Таллинн-Рига-Стокгольм. Путешествуем без билета с Ниной Рыбик
У апошні час у рэдакцыю часта тэлефануюць, на вуліцы да мяне падыходзяць добра- і малазнаёмыя людзі і цікавяцца: куды вы ездзілі гэтым летам? І ў якую вандроўку запросіце чытачоў газеты ў бліжэйшы час?Дык вось, да радасці прыхільнікаў нашага праекта “Вандруем без білета”, які дазваляе, не падымаючыся з канапы, пазнаёміцца з многімі цікавымі мясцінамі нашай краіны і свету, і да засмучэння той часткі нашых чытачоў, якім не падабаюцца журналісцкія падарожныя нататкі – ведаем, што ёсць і такія, – працягваем публікацыі нашага палюбіўшагася многім праекта. Тым, каго гэтыя артыкулы раздражняюць, раім пашукаць у газеце публікацыі, якія больш адпавядаюць іх густам і інтарэсам – упэўнены, што пры вялікай разнастайнасці матэрыялу на старонках “Астравецкай праўды” вы абавязкова знойдзеце для сябе нешта цікавае.
Збіраючыся ў чарговы раз у Стакгольм, вырашыла крыху разнастаіць маршрут і адправіцца ў Швецыю морам.
Па-першае, таму, што ніколі не плавала на вялікім караблі (ах, прабачце, “не хадзіла” – так, здаецца, на слэнгу “марскіх ваўкоў”? Хоць, зрэшты, у адносінах да мяне, сухапутнага “чайніка”, напэўна, усё ж больш правільна будзе – “не плавала”…)
Па-другое, нават у савецкія часы мне не давялося пабачыць эстонскую і латвійскую частку Прыбалтыкі – а там, па водгуках знаўцаў, шмат цікавага і прыгожага.
Такім чынам – круіз! Праўда, палавінчаты, бо ў Стакгольме я збіралася затрымацца і пагасціць, і назад вяртацца больш звыклым і хуткім спосабам – самалётам.
Інфармацыя для тых, каму таксама захочацца “пакатацца па еўропах на карабліку”: сёння многія беларускія турыстычныя фірмы прапануюць такі адпачынак: чатыры дні, тры еўрапейскія сталіцы – Талін, Рыга і Стакгольм, і ўсяго 195-230 еўра (у залежнасці ад камфортнасці каюты) плюс віза. З другога боку медаля: будзьце гатовы да таго, што падарожжа атрымаецца ў літаральным сэнсе “галопам па Еўропе”, і пабачыць вы зможаце толькі самае-самае. Зрэшты, як і большасць турыстаў – дэталёва, на некалькі дзён, ды з асабістым экскурсаводам – гэта ўжо іншыя грошы і тэрміны… Калі будзеце мець тое і другое, і захочацца пазнаёміцца з краінай больш дэталёва – можна прыехаць яшчэ.
Талін
Увогуле эстонцы дабіліся, каб назву іх сталіцы пісалі з двума “Н” і двума “Л” – маўляў, так гістарычна правільна – ТАЛЛІНН.
Але ж нам больш прывычна так…
І потым, мы заўсёды можам спаслацца на асаблівасці беларускага правапісу, транскрыпцыю, транслітарацыю і “запудрыць мазгі” іншымі вучонымі словамі. Хоць, зрэшты, што тым эстонцам крыўдзіцца: іх сталіца стала называцца Талінам крыху больш за стагоддзе таму, з 1919 года – а да гэтага амаль сем стагоддзяў яна называлася Рэвелем ці Равелем, а яшчэ раней горад насіў назву Калывань… Так што там – адна ці дзве літары…
Талін – першы горад, дзе спыняецца наша даволі разнашэрсная і амаль цалкам жаночая турыстычная група, сабраная па розных гарадах і вёсках Беларусі, і праграма сведчыць, што на знаёмства з эстонскай сталіцай нам адводзіцца найбольш часу – цэлы дзень.
Знаёмства пачынаецца з сузірання горада і яго ваколіц з акна нашага турыстычнага аўтобуса – і нічога ўражваючага пакуль не бачна: звычайныя савецкія шэрыя “хрушчобы” спальных раёнаў.
