Спортивные баталии развернулись на стадионе в День Победы

У гонар Вялікай Перамогі прайшлі спаборніцтвы па розных відах спорту.


На гарадскім стадыёне кожны аматар спорту мог знайсці сабе відовішча па душы, а яшчэ лепш – атрымаць асалоду ад некалькіх спаборніцтваў адразу.

Самымі маштабнымі сталі, канешне ж, футбольныя баталіі. На полі высвятлялі адносіны каманды раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і “БелАЭС”. І гледачы, і ігракі атрымалі асалоду ад цікавай і насычанай гульні. З лікам 3:1 перамогу ў выніку святкавалі выратавальнікі.

А непадалёк спартыўным балем правіў малодшы брат – міні-футбол. Тут зборная каманда Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і Гудагайскай сярэдняй школы сустракалася на міні-футбольным полі з сапернікамі з гімназіі №1. Ва ўпартай барацьбе з лікам 5:3 перамагаюць футбалісты зборнай ЦТДіМ і Гудагайскай СШ.

Адчуць сябе снайперамі жадаючыя маглі падчас спаборніцтва ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Думаецца, для многіх галоўным была не колькасць “выбітых” ачкоў, а адрэналін ад трымання зброі ў руках – і радасць, што карыстаемся ёю ў мірны час…

Парадавала майскае сонейка і аматараў пляжнага валейбола. Як належыць па правілах – басанож, у шортах і майках – ігракі не зважалі на правакацыі лёгкага ветрыку і задорна білі па мячы. Паспаборнічаць у гэтым відзе спорту сабраліся тры каманды: “Янвесттранс”, якая і стала пераможцам, “РУП “ЖКГ” – яна заняла другое месца, а зборная моладзі апынулася на трэцім месцы.

А ў ценю дрэў кіпелі мазгі і рваліся ў бой “дамкі” – тут гулялі ў шашкі.

Спартыўныя спаборніцтвы падчас святкавання 9 Мая прайшлі цікава і насілі асаблівы характар: кожная каманда, кожны ўдзельнік не проста гулялі, а забівалі галы, стралялі па мішэні, прабіваліся ў “дамкі” пад гукі ваенных песень. І ўсе перамогі спартсменаў, як і ўдзел у спаборніцтвах наогул, былі прысвечаны галоўнай падзеі – святкаванню 70-годдзя Вялікай Перамогі.


--------------------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.