Спартакиаду посвятили 70-летию Великой Победы и Году молодёжи

Стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць раённыя спартакіяды сярод моладзі. Праўда, надвор’е не заўсёды падтрымлівала жаданне маладых і актыўных паспаборнічаць за права звацца хутчэйшым, мацнейшым і спрытнейшым і псавала настрой удзельнікаў моцным ветрам ды праліўным дажджом. Сёлета ж надвор’е, што называецца, “шаптала”: спартакіядзе быць!


Упершыню спаборніцтвы прайшлі пад адкрытым небам. І нават вецер, што бушаваў некалькі дзён, напярэдадні спартакіяды сцішыўся. Відаць, стыхія таксама шануе памяць – спартыўнае мерапрыемства было прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі і Году моладзі.

Сёлета спартакіяда прайшла не ў Гервяцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе, як звычайна, а на адкрытай пляцоўцы стадыёна гімназіі №1 г. Астравец. Аднак, нягледзячы на зручнасць месца правядзення, на масавасць паўплывала працоўная субота: паўдзельнічаць у спартакіядзе прыехалі толькі чатыры каманды: раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, установы аховы здароўя “Астравецкая цэнтральная раённая бальніца”, РУП “Жыллёва-камунальная гаспадарка” і СВК “Гервяты”. Праўда, забягаючы наперад, адзначу, што гэта ніяк не адбілася на відовішчнасці і насычанасці дзейства.

Дарэчы, разам з правядзеннем спартакіяды адбылося і ўрачыстае адкрыццё гульнявой пляцоўкі гімназіі №1.

Удзельнікаў спаборніцтва прывіталі і пажадалі лёгкіх, але справядлівых стартаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Мікалаеўна Букель. Затым галоўны суддзя спаборніцтва Вадзім Анатольевіч Лебядзевіч пазнаёміў з чарговасцю і правіламі спаборніцтваў, і каманды разышліся рыхтавацца да старту.

Як заўсёды, спартакіяда ўключала ў сябе спаборніцтвы па некалькіх відах спорту. У адзіночных – такіх, як дартс ці армрэстлінг – удзельнічалі па двое прадстаўнікоў ад каманды – дзяўчына і хлопец, а іх вынікі складваліся. У гульнявых жа відах за перамогу змагалася амаль уся каманда.

Для масавасці відовішча, напалу жарсцяў і вастрыні спаборніцтва адначасова праходзілі некалькі відаў: армрэстлінг, гіравы спорт, дартс і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Такім чынам, некаторыя ўдзельнікі, “адстраляўшыся” на адной пазіцыі, спяшаліся на другую.

Найбольшую колькасць гледачоў і балельшчыкаў сабраў спорт моцных і ўпэўненых, чыя сіла мышцаў павінна быць у згодзе з унутранай воляй і разважлівасцю, армрэстлінг! Аказваецца, не толькі я адчуваю слабасць да гэтага віду спорту. Пробныя паядынкі, выбар зручнай пазіцыі, канцэнтрацыя магчымасцей – і вось на старт выходзяць першыя смельчакі. Паколькі ўдзельнікаў было няшмат, спаборніцтва праходзіла па кругавой сістэме. Ад кожнай каманды ўдзельнічалі дзяўчына і хлопец, па суме перамог якіх падводзіўся агульны вынік.

Пачыналі дзяўчаты. Прыемна і нечакана было бачыць, як у іх, такіх грацыёзных і знешне кволых, раптоўна праяўляліся сіла і жаданне перамагчы. Вось ужо сапраўды знешнасць бывае падманлівай.

Нежартоўныя паядынкі разыграліся і сярод мужчын. Напружваліся мышцы, сапернікі амаль сутыкаліся ілбамі, ішла ўпартая нямая барацьба. Варта аддаць належнае і балельшчыкам – падтрымкі і парады не сціхалі ні на хвіліну: “Давай, даві! Мы ведаем – ты зможаш!” І прайграўшага таварышы таксама падбадзёрвалі: “Малайчына, ты зрабіў усё, што змог”. Вось гэта разумею – дух каманды!

У агульнакамандным заліку тройка прызёраў размеркавалася наступным чынам: ЖКГ, ЦРБ і СВК “Гервяты” – першае, другое і трэцяе месцы адпаведна.

Магчыма, гіравы спорт не такі відовішчны, як армрэстлінг. Пагэтаму, пакуль асноўная маса балельшчыкаў назірала, хто каго паложыць “на руку”, удзельнік на іншай пляцоўцы моўчкі падымаў 24-кілаграмовую саперніцу. Затое наўрад ці хто паспрачаецца, што гіры – самы мужны спорт для сапраўдных асілкаў. Цудоўная магчымасць прадэманстраваць не толькі сілу, але і вытрымку прадстаўлялася двум удзельнікам ад кожнай каманды. Лепшы вынік атрымаўся ў каманды РАНС. На “сярэбраную” прыступку гіравога п’едэсталу падняліся асілкі з ЖКГ. Трэцімі сталі ўдзельнікі з ЦРБ.