Аўтобусная экскурсія таксама асаблівага ўражання не пакінула – акрамя хіба што “здароўкання” з Балтыйскім морам. Яно сустрэла нас прыветна: прыбралася ў карункавыя спаднічкі аблокаў, што адбіваліся ў яго шэра-блакітным люстры, лашчылася невысокімі хвалямі – хоць упасці ў яго абдымкі ў той дзень рашыўся б, напэўна, толькі самы адважны: ветрана было і халаднавата. А ў астатнім… “Паглядзіце направа… Паглядзіце налева…” – не люблю я, па праўдзе кажучы, гэтыя аўтобусныя экскурсіі. Як па мне, дык лепш тую гадзінку-другую пахадзіць недзе ў сапраўды цікавым месцы, адчуць яго – на дотык, на водар, на смак. Але ж праграма ёсць праграма…
А вось пешая вандроўка па Старым горадзе – гэта сапраўднае: веды, ўражанні, адчуванні. Вы ўявіце: Верхні горад, адкуль, уласна кажучы, і пайшоў гэты эстонскі горад-крэпасць, узнік у 13-ым стагоддзі – і да гэтага часу тут захаваліся ў добрым (не першазданным, як можна меркаваць, але падтрымліваемым у блізкім да аўтэнтычнага стане. Цудоўна захавалася частка гарадской сцяны – амаль два кіламетры – гэта вам не жартачкі! А яшчэ – 26 вежаў, якія ў той час выконвалі, безумоўна ж, найперш абаронныя функцыі, будынкі…
Для Беларусі, дзе помнікі архітэктуры 19 стагоддзя (не кажучы ўжо пра больш раннія часы), нават адрэстаўраваныя гіпсакардонам ды сайдынгам да непадобнасці з арыгіналам, выклікаюць захапленне і пашану, цэлыя вуліцы, ды што там – значная частка горада, якая захавалася ў некранутым выглядзе як мінімум з 14-15 стагоддзя, здаюцца цудам. Хоць, зрэшты, такім яны і з’яўляюцца – нездарма ж Стары горад Таліна ўнесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.
Хоць і гэтаму ёсць тлумачэнне. Ад Беларусі пасля нямецкай акупацыі падчас другой Сусветнай вайны засталіся руіны ды папялішчы – якія ўжо там помнікі архітэктуры, калі трэба было найперш думаць, дзе жыць уцалеўшаму ад фашысцкай навалы людзям?! У Таліне ж, як пра вялікую страту архітэктурнай спадчыны, нам расказвалі пра разбомблены ў гады вайны на ратушнай плошчы будынак важні (ад слова “важыць” – ах, якое смачнае беларускае слоўца!)
Зрэшты, пра мову. Назвы славутасцяў горада ў перакладзе на рускую мову сведчаць: эстонцы, якіх іншыя народы чамусьці лічаць злёгку “прытарможанымі”, заўсёды мелі пачуццё гумару. Скажам, атэль, у якім мы начавалі, размяшчаўся ў раёне, які называецца “Бераг уцекачоў” – як нам растлумачылі, туды ўцякалі тыя, хто набедакурыў у горадзе (чаму – аб гэтым крыху пазней). Ёсць там яшчэ раён “Кашачы хвост”, “Бераг жулікаў”, сярэднявечная вежа “Гледзячы ў кухню” – паданне сведчыць: яе так назвалі таму, што вышыня дазваляла зазірнуць у акно кожнай кухні горада і паглядзець, што ж там гатуецца на абед (турысты могуць у гэтым пераканацца і сёння – у нас жа, на жаль, не хапіла часу). Ёсць вуліцы “Доўгая нага” і “Кароткая нага”.
Каля вежы “Тоўстая Маргарыта” абавязкова трэба пабываць тым, хто лічыць сябе залішне поўным, сфатаграфавацца на яе фоне – і пераканацца, што ў параўнанні з “Тоўстай Маргарытай” вы – проста Дзюймовачка!
Увогуле, я б сказала, што Талін – гэта горад кантрастаў. Дакладней – парадоксаў, асабіста для мяне – дрэнна вытлумачальных. Ну вось, да прыкладу, мы, беларусы, любім наракаць на тое, што сваю нацыянальную самасвядомасць не здолелі захаваць, бо ўвесь час былі “пад некім”: рускімі палякамі... А Эстонія, Талін? У розныя часы – уладанні Даніі, Германіі, Швецыі, Расіі… Дзяржаўны сцяг, і той узяты ад нейкага студэнцкага грамадскага таварыства. А захавалі ж – і мову сваю, і культуру, і традыцыі… Нават пры тым, што Верхні горад заўсёды быў месцам уладанняў “гаспадароў” – немцаў, шведаў, рускіх, якія гаварылі на сваёй мове, а ў Ніжнім – горадзе рамеснікаў, які заўсёды знаходзіўся з Верхнім горадам ў стане дрэнна схаванай канфрантацыі, – панавала родная-народная мова. Але дзе сёння тыя колішнія гаспадары? А народныя традыцыі ў Таліне і сёння – на кожным кроку. Спецыфічны смажаны міндаль – салодкі, часночны, салёны – прадаюць жанчыны ў нацыянальных касцюмах. І марцыпаны, і каву, і ў падарожжа па Старым горадзе на спецыяльным турыстычным цягнічку запрашаюць такія ж…
Дарэчы, пра індустрыю турызму. З гэтай нагоды ўспомніўся стары савецкі анекдот (а можа, і быль). У 90-я гады на наш завод “Гарызонт” – лепшы па тым часе ў Саюзе! – прыехалі калегі-японцы. Агледзеўшы вытворчасць нашых тэлевізараў, яны вынеслі вердыкт: “Мы думалі, вы ад нас адсталі гадоў на 10, ну хай сабе на 20. Але вы ад нас адсталі назаўсёды!”
