Празднование "спортивного дня"
Напярэдадні Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту ў актавай зале Астравецкай школы мастацтваў прайшло ўрачыстае мерапрыемства, якое сабрала спартыўны актыў раёна – вядомых спартсменаў і падрастаючае пакаленне, настаўнікаў фізічнай культуры, трэнераў, ветэранаў працы і людзей, якія не раўнадушныя да спорту.
Усіх прысутных з прафесійным святам павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіч, а начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Астравецкага раённага выканаўчага камітэта С.В. Шэін адзначыў: святкаванне “спартыўнага дня” стала традыцыяй, і астравецкіх спартсменаў ужо пабойваюцца іншыя раёны.
Спартсмены, якія прадстаўляюць не толькі Астравеччыну, але і рэспубліку на міжнародных спаборніцтвах, былі запрошаны на сцэну. Дзмітрый Валюкевіч, майстар спорту міжнароднага класа, неаднаразовы ўдзельнік Алімпійскіх гульняў, распавёў, што ў вялікім спорце галоўнае – не здавацца. А Аляксандр Ляховіч, майстар спорту па спартыўнай хадзьбе, пажадаў усім здароў’я. Сяргей Лобан, майстар спорту па боксе, падзякаваў свайму трэнеру А. З. Маргужу за добрую школу. Падарункі акрамя іх атрымалі і прадстаўніцы прыгожай паловы спартыўнага гонару раёна – Яна Гануліч і Алеся Блашкевіч.
Метадыст па фізічнай культуры раённага аддзела адукацыі М.І. Сінкевіч адзначыла працу настаўнікаў, дзякуючы якім рабяты дастойна прадстаўляюць гонар раёна: Т.Р. Пятрова і С.Т. Бернюкевіч з Варнянскага НПК, А. Ч. Бумбуль з гімназіі, М. В. Трафімчык з Міхалішкаўскай СШ, Ю.П.Саўко з Дайлідскай СШ, Я. М. Бандарэнка з СШ №1 г. Астравец, А. М. Лузінава з Падольскага НПК. Спартыўна адораныя вучні школ раёна былі адзначаны граматамі аддзела адукацыі.
Ад цэнтральнай раённай бальніцы ўсіх прысутных павіншаваў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя Т.З. Субаткевіч. Тадэвуш Зыгмундавіч адзначыў, што здароўе дапамагаюць зберагаць заняткі фізічнай культурай.
У спартыўныя рады былі прыняты самыя юныя спартсмены – выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Яе дырэктар А.І. Шаўчэнка ўручыў білеты баксёрам – выхаванцам А.З. Маргужа, легкаатлетам В.Марцішэўскага, А.У. Блашкевіча і І.Дз. Гануліча. Цёплыя словы падрастаючаму пакаленню выказалі спартсмены раёна, а Яна Гануліч пажадала, каб рабяты, якія знаходзяцца на пачатку сваёй дарогі ў спорт, абавязкова трапілі на Алімпійскія гульні.
У старажытнай Грэцыі, роданачальніцы гульняў, усім былі вядомы словы: “Хочаш быць моцным – бегай, хочаш быць прыгожым – бегай, хочаш быць – разумным – бегай”. Моцныя, прыгожыя і разумныя трэнеры В.У. Марцішэўскі, А.У. Блашкевіч і завуч ДзЮСШ С.Б.Раманоўская атрымалі граматы з рук дырэктара спартыўнай школы. Падзячным пісьмом Прэзідыума раённага Савета дэпутатаў была адзначана праца І.Дз. Гануліча.
За высокія спартыўныя дасягненні грашовыя прэміі раённага выканаўчага камітэта атрымалі Марк Маргуж, Арцём Рагавенка, Аляксандр Грынчук і Мікіта Власенка і трэнер па боксе А.З. Маргуж.
Памятнымі сувенірамі ўзнагароджаны ветэраны працы: В.С. Блахін, У.М. Чарнушэвіч, С.Б. Памецька. Не абышлі ўвагай і спартсменаў раённых арганізацый і прадпрыемстваў.
Дзякуючы пранікнёным мелодыям і кампазіцыям у выкананні самадзейных артыстаў свята атрымалася яшчэ больш вясёлым і прыгожым.
Пасля заканчэння ўрачыстай праграмы многія не разыходзіліся: вядомыя па-за межамі раёна спартсмены падыходзілі да трэнераў, разам з якімі рабілі першыя крокі ў спорце… Дзеці, якія наведваюць спартыўныя секцыі першы год, не адыходзіліся ад “легенд» астравецкага спорту…
Мова спорту – адна, і яе разумее кожны, хто кіраваўся ў жыцці алімпійскім дэвізам – “хутчэй, вышэй, мацней!”.
___________________
Алена Юркойць,
фота аўтара

