В Гервятах состоялась спартакиада молодых специалистов Островетчины

Гэтае спартыўнае мерапрыемства стала традыцыйным у нашым раёне. Раз у два-тры гады збіраюцца маладыя, энергічныя і ініцыятыўныя, каб паспаборнічаць у хуткасці, моцы і спрытнасці. Спартыўны задор гарыць у вачах, а прага перамогі натхняе на новыя рэкорды.

Сёлета яны сабраліся ў чарговы раз: у Гервяцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе прайшла спартакіяда маладых спецыялістаў Астравеччыны.
Дарэчы, сёлета ўдзельнічаць у спартакіядзе маглі не толькі спецыялісты, якія нядаўна пачалі працаваць, а ўсе жадаючыя маладыя людзі да 30 гадоў. Дапускаліся таксама асобныя ўдзельнікі з разраду 30+.
Прадэманстраваць свае спартыўныя магчымасці ў Гервяты прыехалі сем каманд: СВК “Гервяты”, ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, СВК “Міхалішкі”, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, СВК “Варняны”, ВУ “Астравецрайгаз”, цэнтральная раённая бальніца.
Урачыстае пастраенне, гімн і падняцце сцяга. Прывітальныя словы намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргея Віктаравіча Шэіна. Апошнія ўказанні суддзяў, хвілінная гатоўнасць – і пачынаюцца спаборніцтвы.
Першая частка была традыцыйнай – адначасова праходзілі некалькі відаў спаборніцтва: гіравы спорт, армрэстлінг, дартс, настольны тэніс і сілавая гімнастыка. Адны ўдзельнікі разміналіся, каб прадэманстраваць сілу рук, іншыя – спрытнасць і дакладнасць. Астатнія ж сталі гледачамі і маглі атрымаць задавальненне адразу ад усіх відаў спорту. Праўда, толькі пры ўмове, што і яны праявяць сябе спартсменамі – каб паспець усё ўбачыць, трэба было крыху пабегаць.
Армрэстлінг… Я неаднойчы захаплялася гэтым, безумоўна, відовішчным і цікавым відам спорту. Ды і як тут дух не захопіць, калі літаральна на працягу некалькіх хвілін ідзе нямая, але ўпартая і насычаная барацьба паміж сапернікамі?! У гэты невялікі адрэзак часу ўмяшчаецца многае: напружаны не толькі мускулы, але і нервы, у думках толькі адно – не здавацца, і ўся сіла волі накіравана на тое, каб “заваліць” руку саперніка. Хоць назіраць за эмоцыямі ўдзельнікаў, мяркую, усё ж больш прыемна, чым быць на іх месцы.
Сярод мужчын сіла рук і вытрымка звяла ў фінальным паядынку сапраўдных асілкаў – Яўгена Волкава з лясгасу і Міхаіла Мізея з бальніцы. Сціснуліся рукі ў апошняй схватцы, пабялелі костачкі пальцаў ад напружання, некалькі секунд упартай барацьбы і... перамога на баку Яўгена Волкава! Міхаіл Мізей – сярэбраны прызёр. Трэцяе месца заняў Віталь Іваніцкі (РАНС).
Высвятлялі адносіны “на руках” і дзяўчаты. Сярод іх першае месца ў армрэстлінгу заняла Анастасія Гудойцева з СВК “Гервяты”. Другое – у Аляксандры Рудай з лясгаса, трэцяй стала Кацярына Мацкевіч з ЦРБ.
Прыхільнікаў меткасці і лоўкасці сабраў вакол сябе дартс. Адны ўдзельнікі доўга прыцэльваліся і шукалі выгадную пазіцыю для кідка, іншыя адразу “стралялі” па мішэні. Ступень шанцавання, тым не менш, была аднолькавай ва ўсіх: неспадзявана ў апошні момант здрыганецца рука – і дроцік здрадліва мяняе траекторыю палёту, і, здаецца, стопрацэнтная “дзясятачка” на справе аказваецца “малаком”. Спаборніцтва па дартсе насіла камандны характар – у ім удзельнічалі адзін мужчына і адна дзяўчына, ачкі якіх складваліся. Найбольш трапнай у выніку стала пара з ЦРБ. На другім месцы – удзельнікі з СВК “Гервяты”, трэцяе заняла каманда лясгасу.