Такія ж думкі ўзнікаюць, калі блукаеш па вуліцах Таліна: у развіцці турызму мы адсталі назаўсёды! Да прыкладу, у мінулыя выхадныя на цэнтральнай плошчы Астраўца мяне прыпынілі мужчына і жанчына, каб пацікавіцца, дзе можна ў нашым горадзе выпіць кубачак кавы – з улікам таго, што часу ў іх мала, а ў рэстаране і ў “Беларускім кутку” – спецабслугоўванне (ну вядома ж, сезон вяселляў!) Пасля працяглага роздуму я параіла гасцям горада кафетэрый “Гермеса” – хоць да гэтага часу не ўпэўнена, ці правільна зрабіла?
У Таліне ж (нагадаю: да 90-х гадоў мы былі суб’ектамі адной краіны, хоць і з розным папярэднеістарычным мінулым) маленькія ўтульныя кавярні, кафэшкі, рэстаранчыкі ў нацыянальным стылі – на кожным кроку. І ў кожным рады вас бачыць, рады прапанаваць усё і яшчэ трошкі – абы вы затрымаліся як мага даўжэй!
Ды што там рэстаранчыкі: шукаючы ў вольны час тую самую “Тоўстую Маргарыту”, мы на вузкай вулачцы ўбачылі ўваход ў вельмі сімпатычны і дагледжаны дворык – і не ўтрымаліся, каб не зайсці. І ўбачылі там аб’яву “на ламанай” рускай мове з прапановай прахаладжальных напояў і лёгкіх закусак. Вы можаце ў нас уявіць гэта?
Наконт гістарычных славутасцяў: іх у Таліне больш чым дастаткова. Ну, вядома ж, сімвал горада, флюгер “Стары Томас”, які круціцца на вежы гарадской ратушы на вышыні ў 64 метры. Арыгінал зараз знаходзіцца ў музеі, а на ратушы зараз ужо яго “ўнук”, трэці “Стары Томас” – але гэта ўжо не прынцыпова.
Сама ратуша – таксама славутасць: і ў плане свайго ўзросту – усё ж не адно стагоддзе стаіць бабулька на гэтым месцы, і з-за свайго вадасцёку ў форме галавы кракадзіла, які збірае ваду з усяго будынка і пасля вялікага дажджу шумна “плюецца” яшчэ добрых паўгадзіны пасля таго, як лівень скончыцца. І ў плане аздаблення: разныя дубовыя лаўкі 14-га стагоддзя – гэта вам як? І разьба там, я вам скажу, – дух захоплівае: сцэны з “Трыстана і Ізольды” ў драбнейшых дэталях, да перадачы выразу твараў! На гэтых лаўках некалі, стагоддзі назад, сядзелі “дзяржаўныя мужы”, якія вырашалі, якое пакаранне выносіць тым ці іншым злачынцам. Смяротнага пакарання ў горадзе не было, але, як лічылі гараджане, можна было атрымаць куды горшае: стаянне пасярод плошчы прыкутым да слупа ганьбы: паўгадзіны – верная смерць, а 10-15 хвілін – цалкам дастаткова, каб гараджанін назаўсёды пакінуў гэтыя месцы і збег на “Востраў уцекачоў”– жыць з такім сорамам немагчыма. Такое пакаранне выносілі за самыя цяжкія злачынствы – такімі, апроч іншага, лічыліся… плёткі.
І таму сярод тагачасных жанчын хадзіў жарт: выходзіш з дому на 15 хвілін, май на ўвазе, што можаш вярнуцца праз тры гадзіны. Падумалася: вось калі б у нас дзейнічаў такі закон! “Пачасаў” з суседкай язык – “хто, калі, з кім і калі” – і марш сябе “пад Ленінам чысціць” на гадзінку-другую пры ўсеагульным аглядзе! Я яшчэ з адметнасцяў горада мне запомніўся насценны гадзіннік, калі не памыляюся, 14 стагоддзя. А можа, 16-га? Зрэшты, падумаенш, стагоддзе туды – стагоддзе сюды, у Таліне гэта не прынцыпова. Больш мяне здзівіла не напаўзабытая дата яго нараджэння, а тое, што ён не ішоў ён паўтара стагоддзя. А калі яго захацелі адрамантаваць і вярнуць да жыцця, аказалася, што ён цалкам спраўны – гадзіннік проста некалі забыліся завесці…
Можна яшчэ расказваць пра кафедральны сабор Аляксандра Неўскага, адметны тым, што тут пачынаў сваё служэнне Богу і людзям алтарнікам, а затым з’яўляўся епіскапам Талінскім і Эстонскім нядаўні Патрыярх Усяе Русі Алексій ІІ, які ў свой час абараніў храм ад перабудовы ў планетарый – былі ў савецкіх улад задумы; пра “музей марцыпанаў”, дзе маляўнічымі міні-фігуркамі можна не толькі любавацца, але і ласавацца; пра цудоўны канцэрт арганнай музыкі, які мы паспелі паслухаць у адным з касцёлаў; пра выстаўку сярэдневечнага мастацтва; пра ратушную аптэку, якая дзейнічае з 1422 года – і ні разу не зачынялася; пра цудоўныя і на дзіва адметныя сувенірныя лаўкі Таліна – звычайна яны ўсюды падобныя, як блізняты…
Пра многае можна расказваць – але ж даўно вядома: лепш адзін раз пабачыць, чым сто – пачуць. Так што, калі маеце магчымасць, адпраўляйцеся ў Талін – вам спадабаецца, можаце не сумнявацца!
