Турнир по боксу посвятили памяти воинов-интернационалистов, погибших в Афганистане

З медалямі і новым вопытам вярнуліся астравецкія юныя баксёры з ХVІ адкрытага рэспубліканскага турніру па боксе, прысвечанага памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі ў Афганістане.

Турнір лічыцца вельмі сур’ёзным. Сюды збіраюцца паспаборнічаць у майстэрстве ўдараў “левай і правай” чэмпіёны рэспубліканскіх, прызёры і ўдзельнікі еўрапейскіх спаборніцтваў з суседніх краін. Вось і сёлета на турнір прыехалі баксёры з Раслаўля, Смаленска і Кастамукшы (Расія), Кіева (Украіна), а таксама Віцебска, Мінска, Магілёва, Полацка і іншых беларускіх гарадоў, аматары боксу з Туркменіі і Узбекістана.
Спаборніцтва праходзіла па некалькіх узроставых катэгорыях: юнакі 2002-03 і 2000-01 гадоў нараджэння, юніёры 1998-99 гадоў нараджэння і мужчыны 1995 года нараджэння і старэйшыя.
Пазмагацца на рынгу прыехалі і адзінаццаць астраўчан. Максім Каспяровіч, вагавая катэгорыя да 36 кілаграмаў, правёў два баі і стаў бронзавым прызёрам турніру. На трэцяе месца набаксіраваў і яго таварыш па вагавой катэгорыі Алег Батура.
Дастойна выступіў на рынгу і Аляксандр Міхайлаў, вагавая катэгорыя да 43 кілаграмаў, хоць і не заняў прызавога месца. Затое ўсе былі ў захапленні ад яго спарынгавых баёў.
Тры баі, дзве перамогі, напружаны фінал і другое месца на турніры – такі вынік у Арцёма Каспяровіча, які выступаў у вагавой катэгорыі да 48 кілаграмаў.
Яўген Красоўскі, вагавая катэгорыя таксама да 48 кілаграмаў, бой не выйграў, але і не прайграў. Цудоўную тэхніку ён прадэманстраваў падчас спарынгавых баёў.
Іван Стэх, вагавая катэгорыя да 60 кілаграмаў, правёў тры баі, у двух з якіх перамог, але ў фінале суддзі аддалі перавагу саперніку астраўчаніна. Іван – сярэбраны прызёр.
У вагавой катэгорыі да 72 кілаграмаў на рынгу выступаў Вадзім Мароз. І ў першым баі ён перамог з яўнай перавагай. А вось у фінале сустрэўся з чэмпіёнам Беларусі, які выступаў і на еўрапейскім рынгу. Паядынак выдаўся нялёгкім, астраўчанін змагаўся да канца, але перавага была на баку саперніка. Вадзім Мароз заняў другое месца.
А вось Мікіта Ромаш, вагавая катэгорыя да 46 кілаграмаў, падчас паўфінальнага паядынку атрымаў траўму. Цікава, што на рынгу ён сустракаўся са сваім колішнім сапернікам, у якога выйграў на чэмпіянаце Беларусі. Таму барацьба на рынгу разыгрывалася нежартоўная. Аднак траўма перакрэсліла відовішчны паядынак і імгненна вызначыла пераможцу. Астраўчанін заняў трэцяе месца.
Упэўнена пачынаў свой бой Аляксандр Стаскойць, вагавая катэгорыя да 46 кілаграмаў. Ён з лёгкасцю выйграў два раўнды, а потым фартуна адвярнулася ад хлопца, ён пачаў хвалявацца, і ў выніку эмоцыі ўзялі сваё.
Марк Маргуж, вагавая катэгорыя да 60 кілаграмаў, выступаў на турніры з траўміраванай рукой. Гэта і перашкодзіла юнаку заваяваць яшчэ адзін медаль. Дзмітрый Лабэцкі нарадзіўся ў 1996 годзе, але на турніры выступаў у дарослай катэгорыі – 1995 года нараджэння і старэй. І сапернікам астраўчаніна стаў вопытны і старэйшы баксёр, які ў выніку стаў пераможцам турніру. Дзмітрый жа правёў добры бой і прадэманстраваў сваё майстэрства ў спарынгах.


-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.