В Островце прошли соревнования по мини-теннису среди школьников
Хто лепш за ўсё арудуе ракеткай на міні-тэнісным корце, высвятлялі ўдзельнікі раённага спаборніцтва па настольным тэнісе сярод юнакоў і дзяўчат 2001-2003 гадоў нараджэння.Пазмагацца за званне лепшага ў гэтым відзе спорту прыехалі юныя тэнісісты з шасці школ: гімназіі №1, СШ №1, Гудагайскай СШ, Варнянскага, Падольскага і Кямелішкаўскага НПК. Усяго ў спаборніцтве ўдзельнічалі дзесяць дзяўчат і дванаццаць хлопчыкаў.
Падчас гульні дзяўчаты былі падзелены на дзве групы, гульні ў якіх праходзілі па кругавой сістэме. У выніку пераможцы кожнай з груп “скрыжоўвалі” ракеткі за першае месца, а другія нумары ў групах сустракаліся за “бронзу”.
Такім чынам, у гульні за трэцяе месца сустрэліся Карына Мажута з Кямелішкаўскага НПК і Кацярына Шульга з Падольскага НПК. Перавага была на баку Карыны – 2:0 па выніках дзвюх партый.
За пальму першынства змагаліся Марыя Казлоўская з Падольскага НПК і Вольга Камінская з Кямелішкаўскага НПК. Упартая барацьба, але дзве партыі – і спаборніцтва выйграе Вольга Камінская. Яе саперніца – сярэбраная прызёрка.
Хлопцы гулялі па такой жа сістэме, як і дзяўчаты. За трэцяе месца сустрэліся Юрый Кяжун з Кямелішкаўскага НПК і Дзяніс Казлоўскі з Падольскага НПК. У выніку – 2:1 па суме партый і “бронзавым”
прызёрам становіцца Юрый Кяжун.
Сапраўдная барацьба разыгралася за першае месца паміж Вадзімам Сачко (СШ №1) і Віктарам Спідзевічам з Кямелішкаўскага НПК. Першую партыю з лікам 11:9 выйграў Віктар. Аднак Вадзім не здаўся і ў другой зраўняў лік. Усё вырашыла апошняя, трэцяя партыя: і з лікам 16:14 пераможцам становіцца Віктар Спідзевіч.
Пераможцы і прызёры спаборніцтва атрымалі падарункі ад Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба. Цяпер яны прымуць удзел у абласных спаборніцтвах па настольным тэнісе, якія пройдуць 6-7 мая.
--------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
