Спортсмены Островетчины отметили День работников физической культуры и спорта

У гэты дзень яны адмяняюць трэніроўкі, мяняюць спартыўны касцюм на святочныя ўборы, а прывычныя красоўкі-кеды – на туфлі. І збіраюцца разам, каб павіншаваць адзін аднаго з прафесійным святам.

Нядаўна ў кінаканцэртнай зале “Астравец” адбылося мерапрыемства, прысвечанае святкаванню Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту.
Першым павіншаваць работнікаў фізічнай культуры з іх прафесійным святам на сцэну падняўся намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.


– Вельмі добра, што ў нас існуе такая традыцыя – адзначаць свята спартсменаў, бо далёка не ва ўсіх раёнах святкуюць гэты дзень, – адзначыў падчас выступлення Віктар Збігневіч. – І гэта цудоўна – яшчэ раз павіншаваць тых, хто праслаўляе Астравеччыну на спартыўных пляцоўках. Знакавая падзея, што дзень спорту адзначаецца якраз падчас правядзення ў нашай краіне Чэмпіянату свету па хакеі, бо пытанню развіцця спорту ўдзяляецца шмат увагі як у рэспубліцы, так і ў нашым раёне. Як вынік – Астравецкі раён у мінулым годзе заняў другое месца ў абласной спартыўнай рэйтынгавай табліцы. Мы ганарымся нашымі спартсменамі. І хочацца пажадаць вам здароўя, удачы ў спаборніцтвах і, вядома ж, новых перамог!


Віншаванні прадоўжыў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Сяргей Віктаравіч Шэін. Ён нагадаў, што 14 астравецкіх выхаванцаў уваходзяць у склад Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь, успомніў самыя яркія моманты і дасягненні астравецкіх спартсменаў у гэтым годзе, выказаў спадзяванне, што і надалей скарбонка перамог астравецкіх спартсменаў на розных спаборніцтвах-турнірах будзе папаўняцца, а таксама павіншаваў усіх са святам.
Па традыцыі на прафесійнае свята работнікі спорту запрашаюць сваіх колішніх вучняў, якія пасля заканчэння школы праслаўляюць Астравеччыну на розных спаборніцтвах. Сёлета на ўрачыстасці прысутнічала неаднаразовая прызёрка абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, студэнтка Гродзенскага вучылішча алімпійскага рэзерву Анастасія Рароўская.


– Вельмі прыемна, што мяне запрасілі на гэтую ўрачыстасць, – сціпла ад значыла дзяўчына. – Карыстаючыся магчымасцю, хачу падзякаваць свайму першаму трэнеру Васілю Васільевічу Мартышэўскаму. Спадзяюся, не падвяду яго і надалей. Ну а ўсіх спартсменаў – са святам!


Сярод астравецкіх юных таленавітых спартсменаў пачэсным госцем на мерапрыемстве быў пераможца і прызёр абласных, рэспубліканскіх і міжнародных турніраў па боксе Вадзім Мароз. Менавіта ён разам з Анастасіяй Рароўскай пад дружныя апладысменты гледачоў уручылі сваім юным пераемнікам – пачынаючым баксёрам і лёгкаатлетам – білеты і майкі выхаванцаў Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. А пасля ўрачыстай цырымоніі пасвячэння маленькіх баксёраў і лёгкаатлетаў, а таксама ўсіх работнікаў фізічнай культуры павіншаваў дырэктар ДзЮСШ Анатоль Іванавіч Шаўчэнка.
Летам мінулага года адбылося аб’яднанне двух аддзелаў райвыканкама – адукацыі і спорту. Што змянілася за гэты час, якія станоўчыя вынікі прынесла рэарганізацыя – пра гэта коратка расказала начальнік аддзела Наталля Іосіфаўна Станкевіч. Таксама яна павіншавала ўсіх са святам, падмацаваўшы словы ўручэннем Ганаровых грамат лепшым школьнікам-спартсменам.
Некалькі гадоў назад рашэннем райвыканкама былі зацверджаны штогадовыя прэміі ў галіне дзіцяча-юнацкага спорту за высокія вынікі на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Сёлета матэрыяльнае заахвочванне за перамогі і прызавыя месцы на рэспубліканскіх спаборніцтвах па боксе атрымалі Вадзім Мароз, Мікіта Ромаш, Арцём Рагавенка, Аляксандр Філіповіч, Арцём Каспяровіч, Аляксандр Грынчук і Дзмітрый Хадорскі. Не застаўся без увагі і трэнер юных баксёраў – Аляксей Зянонавіч Маргуж, які таксама быў адзначаны прэміяй.
У той дзень ніхто не застаўся без падарункаў. Сяргей Віктаравіч Шэін уручыў граматы і прызы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама лепшым спартсменам, ветэранам спорту, трэнерам і працоўным калектывам Астравеччыны.
І, вядома, свята не атрымалася б такім радасным і сонечным без вясёлых і прыгожых музычных падарункаў работнікаў культуры.


-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара
.