В девятый раз в Гервятах прошёл Международный турнир по баскетболу на приз посла Литвы в Беларуси Альфонсаса Авгулиса

1
Міжнародны турнір па баскетболу на прыз першага пасла Літвы ў Беларусі Альфонсаса Аўгуліса прайшоў на Гервяцкай зямлі ўжо ў дзявяты раз. Удзел у ім прынялі дзевяць каманд: чатыры – з Літвы (адна з Лентварыса і тры – з Вільнюса), пяць – з Беларусі (Мінска, Смаргоні, дзве каманды – з Астраўца і адна – з Гервят).

Як расказаў арганізатар турніру Альфонсас Аўгуліс, няцотная колькасць каманд прынесла дадатковыя цяжкасці: з-за немагчымасці прымяніць алімпійскую сістэму з выбываннем прайграўшага камандам давялося гуляць з кожным са сваіх сапернікаў. У выніку да фіналу ігракі дайшлі моцна стомленымі, таму фінальная гульня атрымалася не вельмі відовішчнай.
– Добры пяток гадоў пераходны кубак забірала смаргонская каманда, у якой гуляюць навучэнцы і выпускнікі школы алімпійскага рэзерву, – расказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Шэін. – Сёлета яны, відаць, таксама лічылі, што забяруць прыз без асаблівай напругі. Але, як высветлілася, літоўскія каманды правялі папярэднія адборачныя гульні. Так што да нас прыехалі мацнейшыя. Смаргонская каманда, якая не прывыкла прайграваць, запанікавала…
– Яе ігракі сталі паводзіць сябе не па-спартыўнаму, – уключыўся ў размову былы першы пасол. – Патасоўкі, скрытыя фалы і не зусім цэнзурныя выказванні... Давялося ўмяшацца трэнеру. Ігракі сабраліся, але перамагчы так і не змаглі.
Першае месца ў выніку заняла каманда “Віёна” з Вільнюса, якая ўваходзіць у Вільнюскую лігу баскетбалістаў-непрафесіяналаў. Другое – у Смаргоні. Трэцяе заваявалі баскетбалісты з Мінска. Усе яны атрымалі памятныя медалі. А ігракі “Віёлы” павезлі з сабой яшчэ і пераходны прыз.






– Упершыню ў гісторыі турніру кубак вярнуўся туды, адкуль прыехаў у самым пачатку, – сказаў Альфонсас Аўгуліс. – Баскетбольная інтрыга закручваецца…

---------------------
Ганна ЧАКУР.