Рыга
На першы недасведчаны погляд, гэтыя дзве прыбалтыйскія сталіцы – Талін і Рыга – павінны быць падобныя, як блізняты. Узнікненнем сваім абодва гарады абавязаны найперш Балтыйскаму мору. Гісторыя таксама падобная: будаваліся як гарады-крэпасці дзеля абароны ад аматараў браць чужое, не спытаўшы дазволу, – такіх заўсёды хапала; увесь час былі “пад некім” – то пад шведамі, то пад немцамі, то пад рускімі… І атрымалі незалежнасць, і страцілі яе, і зноў аднавілі прыкладна ў адзін час – і па падобным сцэнарыі. Лагічна было б меркаваць, што і выгляд яны маюць прыкладна аднолькавы.
Прыкладна так разважала я, настройваючыся на “паўтарэнне пройдзенага”, калі наш экскурсійны аўтобус пад’язджаў да Рыгі… Але, на шчасце і на жаль, аказалася, што ўсе, хто так думаў, глыбока памыляліся. На шчасце – бо ў Рызе нас чакала мноства новых уражанняў. На жаль – бо часу на знаёмства з латвійскай сталіцай у нас было недаравальна мала – некалькі гадзін…
У маіх пасляадпускных успамінах Талін узнікае ў абліччы чырвона-каменнага, востраверхага, груба абчасанага, крыху грубаватага, добразычлівага сярэдневечнага рыцара.
А старая Рыга – з маладой мы пазнаёміцца не паспелі – паўстала перад намі гэткай шляхетнай паненкай у пышных уборах архітэктуры югенд-стылю, у аздабленне якога сям-там уплятаюцца сярэднявечныя дарагія каралі: Домскі сабор, Шведскія вароты, Дом чарнагаловых, парахавая вежа, кавалак гарадской сцяны, Рыжскі замак – які зараз, дарэчы, знаходзіцца на рэканструкцыі.
Гэткім сваім мадэрновым уборам: звычайныя, жылыя дамы ўсе ў нейкіх незвычайных карунках, амаль паветраных аборках, вялікіх і малых скульптурах, вежах, балкончыках і іншых упрыгожаннях, якія можна пры жаданні разглядваць гадзінамі (а мы, як звычайна, з акна аўтобуса: “Паглядзіце налева.. Паглядзіце направа…”) – Рыга абавязана архітэктару Міхаілу Эйзенштэйну. Эйзенштэйн, між іншым, на самой справе – хто б мог падумаць! – па прафесіі ніякі не архітэктар, а звычайны інжынер, які ў свой час (канец 19-га стагоддзя) нават з’яўляўся дырэктарам дэпартаменту шляхоў зносін, а архітэктурай займаўся так, для душы, у якасці хобі. У канцы 19-га – пачатку 20-га стагоддзя ў вольны ад асноўнай работы час ён спраектаваў больш за паўсотні такіх вось незвычайна прыгожых даходных дамоў, кватэры ў якіх здаваліся ў наём. (І навошта, як палічылі б сёння, рабіць іх такімі прыгожымі, калі нават пакойчыку ў “хрушчобах” кватэраздымшчыкі былі б рады?..)
Стыль, у якім былі пабудаваны гэтыя дамы, атрымаў назву югенд-стыля – і менавіта дзякуючы гэтым “мадэрновым” дамам Рыга ўнесена ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.
Але не толькі як архітэктар рыжскіх незвычайнай прыгажосці дамоў увайшоў у гісторыю Міхаіл Эйзенштэйн, а яшчэ і як бацька пачынальніка савецкага кінематографа Сяргея Эйзенштэйна – але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, зусім не такая прыгожая. Бацька, які не прыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю, разышоўся з першай жонкай, маці адзінага сына Сяргея (хоць спачатку ўсё ж разышоўся, рэвалюцыя да гэтага не мела ніякага дачынення) і з’ехаў у Германію, дзе ажаніўся ў другі раз. А сын – дарэчы, таксама інжынер па першай прафесіі – у маладой савецкай Расіі ў літаральным сэнсе слова нараджаў важнейшае з усіх мастацтваў – кіно. І ў дарослым жыцці два геніі – бацька і сын – не падтрымлівалі адносін.
