага, Слуцкага Мядзельскага раёнаў і сталічная “Ома”.
Менавіта ў заключнай частцы разгарнулася сапраўдная барацьба за званне пераможцы Міжраённага чэмпіянату па валейболе.
Спачатку на пляцоўку выйшлі зборныя каманды Воранаўскага і Мядзельскага раёнаў, якія ў паўфінале прайгралі сваім слуцкім і мінскім сапернікам. Нягледзячы на тое што воранаўцы і мядзельцы ўжо “высвятлялі адносіны” падчас гульні па кругавой сістэме, дзе перамога засталася за першымі, мацнейшай у фінале аказалася каманда з Мядзеля. Да трэцяга месца ігракам хапіла двух упэўнена выйграных партый.
Каб расставіць усе кропкі над “і” ў сёлетнім валейбольным турніры, на пляцоўку выйшлі сталічная каманда “Ома” і зборная каманда Слуцка. Нагадаю, што сустрэча мінчан і случчан на групавым этапе закончылася з лікам 2:0 на карысць сталічных валейбалістаў. Але прадбачыць, хто павязе з сабой дамоў кубак і залатыя медалі, не мог ніхто.
Прыняцце мяча, перадача “звязваючаму” іграку, а затым “атакуючаму” і “скідка” – падманны ўдар прыносіць жаданае ачко... Пасля дзвюх партый табло паказвала лік 1:1 – першую гульню выйгралі случчане (25:23), а ў другой перамагла каманда “Ома” (25:21). У трэцяй партыі “кіпелі” такія жарсці, што, здавалася, адзін недарэчны рух або гук – і паветра ў зале ўзарвецца. Калі пачалі лідзіраваць случчане, у мінскай каманды, а калі быць больш дакладным – у аднаго з яе ігракоў узніклі прэтэнзіі да судзейства, якія ігрок прад’явіў арбітру ў нецэнзурнай форме. Балельшчыкі патрабавалі дыскваліфікаваць іграка, які дэманстраваў неспартыўныя паводзіны, а лепш – усю каманду. Але ў выніку змяніўся суддзя. Аднак случчан было ўжо не дагнаць: камандны дух, сабранасць, воля да перамогі і, напэўна, падтрымка старшыні райвыканкама прывялі іх да перамогі.
Кубак, медалі і грашовыя прызы знайшлі сваіх фіналістаў і пераможцаў, якія сёлета паказалі безумоўна цудоўную і запамінальную гульню.
Турнірная табліца
1 месца – зборная каманда Слуцкага раёна
2 месца – каманда “Ома” г.Мінск
3 месца – зборная каманда Мядзельскага раёна
4 месца – зборная каманда Воранаўскага раёна
5 месца – зборная каманда Астравецкага раёна
6 месца – зборная каманда Ашмянскага раёна
Лепшы звязваючы ігрок – Мікалай Шкляр (г.Мінск)
Лепшы ўніверсальны ігрок – Дзяніс Нікалаевіч (г.Слуцк).
Гледача
Былы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Астравецкага райвыканкама, зараз – старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі:
– Упершыню на спаборніцтвах па валейболе я прысутнічаю ў якасці госця, а не арганізатара. Удвая прыемна, што справа, ля вытокаў якой калісьці стаяў, мае працяг і ўжо набыла традыцыйны характар. Вядома, я "хварэў" за зборную Слуцка. Вельмі прыемна, што хлопцы не падвялі мае спадзяванні і паказалі неверагодную гульню. Таксама падтрымліваў і астравецкую каманду, але, на жаль, гульні яна не паказала.
Удзельніка
Капітан зборнай каманды Астравецкага раёна па валейболе Валерый Перка:
– Гульні ў нас не атрымалася – аб гэтым ведаю я, як капітан каманды, і кожны ігрок. Складана сказаць, што не атрымалася: звычайна збоку заўсёды лепш бачна, чым знутры. Напэўна, гэта быў не наш дзень… За тры дні да міжраённага турніру па валейболе мы гулялі з пастаўскай камандай тым жа саставам і на той жа пляцоўцы – і перамаглі.
У адрозненне ад астатніх каманд, дзе ігракі такім саставам гуляюць дастаткова даўно, нас падвяла нязгулянасць. Пагэтаму ёсць добрая нагода для таго, каб сустракацца часцей і ў наступным годзе ўзяць рэванш.
Суддзі
Ігар Дзмітрыевіч Гануліч:
– Мне здаецца, што можна было па-іншаму размеркаваць каманды ў падгрупы: зрабіць адну “гродзенскую”, куды ўвайшлі б астравецкая, ашмянская і воранаўская зборныя, і "мінскую" з камандамі “Ома”, Мядзеля і Слуцка. Ігракі апошніх трох каманд былі вышэй на галаву па ўзроўні гульні і валейбольнага майстэрства. А вось у паўфінале і фінале няхай бы сустрэліся мацнейшыя з дзвюх груп.
Арганізатара
Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Астравецкага райвыканкама Валянцін Часлававіч Далговіч:
– Гэтыя спаборніцтвы былі самымі цікавымі, прыгожымі і напружанымі за ўсю трохгадовую гісторыю існавання Міжраённага турніра па валейболе на кубак выкліку “Паўночны вектар”.
Асобнае дзякуй за дапамогу ў падрыхтоўцы да спаборніцтваў хочацца выказаць старшыні райвыканкама Адаму Дзмітрыевічу Кавальку, дырэктарам Рымдзюнскіх школ з беларускай і літоўскай мовамі навучання Святлане Віктараўне Лукшэне і Віктару Віктаравічу Спірыдону, настаўніцы фізічнай культуры Іне Вінцкусь і кіраўніцтву СВК “Гервяты” і “Варняны”.
Дарэчы, Валянцін Часлававіч атрымаў Дыплом ад Астравецкага райвыканкама за асабісты ўклад у развіццё спаборніцтваў.
---------------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ, фота аўтара.





