В Островце провели последний в сезоне турнир по пляжному футболу
Астравецкія аматары спорту вырашылі арыгінальна развітацца з летам – яны правялі апошні ў сезоне турнір па пляжным футболе. Басанож на пясчаны “газон” выйшлі пагуляць зборная Астраўца “Меліяратар”, суседзі з Ашмян “ЕўраАлвіта”, каманда “РасСЭМ” і госці са Шчучына – каманда “ЛесКам”.Гульні праходзілі па кругавой сістэме – такім чынам, на футбольнай дуэлі сустрэліся паміж сабой усе каманды, а лепшыя вызначаліся па агульнай колькасці набраных ачкоў.
Першымі на поле выйшлі каманды са Шчучына і Ашмян. Праходзіць некалькі хвілін першага перыяду – і становіцца зразумела, што будзе “горача”. Спачатку ашмянцы адзін за адным забіваюць два галы і вядуць 2:0. Аднак шчучынцы хутка даюць зразумець, што гульня не скончана: раз за разам яны атакуюць вароты сапернікаў і “размочваюць” лік, а затым забіваюць яшчэ адзін гол. Гульня набывала вастрыню і інтрыгу – і з кожнай хвілінай станавілася цікавейшай. У выніку з лікам 4:3 выйграюць футбалісты са Шчучына.
Наступная пара сапернікаў “Меліяратар” – “РасСЭМ”. Зноў упартая барацьба. Мячы па чарзе аказваюцца ў варотах адной і другой каманды, і лік на табло становіцца 4:4. І толькі літаральна на апошніх секундах астраўчане забіваюць два галы і вырываюць перамогу.А вось паядынак паміж “РасСЭМам” і “ЛесКамам” у асноўны час завяршыўся нічыёй, пагэтаму, хто з іх лепшы, вырашала серыя пенальці. У выніку больш дакладнымі і ўдачлівымі тут сталі футбалісты “РасСЭМа”.
Цікавай і да апошняга непрадказальнай аказалася і гульня паміж астраўчанамі і ашмянцамі – пот ігракоў змешваўся з пяском, а пыл стаяў слупом ад колькасці ўдараў. Не меншы напал жарстцяў панаваў і па-за лініяй поля – балельшчыкі горача падтрымлівалі сваю каманду і перажывалі за вынік гульні. А хвалявацца было за што: зноў шалі ўдачы схіляліся то ў адзін, то ў другі бок, зноў лік на табло застыў нічыёй 2:2, зноў усё вырашылася на апошніх хвілінах – ашмянцы ў выніку паставілі кропку ў інтрызе трэцім голам.
У наступнай гульні камандзе “ЕўраАлвіта” прыйшлося нясоладка: выматаным папярэдняй сустрэчай з астраўчанамі ашмянцам было складана супрацьстаяць адпачыўшым і моцным сапернікам з “РасСЭМа”. Мяч раз за разам залятаў у вароты каманды “ЕўраАлвіта”. Вынік – 5:1 на карысць “РасСЭМа”.
Апошняя сустрэча паміж шчу-чынскім “ЛесКамам” і астравецкім “Меліяратарам” вырашала многае, а для гаспадароў – літаральна ўсё. На той час у кожнай з каманд было па 3 ачкі, у “РасСЭМа” – 4. Такім чынам, у выпадку выйгрышу астраўчане станавіліся пераможцамі, пройгрышу – займалі 4 месца. Вось такім непрадказальным бывае футбол.Напружанне наскрозь праніз-вала паветра, а азарту ігракоў можна было пазайздросціць. Гульня абяцала быць цікавай і ўпартай – і яна была такой. Першы перыяд прайшоў з яўнай перавагай астраўчан – яны раз за разам атакавалі вароты сапернікаў і забілі два галы. Аднак расслабляцца было рана: крыўдная памылка – і ў вароты “Меліяратара” назначаецца пенальці. Удар – і ігрок са Шчучына забівае “ў дзясятачку”. Гэты гол быццам бы акрыляе каманду “ЛесКам”, і гульня працягваецца на роўных. Праз некаторы час яны забіваюць яшчэ адзін гол. Тут пачалася сапраўдная барацьба са шквалам эмоцый. Гэта была гульня, дастойная фіналу! Неўзабаве гаспадары забіваюць трэці гол. Атакі працягваюцца, да фінальнага свістка застаюцца дзве хвіліны, адна, 30 секунд і… шчучынцы зроўніваюць лік – 3:3. Відовішча працягваецца серыяй пенальці. Па чарзе футбалісты каманд забіваюць прыгожыя галы. Аднак, на жаль, “меліяратары” дапускаюць промах – і перамогу святкуюць сапернікі.
У “ЛесКама” і “РасСЭМа” аднолькавая колькасць ачкоў, але па розніцы ў мячах пераможцам турніру па пляжным футболе становіцца каманда “РасСЭМ”. Шчучынцы – сярэбраныя прызёры. На трэцім месцы апынулася ашмянская “ЕўраАлвіта”. Астраўчане сталі чацвёртымі.Лепшым іграком быў прызнаны Яўген Андрушойць (“ЕўраАлвіта”), лепшым бам-бардзірам – Валерый Блюднік (“ЛесКам”), лепшым варатаром – Андрэй Каваза (“ЕўраАлвіта”). Каманды-прызёры і лепшыя ігракі атрымалі кубкі і прызы ад Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба.
– Мы прыехалі на турнір па запрашэнні Вадзіма Лебядзеві-ча, з якім пазнаёміліся падчас абласных спаборніцтваў, – расказвае ігрок шчучынскага “ЛесКама” Валерый Каваза. – І вельмі задаволены, што прынялі запрашэнне. У вас хоць і невялікі, але прыгожы і ўтульны горад. Ды і спаборніцтва атрымалася цікавым і непрадказальным: дастойныя сапернікі, адрэналін ад гульні. Словам, нам спадабалася. Спадзяюся, што ў наступным годзе сустрэнемся зноў.
--------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