А сапраўднымі брыльянтамі на гэтай карункавай сукенцы велікасвецкай дамы, шляхетнай спадарыні Рыгі з’яўляюцца будынкі, узрост якіх вылічваецца стагоддзямі. Найперш – знакаміты Домскі сабор, які пачалі будаваць яшчэ ў 1211 годзе – закончылі, праўда, больш як праз пяць стагоддзяў. Але калі сузіраеш веліч яго 90-мятровага шпіля, то ўжо няма розніцы, калі пабудавалі гэты цуд. І застаецца толькі шкадаваць, што голас знакамітага аргана – кажуць, аднаго з лепшых у свеце – нам пачуць не ўдалося. Ну я ж казала: галопам па Еўропе…
Яшчэ рыжане, як мы зразумелі, вельмі ганарацца сваім Домам чарнагаловых. Дамы чарнагаловых – гэта, у перакладзе на нашу рэчаіснасць, тагачасныя своеасаблівыя “клубы” для “залатой моладзі”: там збіраліся маладыя нежанатыя купцы – выключна мужчыны! – і весела, а часам – і карысна праводзілі час. Да прыкладу, традыцыя ставіць калядную ёлку на плошчы, як нам расказалі, пайшла менавіта з Рыгі і менавіта ад “чарнагаловых”: яны ўпершыню прыбралі калядную ёлку на ратушнай плошчы – адбылося гэта ў 1510 годзе. А “чарнагаловымі” гэтых вясёлых, разумных і багатых маладых людзей празвалі таму, што ў якасці свайго святога патрона яны абралі Святога Маўрыкія і адлюстравалі яго чорную галаву на сваім гербе (святы Маўрыкій, прабачце маю непаліткарэктнасць, быў неграм).
Такі ж Дом чарнагаловых нам напярэдадні паказвалі і ў Таліне, пераконваючы, што іх – найлепшы. У плане гістарычнасці – вядома ж: эстонскі Дом чарнагаловых захаваўся з часу заснавання. Але прыгажэйшы, як назаўтра з гонарам адзначыла рыжскі экскурсавод, безумоўна ж, латвійскі. Хоць, калі даведаешся, што ў Рызе Дом чарнагаловых моцна пацярпеў падчас бамбёжак у Другую Сусветную вайну і амаль поўнасцю адбудаваны ўжо ў 90-я гады мінулага стагоддзя, то паміж прыгажосцю і сапраўднасцю перавагу аддаеш усё ж гісторыі…
Увогуле, як мы заўважылі, паміж эстонцамі і латышамі існуе добразычлівае добрасуседскае саперніцтва: хто даўнейшы, хто прыгажэйшы, хто лепшы?
Яшчэ Рыгу можна лічыць своеасаблівай кінематаграфічнай сталіцай былога Савецкага Саюза: тут здымалі многія фільмы, дзеянне якіх адбываецца за мяжой.
Скажам, мы прайшліся па “Блюмен-штрасэ” – Кветкавай вуліцы, дзе загінуў, выкінуўшыся з акна праваленай яўкі, прафесар Плейшнер – цітры ў фільме “Сямнаццаць імгненняў вясны” сведчылі, што адбывалася гэта ў швейцарскім Берне.
А амаль насупраць – знакамітая Бейкерстрыт, дзе іграў на скрыпцы, актывізуючы свой дэдуктыўны метад, непераўзыдзены Шэрлак Холмс усіх часоў і народаў у выкананні Васілія Ліванава, каву якому падавала такая ж бессмяротная місіс Хатсан – Рына Зялёная.
Дарэчы, прадпрымальныя рыжане, перачытаўшы Конан Дойля, высветлілі, што пісьменнік нідзе не паведаміў пра дзень нараджэння Шэрлака Холмса. А раз так – чаму б яго не “прызначыць?” У Рызе вырашылі, што 5 студзеня – самы падыходзячы дзень, каб нарадзіцца знакамітаму сышчыку (тут я згодна: вядома ж, Шэрлак Холмс – Казярог, кім жа яму яшчэ быць?!!). І кожны год у гэты дзень на рыжскай “Бейкер-стрыт” праводзяцца тэматычныя “Шэрлак-Холмсаўскія” фестывалі. У мінулым годзе, расказвалі, ён прысвячаўся сабаку Баскервіль.
