Школьники из Островца и Вильнюса совершили совместную экскурсию по местам Огинского
“Краязнаўства без межаў” – так называецца сумесны праект краязнаўчага цэнтра “Ускраіны Віленшчыны” Літоўскай Рэспублікі і Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.Супрацоўніцтва па праекту доўжыцца пяты год, і кожны год ён меў сваю накіраванасць.
Сёлета праект даў магчымасць навучэнцам Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, а таксама навучэнцам і педагогам школы імя Уладзіслава Сыракомлі г. Вільнюс наведаць мясціны, дзе жыў і працаваў патрыёт і мецэнат, дыпламат, літаратар i кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. Каардынатары праекта “Краязнаўства без межаў” распрацавалі маршрут краязнаўчых экскурсій пад назвай “Міхал Клеафас Агінскі – прыклад вечных каштоўнасцей і прыклад праўдзівага грамадзяніна”.
Пазнаёміўшыся з жыццём вядомага дзеяча на Радзіме, навучэнцы і педагогі школы імя Уладзіслава Сыракомлі г. Вільнюс наведалі мясціны, дзе жыў і працаваў Міхал Агінскі на тэрыторыі Беларусі. Па дарозе ў Залессе дзеці завіталі да сваіх “супрацоўнікаў” па праекту – у Цэнтр творчасці ў Астраўцы.
– У Залессі нас сустракалі цёпла і ветліва. Вельмі ўразіў Мінск, асабліва вячэрні. Мірскі замак – сапраўды жамчужына Беларусі. Мы наведалі Навагрудак, музей Адама Міцкевіча, – расказвае каардынатар праекта Людміла Шмялёва. – Дзеці чулі розныя мовы ў час вандроўкі: рускую – у Міры, беларускую – у Цэнтры творчасці і ад сталічных экскурсаводаў, польскую мову – у Залессі і музеі Адама Міцкевіча. І дзецям з Літвы, якія вывучаюць польскую мову, было ўсё зразумела і вельмі цікава. Асаблівыя словы падзякі хочацца выказаць беларускаму боку: мы мелі магчымасць, нягледзячы на мяжу, павандраваць, каб пазнаёміцца з прыгожымі гістарычнымі мясцінамі.
Каардынатары праекта “Краязнаўства без межаў” ужо вызначыліся з накіраванасцю наступнага года – “450 год Статута Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенага Львом Сапегам”. Плануецца распрацаваць маршрут па палацах Сапегаў на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі і Беларусі.
--------------------------------------------------------------------------
Ірына Мілешка, метадыст Астравецкага ЦТДіМ.