...Ён – дужы і мэтанакіраваны. Яна – маленькая, але з наравістым і цяжкім (у прамым сэнсе) характарам. Ён прымушае яе скарыцца, яна – утаймаваць яго ўпэўненасць у сваіх сілах. У выніку атрымліваецца своеасаблівая ўпартая гульня-дуэль паміж спартсменам і яго 24-кілаграмовай саперніцай. Гіравы спорт – не простае спаборніцтва, а сапраўдны паядынак фізічнай сілы ўдзельніка, яго вытрымкі і накіраванасць на найлепшы вынік. Пераможцам спартакіяды па падняццю гіры стаў Аляксандр Ядзевіч (РАНС). На другім месцы – Віталь Грабоўскі з лясгасу, трэцяе заняў Павел Бразевіч (СВК “Варняны”).
А вось тэніс, тым больш настольны, на мой погляд – спаборніцтва для хуткіх і спрытных. Тут толькі паспявай за няўрымслівым мячыкам. Аднак для сапраўдных аматараў тэнісу гэта даўно не праблема – яны ўпэўнена “арудуюць” ракеткай. Вынік спаборніцтва падводзіўся па суме балаў двух удзельнікаў. Лепш за ўсё гульня ў тэніс атрымалася ў каманды выратавальнікаў. Другое месца занялі гервятцы, на трэцім – медыкі.
У сілавой гімнастыцы вытрымку і грацыю дэманстравалі дзяўчаты. За адну хвіліну трэба было як мага больш разоў выканаць практыкаванне па падыманню тулава. Найлепшы вынік у гэтым спаборніцтве паказала Вікторыя Астроўская з СВК “Варняны”, другое месца заняла Святлана Дубіцкая з СВК “Міхалішкі”, на трэцім – Надзея Кімса (ЦРБ).
На гэтым індывідуальныя спаборніцтвы закончыліся, і надышоў час каманднай гульні, а менавіта – стрытболу. Па ўмове ў камандзе гулялі тры ігракі – два мужчыны і адна дзяўчына. Пры гэтым кожнае ачко ўдзельніцы памнажалася на два. Падзеі на пляцоўцы разгортваліся па-рознаму: адны адчувалі сябе на пляцоўцы як рыба ў вадзе, другім для адаптацыі спатрэбіўся час, што тут жа адбілася на ліку. У выніку званне лепшых стрытбалістаў у чарговы раз пацвердзілі гервятцы. На “пяткі” ім “наступалі” і занялі другое месца медыкі. Трэцімі сталі ўдзельнікі з лясгасу.
Камандны дух, хуткасць і перажыванне за сваіх дэманстравалі каманды падчас эстафеты. На тэорыі ўсё прасцей простага: прабегчы вызначаную адлегласць, вярнуцца назад і перадаць эстафетную палачку наступнаму ўдзельніку. На практыцы аказалася ўсё больш складана: ногі не слухаліся і слізгалі, непаслухмяная палачка вырывалася з рук, а сапернік на паралельнай дарожцы не менш твайго імкнуўся да перамогі. Словам, барацьба была ўпартай. І першым месцам у эстафеце сваіх балельшчыкаў прыемна парадавала каманда СВК “Варняны”. На другім аказаліся ўдзельнікі СВК “Гервяты”, трэцяе занялі спартсмены ЦРБ.
Завяршылася спартакіяда традыцыйным акордам. Ды яшчэ якім! Моцным, відовішчным, інтрыгуючым і непрадказальным. Перацягванне каната – спаборніцтва для сапраўдных асілкаў і цікавае відовішча для ўсіх гледачоў. Па чарзе каманды спрабавалі свае сілы – слабейшыя “адсейваліся”, мацнейшыя змагаліся далей. У апошняй дуэлі сустрэліся асілкі з лясгасу і аддзела па надзвычайных сітуацыях. Рывок, яшчэ рывок – канат не хоча скарацца. Удзельнікі стараюцца з апошніх сіл. І ўрэшце – пераможцамі становяцца “лесаводы”. Выратавальнікі на другім месцы. Трэцяе занялі асілкі з каманды СВК “Гервяты”.
Спаборніцтвы закончыліся, і надышоў самы адказны і адначасова прыемны момант – падлічваць балы і ўзнагароджваць пераможцаў. У выніку ў агульнакамандным заліку пераможцам спартакіяды стала каманда цэнтральнай раённай бальніцы. Другое месца занялі спартсмены СВК “Гервяты”. Лясгасаўцы аказаліся трэцімі.
Каманды пераможцаў і прызёраў атрымалі каштоўныя прызы ад ДУ “Астравецкі фізкультурна-спартыўны клуб”. Пераможцы ў асабістым заліку былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі.


------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота А. КАВАЛЕЎСКАГА.