“Цвіком праграмы” быў парад сабак Баскервіль – усіх парод і памераў. А ўсіх прысутных бясплатна частавалі – чым, вы думаеце? Правільна – аўсянкай, сэр! А вось фестываляў “Шцірліцаў”, у Рызе не праводзяць. І ўвогуле, адносіны да часоў савецкай улады хутчэй адмоўныя, чым станоўчыя. Пра гэта сведчыць і вялізны змрочны будынак у самым цэнтры гора- да, амаль што на Ратушнай плошчы – музей савецкай акупацыі.
Заўважце: у Рызе, першы ўспамін аб якой адносіцца да 1150 года, а ўпершыню сталіцай незалежнай дзяржавы яна стала толькі ў 1918 годзе і аднавіла незалежнасць толькі ў 1991 годзе, падчас савецкага “параду суверэнітэтаў”, не лічаць акупацыяй знаходжанне ні ў складзе Германіі, ні Расіі, ні Швецыі – на сваю скандынаўскую суседку з другога боку Балтыйскага мора ўвогуле паглядваюць вельмі прыхільна, называючы шведскі перыяд “залатым векам” Латвіі. А вось саветы – акупацыя…
І, скардзячыся на цяжкае сённяшняе жыццё, на нізкія зарплаты і высокія цэны, чакаючы, што з новага года, з уступленнем Латвіі ў Еўрасаюз, яны ўзрастуць яшчэ больш, як мінімум працэнтаў на 30, наша экскурсавод, жанчына ў гадах, тым не менш катэгарычна заявіла, што вярнуцца ў Савецкі Саюз у яе няма ніякага жадання… Хоць, прызналася, многае з тых часоў яна б з задавальненнем забрала ў сённяшнюю Латвію.
Аб тым, што думаюць так многія латышы, сведчыць рыжскі варыянт статуі Свабоды (латышскі, больш сціплы варыянт амерыканскай знакамітасці – але нечым усё ж падобны на заакіянскі правобраз), узведзены ў Рызе ў 1935 годзе на народныя ахвяраванні: вастрасловы падмецілі, што павернуты ён тварам на захад і спіной – на ўсход…
І пры ўсім пры тым… Толькі мы выйшлі з аўтобуса, як нейкі сумніўнага выгляду мужычок прапанаваў набор паштовак з відамі Рыгі. І хто б іх купіў, каб прадавец не прадаваў іх за беларускія рублі? Набыла з пачуцця патрыятызму – хай не кажуць, што нашы грошы нікому не патрэбны!
А “дабілі” вулічныя музыканты-“духавікі”, якія каля адной з турыстычных адметнасцяў горада – дамоў “Тры браты”, згледзеўшы нашу групу – літаральна праз хвіліну аднекуль даведаліся, што мы з Беларусі, – зайгралі беларускі гімн! Мы аслупянелі ад нечаканасці – не ўпэўнена, што кожны беларускі музыкант, ды яшчэ на вуліцы, здольны зрабіць гэта! А пасля, “на закуску”, – яшчэ і “Вы шуміце, бярозы”.
Што ні кажы, а прыемна за мяжой, нават калі выехаў туды на некалькі дзён, пачуць прывітанне з радзімы…
Як я ўжо казала ў самым пачатку гэтых нататкаў, адной з мэт падарожжа ў Стакгольм цераз Талін і Рыгу было жаданне “на карабліку пакатацца”.
Мы яшчэ блукалі па вузкіх вулачках Рыгі – а яна ўжо чакала нас ля прычала, велічная і прыгожая бела-блакітная “Рамантыка” – паром, на якім нам належала крыху больш як за дванаццаць гадзін дабрацца да Швецыі.
І мы таксама чакалі гэтай сустрэчы, узгадваючы мінулыя падарожжы на лодках і крыху большых кацярках, расказы бывалых і нават сівога паромшчыка з песні Пугачовай, прыкідваючы, на што ж з усяго гэтага можа быць падобная наша “Рамантыка” і падарожжа на ёй.
Плыць, плыць, плыць...
“Рамантыка” аказалася велізарным дзевяціпавярховым (ах, прабачце – дзевяціпалубным: кожны паверх у дадзеным выпадку – палуба) атэлем з усімі магчымымі выгодамі цывілізацыі. Пасадка на яго – прыкладна такая ж, як на самалёт – праз турнікеты, рамкі-металашукальнікі, доўгі металічны рукаў-калідор… Толькі з менш строгім і скрупулёзным асабістым даглядам: не трэба было разувацца і здымаць курткі, не выкідвалі бутэлькі з напоямі. І за тое дзякуй! Пасажырскія палубы-паверхі, як мы зразумелі, пачынаюцца з пятай, унізе – абслугоўваючыя службы (гэта ж колькі іх трэба, каб у гэтай махіне ўсё працавала бездакорна, і ўсім і ўсяго было ўдосталь: і зручнасцей, і хлеба, і відовішч, і бяспекі?..) А таксама – тэхніка (наш экскурсійны аўтобус разам з дзясяткамі іншых падобных бясследна знік у яго чэраве – а назаўтра ранкам “Рамантыка” “выплюнула” ўсё гэта разам з намі, пасажырамі, на прыстань Стакгольма.