Пакуль на адной пляцоўцы прадстаўнікі каманд высвятлялі сілу рук, крыху воддаль іх таварышы спаборнічалі ў трапнасці. Дартс і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі ў нечым падобныя і ў той жа час абсалютна розныя. Адна галоўная задача – трапіць у мішэнь, аднолькавыя патрабаванні – канцэнтрацыя зроку, трывалы баланс рукі і беспамылковы разлік для прыцэлу. Вынік – праз долю секунды. І ўсё ж, нягледзячы на непрадказальнасць палёту дроцікаў і задавальненне ад дакладных пападанняў у дартсе, хай выбачаюць мяне прыхільнікі гэтага спорту, значна большы драйф і непаўторныя эмоцыі можна атрымаць усё ж ад стральбы з вінтоўкі. Калі халоднае жалеза апякае шчаку, зрок, аж да слёз, сканцэнтраваны на прыцэл – усё навокал перастае існаваць, акрамя жаданай мішэні, а сэрца шалёна б’ецца перад рашаючым націскам на курок… Шчаўчок – і рэальнасць вяртаецца, надыходзіць час падлічваць ачкі.

І ў дартсе, і ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі складваўся агульнакамандны вынік. Такім чынам лепшымі ў кіданні дроцікаў сталі медыкі, на другім месцы – выратавальнікі, трэцяе месца занялі камунальнікі.

У стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі першае места заняла каманда ЖКГ, на другім апынуліся ўдзельнікі з ЦРБ, трэці вынік у РАНС.

Пасля надышла чарга гульнявых спаборніцтваў. Каманды на пляцоўку запрашаў стрытбол. Паколькі ўдзельнікаў было няшмат, было вырашана гуляць па кругавой сістэме. Стрытбол – гульня на палову звычайнай баскетбольнай пляцоўкі і на адно кальцо, і “фішка” спаборніцтва ў тым, што можна назіраць за гульнёй усіх каманд адначасова. А паглядзець было на што! Гульнявы спорт, як правіла, спалучае ў сабе ўсе здольнасці: хуткасць, трапнасць, спрыт. І пры гэтым важна не парушаць правілы і паважаць сапернікаў. Гульні праходзілі цікава – настолькі, што нават пяціхвілінны дождж, які ўсё ж вырашыў напалохаць спартсменаў, не змог прагнаць ігракоў з пляцоўкі. У стрытбол гуляюць пры любым надвор’і!

У выніку першае месца ў стрытболе прадказальна занялі гервятцы, на другім – выратавальнікі, трэцімі сталі медыкі.

Гульнявыя спаборніцтвы працягваліся – і на старт выйшлі ўдзельнікі эстафеты. Па тры ўдзельнікі ад кожнай каманды па чарзе павінны былі прабегчы круг і на фінішы перадаць эстафетную палачку наступнаму. Здаецца, усё вельмі проста. Толькі вось падзеі падчас забегу разгортваліся непрадказальна: непаслухмяная палачка раптоўна выпадала з рук у момант перадачы – страчваліся такія дарагія секунды; лідзіруючы бягун раптам зніжаў хуткасць і прыбягаў на фініш, сарваўшы мышцу… Адзін з удзельнікаў каманды РАНС скарыў балельшчыкаў проста фантастычнай хуткасцю. Словам, вострых момантаў і нечаканасцей хапала, і ўсё вырашалі долі секунды. Самай хуткай у эстафеце стала каманда РАНС, на другім месцы – СВК “Гервяты”, трэцяе месца занялі ўдзельнікі з ЦРБ.

Як заўсёды, адно з самых відовішчных спаборніцтваў – перацягванне каната – арганізатары пакінулі на “дэсерт”. У прадчуванні захопліваючай барацьбы ўсе накіраваліся да вызначанай пляцоўкі. Спаборніцтва зноў-такі праходзіла па кругавой сістэме, і ў кожнай з каманд быў шанс “перацягнуць” перамогу да сябе. Ды толькі з першага паядынку стала зразумела, хто ў гэтым спаборніцтве фаварыт. Высокім, дужым і аб’яднаным камандным духам асілкам з СВК “Гервяты” супрацьстаяць, шчыра кажучы, было цяжка. Адных сапернікаў яны “перацягвалі” досыць лёгка, з іншымі прыйшлося крыху “паваждацца”. І ўсё ж у выніку заслужаную перамогу святкавалі менавіта гервятцы. На другім месцы ў канатным спорце апынуліся медыкі, трэцяе занялі камунальнікі.

На гэтым спаборніцтвы скончыліся, і надышоў прыемны момант падвядзення вынікаў і ўзнагароджвання каманд. Пераможцам раённай спартакіяды сярод моладзі стала каманда ўстановы аховы здароўя “Астравецкая ЦРБ”, на другім месцы – удзельнікі з РАНС, трэцімі сталі спартсмены РУП ЖКГ, а чацвёртае месца заняла каманда СВК “Гервяты”. Праўда, камандныя месцы раздзяліла толькі адно ачко.

Прызёры і пераможцы спаборніцтва ў асобных відах спорту былі ўзнагароджаны Ганаровымі дыпломамі і прызамі ад Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба, а тройка лепшых у агульнакамандным заліку – каштоўнымі падарункамі ад райкама БРСМ.


-------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.