Своё будущее юные островецкие футболисты мечтают связать со спортом

Гэтая папулярная гульня раз і назаўсёды захоплівае ў палон многіх. На полі ці на трыбунах, на дваровай пляцоўцы ці ля тэлевізара яна прымушае радавацца і хвалявацца, перажываць і нервавацца. І ў неўтаймаваным парыве футбольнай эйфарыі крычаць на ўсю кватэру “Го-о-ол!”
Яны таксама трапілі пад уплыў магіі футболу. Настолькі, што дзіцячыя гульні на вясковым стадыёне перараслі ў рэгулярныя трэніроўкі, удзел у спаборніцтвах, перамогі і жаданне ўдасканальвацца яшчэ больш. Нядаўна, дзякуючы трэнеру Казіміру Леанардавічу Бабічу, рабят заўважылі і прапанавалі паспрабаваць сілы на трэніроўках у Пастаўскай футбольнай акадэміі – установе сур’ёзнай і перспектыўнай.
Словам, знаёмцеся: юныя аматары футболу – эмацыйны і халерычны васьмікласнік Міхалішкаўскай сярэдняй школы Аляксей Гаўрыльчык і разважлівы і мэтанакіраваны васьмікласнік Спондаўскай сярэдняй школы Эдуард Назараў.





– Памятаеце, калі ўпершыню захапіліся футболам?


Аляксей Гаўрыльчык: Як і большасць хлопчыкаў, мы з сябрамі нярэдка збіраліся і гулялі ў футбол ці проста білі мячом па варотах. А больш мэтанакіравана пачаў займацца недзе ў классе шостым.


Эдуард Назараў: Футболам захапіўся, калі да нас у школу прыйшоў працаваць настаўнікам фізкультуры Казімір Леанардавіч Бабіч. На той час я вучыўся ў другім класе. Менавіта з таго часу маё знаёмства з футболам перарасло ў моцнае сяброўства.


– Калі прыйшло ўсведамленне, што футбол – гэта не проста “мяч паганяць”, а нешта большае?


Аляксей Гаўрыльчык: Калі пачало нешта атрымлівацца. Калі гульня давала вынік. Калі мы абыгрывалі сапернікаў. Калі прыйшло разуменне, што ў перамозе ёсць і твая заслуга. Футбол – гэта класна!


Эдуард Назараў: Напэўна, калі заняткі футболам сталі прыносіць вынік. Калі нас сталі запрашаць на розныя сустрэчы, турніры. А яшчэ я атрымліваю асалоду ад таго, што мне сапраўды падабаецца. І футбол, безумоўна, уваходзіць у гэты пералік.


– Разбітыя каленкі, падраныя штаны, дні і вечары на стадыёне… Як бацькі, у прыватнасці маці, адносяцца да захаплення футболам?


Аляксей Гаўрыльчык: Калені зажывуць, а штаны можна зашыць. Ды і наогул – у футбол трэба гуляць у шортах. Бацькі адносяцца нармальна. Яны радуюцца маім дасягненням і дапамагаюць, калі трэба. Мама, напрыклад, раз у тыдзень возіць нас на трэніроўку ў Пастаўскую футбольную акадэмію.


Эдуард Назараў: Да заняткаў футболам бацькі адносяцца з разуменнем. Мама заўсёды гаворыць, што, калі мне гэта сапраўды цікава – трэба займацца. І разам з тым раіць быць падчас трэніровак і гульні на полі ўважлівым і акуратным. Адно няўдалае падзенне, недарэчная траўма – і шлях у спорт можа быць перакрэслены назаўсёды.






– Ведаю, што пасля ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія праводзіла “Дзіцячая ліга футболу”, вас запрасілі на прагляд у прэстыжную Пастаўскую акадэмію футбола. Зараз ездзіце туды на трэніроўкі. Навошта ўсё гэта?


Аляксей Гаўрыльчык: Сапраўды, раз у тыдзень мы ездзім у Паставы на трэніроўкі. Яны розныя: бываюць гульнявыя, а часам проста займаемся фізічнымі практыкаваннямі. Усё ў адпаведнасці з распрацаванай праграмай. Там цікава. Выпускнікі гэтай акадэміі гулялі ў вядомых беларускіх клубах – “Дынама”, “БАТЭ”. Навошта мне гэта? А раптам гэта шанс і ў мяне таксама штосьці атрымаецца?


Эдуард Назараў: Вядома, што пад ляжачы камень вада не цячэ. І калі выдалася магчымасць, трэба яе абавязкова выкарыстаць. Я вельмі задаволены, што мне пашчасціла займацца ў Пастаўскай футбольнай акадэміі. Гэта ўжо не нашы дваровыя гульні і нават не трэніроўкі Казіміра Леанардавіча – тут распрацавана сур’ёзная праграма. Словам, там “крута”. Атрымаецца штосьці ці не – час пакажа, а вось паспрабаваць, лічу, неабходна. А тое, што ездзіць трэба… Калі хочацца – я куды хочаш паеду!


– Што галоўнае ў футболе? Аб чым думаеце падчас гульні?


Аляксей Гаўрыльчык: Ой, там і думаць няма калі: трэба абараняць, пасаваць, забіваць. Галоўнае – рэалізоўваць на полі тое, што ўмееш, і імкнуцца да перамогі.


Эдуард Назараў: Галоўнае ў футболе – гэта сама гульня. Аб чым думаю? Нават і не ведаю. Аб перамозе? Яна не залежыць ад аднаго толькі мяне. Аб гэтым павінны думаць усе ўдзельнікі, бо футбол – гэта яшчэ і ўменне гуляць камандай, адчуваць і разумець адзін аднаго.


– Які ваш любімы футбольны клуб і ігрок?


Аляксей Гаўрыльчык: “Рэал Мадрыд”. А ігрок – Крышціану Раналду.


Эдуард Назараў: Італьянскі “Мілан”. Любімы ігрок – Яўген Канаплянка з украінскага ФК “Днепр”.


– Чым захапляецеся, акрамя футбола, і кім бачыце сябе ў будучым?


Аляксей Гаўрыльчык: Усе захапленні звязаны са спортам: лёгкая атлетыка, валейбол, зімой – лыжы. Будучыню, безумоўна, хочацца звязаць з футболам.


Эдуард Назараў: У асноўным захапляюся футболам і лёгкай атлетыкай. З выбарам прафесіі яшчэ канчаткова не вызначыўся. Калі ўсё атрымаецца, думаю, яна будзе звязана са спортам.


-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.