Стратегию развития экотуризма обсудили в Островце
У Астраўцы прайшла другая сустрэча ўдзельнікаў дэсцінацыі “Паўночны вектар Гродзеншчыны”.Нагадаю, што ў пачатку жніўня ў нашым горадзе збіраліся прадстаўнікі трох паўночных раёнаў Гродзенскай вобласці – Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага. На сустрэчы разглядаліся пытанні стварэння стратэгіі развіцця экатурызму ў дэсцінацыі “Паўночны вектар Гродзеншчыны” ў рамках праекта USAD “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, рэалізуемае ПРААН.
Тады на сустрэчу да прадстаўнікоў турыстычнай сферы паўночных раёнаў прыехалі старшыня праўлення міжнароднага асветніцкага грамадскага аб’яднання “АКТ” Уладзімір Корж і член праўлення гэтай арганізацыі Валерый Журакоўскі, каб дапамагчы вызначыцца з турыстычнымі тэмамі, якія можна “прасоўваць” у нашым рэгіёне.
Падчас правядзення другой сустрэчы спіс удзельнікаў папоўніўся каардынатарам праекта па Гродзенскай вобласці Аляксандрам Шухно. Удзел у мерапрыемстве прыняў таксама намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, які выказаў свае думкі і бачанне развіцця турыстычнай сферы ў нашых раёнах.
На другую сустрэчу ўдзельнікі дэсцінацыі прыйшлі больш падрыхтаванымі. Яны ўжо ведалі, што хочуць убачыць, і цяпер задумаліся над тым, як зрабіць наш рэгіён больш прывабным для турызму?
Наш край з пункту гледжання ландшафта, экалогіі, флоры і фауны, наяўнасці культурна-гістарычных помнікаў сапраўды ўнікальны. Тут турысты могуць задаволіць самыя розныя запыты. Гэта наведванне і вывучэнне ўнікальных помнікаў культуры і гісторыі, адпачынак на прыродзе, паляванне і многае іншае.
А цяпер уявіце: уздоўж Віліі на спецыяльна падрыхтаваных пляцоўках вы ставіце палатку, побач размешчаны пункт пракату турыстычнага інвентару, месцы харчавання, дзе можна паспытаць стравы беларускай кухні, якія пашыраны менавіта на Астравеччыне…
Вам не падабаецца спаць у палатцы?
Ніякай праблемы. Адпачыць можна ў аграсядзібе – уздоўж Віліі іх вялікая коль¬касць. І ўсе яны – добраўпарадкаваныя. Вы таксама можаце сплавіцца па рацэ на байдарцы, палятаць на парашуце ці дэльтаплане…
Каму актыўны адпачынак “не па зубах” – не ўсе любяць адпачываць на прыродзе, – той можа акунуцца ў пазнавальны турызм. Экскурсіі ў Гальшанскі і Крэўскі замкі (нагадаю, у дэсцінацыю ўваходзяць тры суседнія раёны), унікальныя касцёлы ў Гервятах, Міхалішках, Солах, “Мядзвежая акадэмія”, баль у Соф’і Гальшанскай… і іншыя цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы.
Прыгожая карцінка, ці не так?
Унікальнасць нашых раёнаў не падлягае сумненню. Толькі як зрабіць так, каб усе задумы ажыццявіліся? Як зрабіць наш рэгіён прывабным для турыстаў і развіцця турызму? Менавіта над гэтымі пытаннямі задумаліся ўдзельнікі сустрэчы.
Варыянты былі розныя: знайсці ініцыятыўнага чалавека, які б пагадзіўся ўкласці свае грошы ў турыстычнае развіццё рэгіёну, паспрабаваць гэта зрабіць самім ці выйграць грант на ажыццяўленне распрацаванага праекта…
Словам, было б проста цудоўна, каб усё задуманае стала явай. Пачатак жа добры, ясны і перспектыўны – значыць, палова справы ўжо зроблена.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
