Участников турслёта в Ольховке не напугала плохая погода

Турзлёт, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 70-годдзю Вялікай Перамогі, арганізатарам якога выступіў аддзел адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама, а спонсарамі – раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” і райкам БРСМ, прайшоў напрыканцы мінулага тыдня каля пасёлка Альхоўка.


Дрэннае надвор’е спалохала многіх, але не ўсіх: прыняць удзел у турзлёце вырашылі прадстаўнікі працоўных калектываў цэнтральнай раённай бальніцы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, РУП “Саўгас “Падольскі” і ўпершыню – рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Беларуская атамная электрастанцыя”.

Як і заўсёды, пачалося ўсё са спаборніцтваў па валейболе. Кожная каманда старалася: добрыя “пасы”, “навесы”, нечаканыя “рэзакі” – глядзець на гэта было сапраўды цікава. На жаль, пасля дажджоў трава была мокрай, і ў спробе “дастаць” мяч валейбалісты часта аказываліся на зямлі.

У выніку напружанай барацьбы пад сеткай і над ёй першае месца засталося за валейбалістамі цэнтральнай раённай бальніцы.

У дартсе і стральбе з пнеўматычнага пісталета паказаць “клас” многім перашкодзіў парывісты моцны вецер. Тым не менш, ён не “збіў” з “правільнага курсу” турыстаў з “Беларускай атамнай электрастанцыі” – у кулявой стральбе, як і ў дартсе, яны сталі першымі.

У гіравым спорце сілу рук і фізічную вынослівасць дэманстравалі сапраўдныя асілкі. Тут лепшы вынік паказаў прадстаўнік цэнтральнай раённай бальніцы.



Новаўвядзеннем гэтага года стала распілоўка бервяна – сапраўдны турыстычны кон-курс. Кожная каманда падыходзіла да “бар’ера” са сваёй пілой, але самымі хуткімі і ўмелымі аказаліся сяльчане – хлопцы з Падольцаў.

А потым надышоў час конкурсу “Побыт турыста”. Журы ацэньвала жартоўнае меню, абуладкаванне і санітарны стан лагера, яго афармленне, ахову навакольнага асяроддзя. Усе турысты гасцінна сустракалі журы, праводзілі па сваіх уладаннях, забаўлялі жартамі і песнямі, частавалі рознымі прысмакамі. Лепшымі ў гэтым конкурсе другі год запар становяцца астравецкія медыкі.

Цяжка прыйшлося журы падчас конкурсу мастацкай самадзейнасці: сёлета Падольцы “падмацаваліся” запрошанымі зоркамі – іх песня ў выніку заняла першае месца.

Завяршыўся першы дзень турзлёту начной дыскатэкай і вясёлымі конкурсамі.

На другі дзень былі запланаваны паласа перашкод і самы эмацыйны і відовішчны конкурс – перацягванне каната.

Турыстычная паласа – конкурс не з лёгкіх. Таму і выкладваліся турысты “на ўсе сто”. Аднак спадарыня Удача на гэты раз была добразычлівай да медыкаў – за імі першае месца.

А потым на “рынг” выйшлі па шэсць чалавек – пяць мужчын і адна жанчына – ад кожнай каманды і паветра ўскалыхнулі моцныя крыкі гледачоў “Давай!”, “Цягні!”, “Трымай!”. Спаборнічалі сіла, тэхніка, уменне адчуваць каманду. Мацнейшымі сталі “канатчыкі” раённай бальніцы.

Па агульных выніках усіх конкурсаў лепшай стала каманда Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы. На другім месцы – саўгас “Падольскі”, на трэцім – каманда жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
























-------------------

Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара.