Спорт объединяет
Астравеччына славіцца не толькі сваімі архітэктурнымі помнікамі і маляўнічасцю прыроды, але яшчэ і тым, што спакон вякоў на нашых землях у згодзе і сяброўстве жывуць побач беларусы, рускія, літоўцы, палякі… Яскравае таму пацвярджэнне – двухбаковыя візіты ў гарады-пабрацімы, штогадовы фестываль “Песні памежжа”, а з апошніх падзей – ХІІІ Еўрапейскі баскетбольны турнір аматарскіх каманд.Старшыня міжнароднай грамадскай арганізацыі “Клуб “Гервячай”, член арганізацыйнага камітэта спаборніцтваў Альфонсас Аўгуліс завітаў у рэдакцыю “Астравецкай праўды”, каб падзяліцца ўласнымі думкамі і праз газету выказаць шчырыя словы ўдзячнасці ўсім задзейнічаным у арганізацыі і правядзенні турніру людзям.
– Не толькі я ўзрадаваны тым, што на такім узроўні прайшлі еўрапейскія баскетбольныя спаборніцтвы на Астравеччыне – прычым у другі раз, – расказвае Альфонсас Аўгуліс. – Яшчэ ў мінулым годзе, калі толькі вяліся размовы аб тым, каб правесці турнір на Беларусі, старшыня Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька станоўча аднёсся да гэтай ідэі. Як бачым, менавіта дзякуючы падтрымцы главы раённай вертыкалі, у Астравецкім раёне прайшлі спаборніцтвы такога маштабу. Хочацца падзякаваць і намесніку старшыні райвыканкама Віктару Збігневічу Свіле, кіраўніцтву аддзелаў адукацыі, спорту і турызму і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а за падтрыманне парадку – супрацоўнікам Астравецкага РАУС.
Замежныя госці, якія былі размешчаны на базе Рымдзюнскіх школ, адзначалі беларускі парадак і добраўпарадкаванне нашых аграгарадкоў. Спартсмены, якія прыязджалі на падобныя спаборніцтвы ў 2010 годзе, спачатку не пазналі горад Астравец. Па іх словах, ён змяніўся да непазнавальнасці, вырас і папрыгажэў. Таксама ўдзельнікі баскетбольнага турніру адзначалі добразычлівасць і спагадлівасць мясцовага насельніцтва. Усіх захапіла жніво, якое ўпэўнена “крочыць” па раёне. Многія ўдзельнікі з задавальненнем фатаграфавалі на памяць хлебаробаў і камбайнераў.
Цудоўны канцэрт арганнай музыкі ў Гервяцкім касцёле і амаль двухгадзіннае выступленне народнага ансамбля народнай песні “Кемяліна” ў Літоўскім культурна-асветніцкім цэнтры, думаю, запомніцца ўсім надоўга. Людзі змаглі не толькі дакрануцца душой да класікі, але і спазнаць праз песні сапраўдны каларытны беларускі фальклор.
Шкадую, што на турнір на Астравеччыну не трапілі спартсмены з Канады і ЗША: зацягнуліся справы з дакументамі. Хочацца адзначыць работу Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы – яго супрацоўнікі ў кароткія тэрміны аформілі візы больш чым сотні людзей.
Упэўнены, што баскетбольны турнір аматарскіх каманд Еўро-пы яшчэ не раз будзе праходзіць на Астравеччыне.
Запісала Алена ГАНУЛІЧ.
