В Литве гимназисты из Островца попробовали приготовить шоколадные гостинцы
І зноў гімназісты сталі вандроўнікамі. Падарожжа ў суседнюю Літву прынесла нам, вучням 7 «А» класса гімназіі №1, нямала станоўчых эмоцый і пазітыву.Позні лістападаўскі ранак мы сустракалі ў старажытнай сталіцы Літвы – Тракаі. Пах шакаладу ў паветры тут адчулі адразу ж, і гэта невыпадкова: у Тракаі ёсць шакаладная фабрыка. Менавіта туды і ляжаў наш шлях.
І вось пачынаюць збывацца нашы мары… Прадэгуставаўшы белы, чорны, малочны шакалад бельгійскай вытворчасці, мы слухаем незвычайныя гісторыі пра яго з'яўленне і выкарыстанне (экскурсавод перакладала апавяданне гаспадыні фабрыкі з літоўскай мовы).
А рукі ўвесь час цягнуцца да прысмакаў: марцыпанаў, арэхаў, мармеладу. Ледзьве пераадольваем спакусу не пакласці ўсё гэта ў рот, таму што ведаем: час паспрабаваць усё гэта яшчэ будзе.
І тут нам прапануюць уласнымі рукамі зрабіць адзіныя ў сваім родзе шакаладныя пачастункі. А каб быў яшчэ і творчы запал, экскурсавод абвясціла конкурс на лепшы шакаладны ласунак.
Праз паўгадзіны з хваляваннем чакаем ацэнкі журы. Вердыкт выносіць сама гаспадыня: пераможцамі сталі Віялета Шаўліс, Аляксей Отчык і Насця Дамброўская – яны «заваявалі» адпаведна першае, другое і трэцяе месцы. За гэта ім уручылі пачкі цукерак ручной работы Тракайскай шакаладнай фабрыкі. Задаволеныя і шчаслівыя, з салодкімі сувенірамі ўласнай работы мы вяртаемся ў аўтобус.
Наступны наш прыпынак ужо ў сталіцы Літвы. Вільнюс сёння – гэта спалучэнне старажытнасці і сучаснасці: тут адначасова сышліся загадкавасць сярэднявечных вуліц і барочная архітэктура ў старой частцы горада і модныя гандлёвыя цэнтры і шматпавярховыя будынкі-«шкельцы» ў новай частцы Вільнюса.
Спяшаемся ў Акропаліс – самы вялікі ў Літве і ўвогуле ў Прыбалтыцы цэнтр гандлю і забаў. У самым цэнтры Акропаліса знаходзіцца лядовая арэна, якая з’яўляецца яго галоўнай адметнасцю. Мы купляем білет – кошт яго залежыць ад дня тыдня і часу наведвання і складае прыкладна 7-10 літаў за адну гадзіну, – зашнуроўваем канькі і з імпэтам штурмуем штучны лёд. На катку пануе атмасфера задавальнення і станоўчых эмоцый, радасці і свята.
Далей мы спяшаемся ў гандлёвыя рады, каб набыць пачастункі для сваіх бацькоў: абавязкова чорны жытні хлеб, сыр, каву і іншыя дробязі.
Час прайшоў хутка. І познім вечарам задаволеныя гімназісты з літоўскімі сувенірамі вярнуліся на радзіму.
------------------------------------------------------
Паліна ВАЛЬЧУК, вучаніца 7 «А» класа, член клуба «Падарожнік».
