В Ольховке прошёл традиционный районный туристический слёт

Напрыканцы мінулага тыдня паблізу Альхоўкі прайшоў традыцыйны раённы турыстычны злёт. І, хаця ранкам ішоў дождж, які напалохаў некаторыя каманды, бліжэй да абеду лёгкі ветрык разагнаў аблокі і ўсталявалася добрае надвор’е – як казалі многія: “Ні горача, ні холадна – самае тое!”

У гэтым годзе турзлёт быў прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Ініцыя-тарамі яго правядзення выступіў аддзел адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама.
Паспаборнічаць сабраліся каманды з саўгаса “Падольскі”, СВК “Варняны”, Астравецкага лясгаса, цэнтральнай раённай бальніцы пад назвай “Астрамеды”, каманда “Салют Перамогі” аддзела адукацыі, спорту і турызму і ўпершыню – прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Некаторыя з удзельнікаў прыехалі на турзлёт з дзецьмі – і яны з усёй адказнасцю дапамагалі дарослым у конкурсах, спартыўных спаборніцтвах і ў абуладкаванні паходных лагераў.
Пачалося ўсё са спаборніцтваў па валейболе. На пляцоўцы, дзе разгарнулася барацьба за лідарства, было па-сапраўднаму горача. Кожная каманда дэманстравала цікавую гульню. У выніку лепшымі валейбалістамі была прызнана каманда раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама, на другім месцы – лясгас, а прадстаўнікі саўгаса “Падольскі” сталі трэцімімі.
У гіравым спорце сілу рук і фізічную вынослівасць дэман-стравалі сапраўдныя асілкі – па аднаму з кожнай каманды. Пад’ём 24-кілаграмовай гіры – гэта вам не жарты. Пераможцамі сталі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, “серабро” забралі варнянцы, а “бронзу” – лясгасаўцы.
А вось у дартсе на першую прыступку падняліся турысты з Падольцаў, на другую – медыкі, а на трэцюю – супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму. У кулявой стральбе найбольш трапнымі былі варнянцы, за імі – падольскія спартсмены і замыкалі тройку лідараў прадстаўнікі камунальнай гаспадаркі.
Спартыўныя спаборніцтвы змяніліся конкурснай праграмай. У конкурсе “Побыт турыста” журы ацэньвала жартоўнае меню, абуладкаванне і афармленне лагера, яго санітарны стан, прытрымліванне правілаў аховы навакольнага асяроддзя. Усе каманды падрыхтаваліся вельмі добра: турысты гасцінна сустракалі гасцей, праводзілі іх па сваіх уладаннях, частавалі рознымі прысмакамі, забаўлялі жартамі і песнямі. Але лепш за ўсіх пляцоўку і жартоўнае інтэрнацыянальнае меню змаглі пра-рэкламаваць “Астрамеды”. На другім месцы – каманда весялуноў з СВК “Варняны”, якія літаральна ні хвіліны не сумавалі самі і не давалі сумаваць іншым, а на трэцім – навічкі турзлёта, каманда ЖКГ.
Сапраўднае песеннае майстэрства турысты паказалі падчас конкурсу мастацкай самадзейнасці: адны каманды бралі голасам, адмовіўшыся ад фанаграмы – да прыкладу, Падольцы, ЖКГ і аддзел адукацыі, спорту і турызму. Другія, як СВК “Варняны” і лясгас, – агульным удзелам каманды і буйнай фантазіяй сваіх турыстаў. А вось каманда цэнтральнай бальніцы паказала незвычайны і прыгожы нумар – і ў выніку ў іх законнае першае месца.
Завяршыўся першы дзень турзлёту дыскатэкай і запускам у начное неба кітайскіх ліхтарыкаў. З-за перабояў ў рабоце электрагенератара некалькі разоў адключалася музыка – але турыстам гэта не перашкаджала: яны пачыналі спяваць вядомыя песні акапэльна.
Раніца другога дня таксама была азмрочана дажджом, але “сонечны” настрой турыстаў, напэўна, дапамог разагнаць хмары. Падчас правядзення “турыстычнай паласы” і перацягвання каната сонейка ўжо грэла па поўнай.
Для тых, хто з вечара зашмат танцаваў на дыскатэцы, турыстычная паласа, вядома, аказалася не з простых. Аднак турысты ведалі, што па папярэдніх конкурсах каманды раздзяляюць лічаныя балы, таму і выкладваліся “на ўсе сто”. Але, на жаль, не абышлося без штрафных балаў: нехта паслізгнуўся на бервяне, іншы заблытаўся ў “лабірынце”, трэці “трапіў” у “пастку”.
Самым “смачным”, што суддзі заўсёды пакідаюць “на закуску”, стала перацягванне каната. Спаборнічалі моц, тэхніка і ўменне адчуваць каманду. Пяць мужчын і адна жанчына ад кожнай каманды абаранялі гонар сваёй арганізацыі ці прадпрыемства. За саўгас “Падольскі” з-за недахопу ў яе складзе мужчын выступалі дзве дзяўчыны, але каманда змагалася да апошняга. А пераможцамі заканамерна сталі майстры каната – лясгасаўцы.
Пакуль удзельнікі турзлёту адпачывалі, суддзі падлічвалі ачкі. Лепшай па агульных выніках усіх конкурсаў стала каманда Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы “Астрамеды”. На другім месцы – лясгас, на трэцім – каманда “Салют Перамогі” раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. Усе пераможцы і прызёры атрымалі кубкі, граматы і каштоўныя прызы ад арганізатараў.
Як паказвае час, турыстычны злёт не страчвае свайго пазітыву і задору, і, як ўпэўне-ны ўсе турысты Астравеччыны, яны сустрэнуцца ў наступным годзе на тым жа месцы ў яшчэ большай кампаніі, каб не толькі праявіць сябе ў розных спаборніцтвах, але і цудоўна адпачыць у нефармальнай абстаноўцы са сваімі калегамі і сябрамі.



-------------------------------
Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара
.