В Островце появилась спортивная мини-площадка с искуственным покрытием для игры в футбол
12 чэрвеня стаў святочным днём для аматараў футбола раёна. Менавіта ў гэты дзень каля СШ №1 адбылося адкрыццё спартыўнай міні-пляцоўкі са штучным пакрыццём для гульні ў футбол.Дзякуючы сацыяльнай ініцыятыве Сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «НТС» – праваўладальніка гандлёвага знака «Родная Сторона» – і Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» быў запушчаны пяцігадовы праект «Родная Сторона – детям» па будаўніцтву 118 спартыўных пляцовак па ўсёй Беларусі. Астравец стаў адным з гарадоў, дзе ўжо ўведзены ў эксплуатацыю ці толькі праектуюцца футбольныя палі са штучным пакрыццём.
Партнёр гэтага праекта – Астравецкі райвыканкам – з мясцовага бюджэту выдзеліў сродкі на падрыхтоўку асновы для ўкладкі пакрыцця. Актыўны ўдзел у добрай справе прынялі члены Савета кіраўнікоў. Дзякуючы дапамозе Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола», поле аснасцілі футбольнымі варотамі новага пакалення. Асноўная ж частка затрат лягла на СТАА «НТС» – праваўладальніка гандлёвага знака «Родная Сторона».
…Яшчэ да пачатку мерапрыемства тэрыторыя вакол СШ №1 напоўнілася радаснымі гукамі футбольнага гімну, а шчаслівая дзятва ганяла па полі велізарны футбольны мяч з лагатыпам «Родная Сторона».
У ліку ганаровых гасцей былі старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Э. Тальчук, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама В.З. Свіла, начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама А.Я. Андрэйчык, намеснік старшыні Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» А.В. Чыкун, старшыня федэрацыі футбола Гродзенскай вобласці Ф.І. Ляцяга, кіраўнік гандлёвай сеткі «Родная Сторона» па Гродзенскай вобласці В.С. Сырэвіч, кіраўнік праекта «Родная Сторона – детям», начальнік аддзела брэндзінгу і камунікацый Сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «НТС» Д.П. Цыган, члены калегіі і ўдзельнікі пасяджэння па фізкультуры, спорту і турызму Гродзенскай вобласці, кіраўніцтва і супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, педагогі і, канешне, віноўнікі ўрачыстасці – дзеці, дзеля якіх і быў задуманы гэты праект. Яны віталі ганаровых гасцей хлебам-соллю.
– Сёння вельмі сімвалічны дзень. У той час, як у Бразіліі адкрываецца Чэмпіянат свету па футболе, мы адкрываем міні-пляцоўку для нашых дзяцей – аматараў футболу, – сказаў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла. – Чэмпіянат свету па хакеі вывеў нашу краіну на высокі ўзровень. А «Родная Сторона» дае надзею, што калі-небудзь і Чэмпіянат свету па футболе пройдзе ў нашай краіне.
Падчас афіцыйнага адкрыцця пляцоўкі слова для выступлення было прадстаўлена ганаровым гасцям.
– Галоўнай мэтай нашага праекта з'яўляецца папулярызацыя здаровага ладу жыцця сярод дзяцей і моладзі, прадстаўленне ім магчымасці займацца спортам і актыўна праводзіць вольны час, – сказаў кіраўнік праекта Дзмітрый Паўлавіч Цыган. – Новае поле дазволіць рабятам удасканальваць сваё футбольнае майстэрства і актыўна развівацца. Магчыма, менавіта на гэтай пляцоўцы вырастуць будучыя чэмпіёны!
І вось самы ўрачысты момант. Права перарэзаць сімвалічную ленту даецца партнёрам праекта – намесніку старшыні Астравецкага райвыканкама В.З. Свілу, намесніку старшыні Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» А.В. Чыкуну і кіраўніку гандлёвай сеткі «Родная Сторона» па Гродзенскай вобласці В.С. Сырэвічу.
А права першага ўдару па варотах новай спартыўнай пляцоўкі атрымаў намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама В.З. Свіла.
Потым пачалася рэальная гульня. За перамогу змагаліся дзіцячыя зборныя «Юніёр» (Мі-халішкі) і «Дынама» (Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі). Рабяты трымаліся стойка – доўгі час мяч ніяк не мог трапіць у вароты. І ўсё ж на апошніх хвілінах лік быў адкрыты – 1:0 на карысць «Дынама».
Пераможцы і ўдзельнікі матча былі ўзнагароджаны кубкамі, дыпломамі і падарункамі ад Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» і гандлёвай сеткі «Родная Сторона».
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
