В Островецком районе прошёл чемпионат по мини-футболу

На працягу двух тыдняў яны сустракаліся, каб паспаборнічаць і высветліць, хто з іх лепшы на футбольным полі. І з кожнай гульнёй інтрыга закручвалася ўсё больш, а вынік быў непрадказальным. Цікава, насычана і відовішчна прайшоў чэмпіянат Астравецкага раёна па міні-футболе.


Аматараў пагуляць у міні-футбол прымала пляцоўка ля сярэдняй школы №1. Кожны дзень, акрамя выхадных і пятніцы, тут кіпелі сапраўдныя жарсці. Пазмагацца за права стаць чэмпіёнамі Астравеччыны па футболе вырашылі восем каманд: РУП ЖКГ, раённы аддзел унутраных спраў, “БелАЭС”, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, “НІАЭП”, прадпрыемства меліярацыйных сістэм і “БелАЭС-2”.

Спаборніцтвы праходзілі не проста цікава, а заварожвалі сваёй інтрыгай: кожны матч прыносіў сюрпрызы. Гульня праходзіла па кругавой сістэме – па чарзе ўсе каманды гулялі паміж сабой. Пасля некалькіх матчаў з’явіліся лідары чэмпіянату: “нага ў нагу” ў турнірнай табліцы “ішлі” дзве каманды – ПМС і лясгаса. Аднак хто з іх будзе святкаваць перамогу, заставалася таямніцай да апошняга дня.

Усё вырашылася ў фінальны дзень спаборніцтва. Балельшчыкі атрымалі максімум задавальнення ад напалу гульні і ўпартай прагі перамогі сваёй каманды. Каманда меліяратараў, якая лідзіравала, неспадзявана прайграла сапернікам з ЖКГ з лікам 4:5 – і гэтым значна пахіснула сваё становішча ў турнірнай табліцы. Лясгасаўцы ж наадварот упэўнена выйгралі ў моцнай каманды выратавальнікаў 2:0 і такім чынам вырвалі перамогу ў каманды ПМС. Дарэчы, футбалісты ДЛГУ “Астравецкі лясгас” упершыню сталі чэмпіёнамі Астравецкага раёна па міні-футболе.

Не менш цікавым стала спаборніцтва за “сярэбранае” месца, за якое змагаліся каманды ПМС і “БелАЭС”. Больш выгаднае становішча было ў меліяратараў – па суме ачкоў ім дастаткова было згуляць унічыю. “БелАЭС” жа патрэбна была толькі перамога. І матч пачаўся для іх паспяхова – спачатку яны выйгравалі з лікам 2:0. Аднак футбалісты ПМС усё ж такі здолелі “ўзяць сябе ў рукі” і зраўняць лік, а затым і вырвацца наперад – 3:2. Да канца матча “БелАЭС” здолеў адыграць толькі адзін мяч – сустрэча скончылася ўнічыю 3:3. Такім чынам, каманда ПМС заняла другое месца, а футбалісты “БелАЭС” сталі трэцімі.


Каментарый


– Нягледзячы на тое што чэмпіянат атрымаўся кароткім – працягваўся толькі два тыдні – спаборніцтвы прайшлі паспяхова, – адзначыў пасля завяршэння чэмпіянату арганізатар і галоўны суддзя Вадзім Лебядзевіч. – Удзельнікі засталіся задаволенымі, дзякавалі за гульню і выказвалі спадзяванне, што падобныя спаборніцтвы будуць праводзіцца і далей, бо ўсе атрымалі ад гульні толькі станоўчыя эмоцыі.


------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.