В районном чемпионате по футболу по-прежнему лидирует команда "ККБ"

Працягвае набіраць абароты раённы чэмпіянат па міні-футболе. Другі тыдзень спаборніцтва таксама прайшоў не менш насычана і разнастайна, чым пачатак чэмпіянату. У чацвер закончыўся першы круг чэмпіянату, а ўжо ў пятніцу распачаўся другі.

На мінулым тыдні, дарэчы, як і на гэтым, сапраўднае выпрабаванне для футбалістаў падрыхтавала надвор’е – рыска тэрмометра не апускалася ніжэй за 30 градусаў вышэй нуля. Не выратоўвала і тое, што гульні пачыналіся ў 18 гадзін, – сонца не змяншала сваіх гарачых абдымкаў і добра падсмажвала футбалістаў з усіх бакоў. Дадайце сюды тыя абставіны, што футбалісты збіраліся на гульню пасля працоўнага дня – і, думаю, вы пагодзіцеся, што ўдзельнікі чэмпіянату заслугоўваюць па меншай меры павагі і захаплення за вытрымку, а таксама за любоў да футбола.
Тым не менш, нягледзячы на ўсе перашкоды і прыродныя катаклізмы, матчы, як і належыць, праходзілі кожны дзень. Інтрыга на футбольным полі правіла свой баль: удалыя пасы і промахі, крыўдная штанга і прыгожыя галы, радасныя эмоцыі і горыч расчаравання… Гульня, як вядома, – дама капрызная. Канешне, майстэрства і прафесіяналізм адыгрываюць значную ролю, аднак не апошняе месца займае шанцаванне: адзін выбрык фартуны – і з першых радкоў можна скаціцца ўніз турнірнай табліцы.
Пакуль што ў раённым чэмпіянаце каманда “ККБ” Міхалішкаўскага сельсавета ўпэўнена займае лідзіруючую пазіцыю. Праўда, на пяты ёй пачынае наступаць астравецкая каманда “Меліяратар”. На трэцяе месца вырвалася “Юнацтва”. Словам, жарсці растуць, як і тэмпература паветра. Думаецца, фаварыты яшчэ пазмагаюцца за права звацца лепшымі ў раёне – а значыць, усіх аматараў футбола чакаюць цікавыя гульні.