Заблудзіцца ў лабірынтах калідораў, холаў, лесвіц нават адной палубы-паверха вельмі нават проста. Блукаючы ў пошуках сваёй каюты, мы міжволі праз адчыненыя дзверы зазіралі ў чужыя – і дзівіліся іх багатаму ўбранству: мяккія канапы, шырокія вокны, дываны…
І ўяўлялі, як літаральна праз некалькі хвілін праз круглае вочка ілюмінатара будзем назіраць за тым, як адчаліць наш паром ад прыстані, за хвалямі – і спрабаваць расчытаць аўтографы чаек на лініі гарызонту. Але ўсё аказалася больш празаічна: выбраўшы самы танны білет, мы, адпаведна, атрымалі самую сціплую 4-хмесную каюту, якая нечым нагадвала купэ ў цягніку. Праўда, больш прасторнае і ўтульнае, нават з персанальным санвузлом і мікраскапічнай душавой кабінай. Але без акна (прабачце, “марскія ваўкі”, – без ілюмінатара): замест яго – вялікае люстэрка. Сапраўды: навошта жанчынам ілюмінатар, што там глядзець, за тым акном, ды яшчэ ноччу? А вось на сябе, прыгожую, паўзірацца ніколі не пашкодзіць: ці не з’явілася новая маршчынка, ці роўна лёг макіяж? (жартую).
Але мы нядоўга засмучаліся з-за адсутнасці ў нашым часовым прыстанішчы “акна ў свет”. Суцешыўшы сябе тым, што для сузірання неабсяжных прастораў Балтыкі існуе адкрытая палуба, і нават не адна, закінуўшы рэчы ў каюту, пайшлі знаёміцца са сваёй “Рамантыкай”. Ужо праз некалькі хвілін пераканаліся, што з камфартабельным атэлем наш паром я параўнала недарэмна: пакуль не выйдзеш на адкрытую палубу, нішто не нагадвае, што ты – на караблі ў адкрытым моры.
Качкі – менавіта яе больш за ўсё апасаліся пачынаючыя марскія падарожнікі кшталту мяне – практычна не адчуваецца. Ды і паспрабуй ты раскачай такую махіну! А мо справа была ў даволі прыязным да нас у той і наступныя дні надвор’і? Усё навокал заслана мяккімі дыванамі, усё блішчыць і ззяе: люстры і люстэркі, залачоныя парэнчы лесвіц, шыльды шматлікіх магазінаў, бараў, клубаў і рэстаранаў…
Ды што там: там нават ліфт такі ж люстрана-бліскучы, як і ўсё навокал. Дзейнічае і саўна з басейнам – але да іх мы так і не дабраліся…
Харчаванне і забавы на пароме-атэлі вартыя таго, каб пра іх расказаць больш падрабязна. Вячэру падарожнікам прапаноўвалі за дадатковую плату – 28 еўра. Дарагавата для браткоў-беларусаў, праўда? І мы так думалі, пакуль не патрапілі ў залу рэстарана. Бо за гэтыя грошы ні ў адным з беларускіх рэстаранаў ТАК не пад’ясі.
Абжорства, можа, і грэх – але ж, як, напэўна, і любы грэх – яшчэ і задавальненне. У мяне не хапае фантазіі, каб прыдумаць, чаго не было ў тым рэстаране – скажу толькі, што такой самай разнастайнай смакаты і ў такой колькасці не бачыла ніколі. І, як гаварыў герой аднаго папулярнага фільма, за ўсё ўжо заплачана – і нікому няма справы да таго, колькі з усяго таго, што горамі і місамі ляжала і стаяла на раздатачных сталах, спажывеш: абы здароўе дазваляла. Можна было набраць на талерку – адну, другую, трэцюю, пятую – ніхто ж не лічыць – усяго, чаго душа пажадае. І столькі, колькі ўлезе ў ваш згаладаўшыся пасля непрацяглага, але насычанага падарожжа арганізм. У такія моманты мусіш пагадзіцца з адным старым знаёмым, які ў падобных выпадках пачынае шкадаваць, што чалавек – не вярблюд…
І гэткай жа багатай і разнастайнай была праграма адпачынку – пачынаючы ад мультымедыйнай прэзентацыі Стакгольма, сустрэча з якім чакала нас праз нейкіх восем-дзесяць гадзін, агністага рок-н-рола ў выкананні галасістых цёмнаскурых артыстаў, у якіх спявала і танцавала, здаецца, кожная клетачка цела, папулярнай музыкі, пад якую ўсе жадаючыя маглі патанцаваць (усё – выключна жывы гук) – і заканчваючы шоу пад назвай “розыгрыш латарэі”, у якім пашанцавала і некаторым з нашых турыстычных “супляменнікаў” – але, на жаль, не нам…. Словам, “весела і культурна” праводзіць час на пароме можна з вечара і да самага ранку – з бакалам піва ці віна ці без яго, як каму хочацца.
