Стритболисты Островетчины стали вторыми на областном турнире "Спорт, здоровье, закон"
Гервяцка-гудагайскія стрытбалісты сталі сярэбранымі прызёрамі на абласным турніры “Спорт, здароўе, закон”, які праводзіў абласны аддзел спорту і турызму, пракуратура і Упраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. Спаборніцтва праходзіла па двух відах спорту: міні-футболе і стрытболе. У нашым рэгіёне занальны этап турніру праходзіў у Ашмянах, дзе сапернікамі астраўчан сталі смаргонцы і ашмянцы.
У міні-футболе наша каманда, якую складалі школьнікі СШ №1 і Гудагайскай СШ, ва ўпартай барацьбе выйграла ў гаспадароў поля 1:0, але прайграла смаргонцам1:5.
За сваіх таварышаў “адпомсціла” гервяцка-гудагайская каманда па стрытболе, якая ўпэўнена выйграла ў абедзвюх каманд і забяспечыла сабе ўдзел у абласных спаборніцтвах, якія праходзілі ў Гродне.
Усе каманды на турніры былі падзелены на групы. Сапернікамі астраўчан сталі стрытбалісты са Слоніма і Свіслачы. Непрыемным сюрпрызам для нашых рабят стаў удзел у гэтых камандах ігракоў, старэйшых за 18 гадоў. Тым не менш астраўчане не спалохаліся і па чарзе выйгралі ў Слоніма і ў Свіслачы.
А вось у фінале гервяцка-гудагайскіх стрытбалісты сустрэліся з вопытнымі і сур’ёзнымі сапернікамі з Ліды, якія ў выніку аказаліся мацнейшымі.
Такім чынам, наша пяцёрка ігракоў – Максім Чубрык, Томас Ядзевіч (трэнер Анатолій Кавалеўскі), Алег Золатаў, Эдуард Кандратовіч, Алег Гілевіч (трэнер Уладзімір Батура) сталі сярэбранымі прызёрамі спаборніцтва і былі ўзнагароджаны медалямі, кубкам і памятнымі прызамі.
-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота з сайта moyareklama.by.