І ўсё ж нас, сухапутных “чайнікаў”, больш за ўсё цікавіла мора, якое бязгучна білася ў таўстасценныя барты нашага плывучага атэля. І таму, імкнучыся паспець усюды і пабачыць усё, мы ўсё ж найперш імкнуліся да стасункаў з ім, магутным і незразумелым, стыхіяй, якую чалавек увесь час імкнецца прыручыць – і калі палічыць, што справа ўжо зроблена, і мора, як пяшчотнае кацянё, ласкава вурчыць каля ног – яно без папярэджвання нагадае, на чыім баку – сіла, і хто ў гэтым свеце – гаспадар…
Стоячы на палубе пад свінцова-шэрымі хмарамі і імкнучыся схавацца ад парываў ветру, разумееш, што нават такі цуд чалавечай думкі і працы, як наша магутная “Рамантыка” ў гэтым, не самым вялікім і небяспечным на зямлі Балтыйскім моры, якое сёй-той паблажліва называе вялікай лужынай, – усяго толькі бляшанка. А мы, са сваімі захапленнямі, марамі і праблемамі – дробныя пясчынкі, якія воляй Усявышняга ляцяць у Сусвеце…
У дадзеным канкрэтным выпадку – плывуць на пароме з Рыгі ў Стакгольм.
…Нас папярэджвалі, што самае галоўнае падчас марской часткі падарожжа – пабачыць узыход сонца. І мы шчыра імкнуліся стаць сведкамі гэтага незабыўнага відовішча. Але самым банальным і недаравальным чынам праспалі! Калі ранкам выйшлі на палубу, яркі дыск звысоку насмешліва падміргваў нам сваім жоўтым вочкам: “Ну што, соні? Давядзецца вам яшчэ раз збірацца ў марское падарожжа – самага галоўнага ж не ўбачылі!” Ну што ж – не самая горшая прапанова…
Але на падыходзе да Стакгольма, калі на даляглядзе сталі з’яўляцца астравы і астраўкі, нас чакала – у якасці маральнай кампенсацыі за праспаны ўзыход сонца – не менш захапляльнае відовішча.
Увогуле Швецыя сваёй паўночнай, някідкай, нягучнай, але нейкай магутнай прыгажосцю зачароўвае, як мне здаецца, кожнага. Усялякая: з вышыні птушынага палёту, з аўтамабільнай дарогі, з пешаходнай сцежкі… Але марская яе прыгажосць – асаблівая. Горад размешчаны на архіпелагу, які складаецца больш чым з дзясятка тысяч астравоў самых розных па памерах: цэнтральная частка Стакгольма, да прыкладу, размясцілася на сямі асноўных. Вандруючы на аўтобусе ці метро, нават цяжка зразумець, калі ты з аднаго вострава трапляеш на другі.
Але калі падплываеш да сталіцы Швецыі на пароме… Астравы, астраўкі і астравочкі, нібы з карціны ці паштоўкі, памерам, здаецца, з пядзю, густа парослыя хвойнікам ці ельнікам, са скалістымі берагамі, які ўжо самі па сабе – упрыгожанне, з адным-двума традыцыйнымі шведскімі чырвонымі домікамі з белымі налічнікамі і ганкам – гэта здаецца ілюстрацыяй да нейкай казкі, і цяжка ўявіць, што гэта табе не сніцца, а існуе на самой справе. І ў нейкі момант узнікае неадольнае жаданне: любым чынам апынуцца на гэтым востраве, застацца там хоць бы на дзень ці тыдзень – і каб ніякага інтэрнэту і тэлефонаў! Толькі ты, мора, сосны і скалы…
Не дзіва, што ўсе гэтыя астраўкі – прыватная ўласнасць, і каштуюць, кажуць, шалёных грошай. Дзіўна іншае: што ўрад Швецыі нікому, нават “новым шведам” з іх баснаслоўнымі капіталамі, не дазваляе там нічога перарабляць і мадэрнізаваць, каб не парушыць гармонію і ідылію, якая існуе… Кажуць, нават шведскі прынц (у Швецыі, нагадаю, манархія) не змог пабудаваць на сваім востраве дадатковы прычал ці нейкую іншую патрэбную Яго Каралеўскай Высокасці зручнасць.
Хоць, зрэшты, крышку ведаючы шведаў, я ні кроплі не сумняваюся, што на кожным такім астраўку пасярод мора ёсць электрычнасць і ўсе звязаныя з ёй выгоды цывілізацыі. Вось толькі так і не змагла высветліць, як энергія туды трапляе: ад аўтаномнага генератара ці якім іншым шляхам…
--------------------------------------
Аматарка блізкіх і далёкіх вандровак Ніна РЫБІК.
