Семья Лебедевич успешно выступила на областных соревнованиях "Папа, мама, я – спортивная семья"
У апошнія дні мая ў Шчучыне прайшлі абласныя спаборніцтвы «Тата, мама, я – здаровая сям'я». Астравеччыну на свяце здароўя і спорту прадстаўляла сям'я Лебядзевіч. Прычым тата Вадзім, мама Святлана, іх дзеці Аліна і Мікіта ўдзельнічалі адразу ў дзвюх узроставых катэгорыях – сем'і з дзецьмі 6-8 і 9-11 гадоў.– Па ўмовах сёлетняга конкурсу каманды складаліся з трох чалавек – тата, мама і дзіця, – расказвае Вадзім Лебядзевіч. – Менавіта таму нам пашчасціла прыняць удзел адразу ў дзвюх намінацыях.
Падчас спаборніцтваў сямейным камандам неабходна было прайсці некалькі этапаў: лёгкаатлетычная эстафета, скачкі ў даўжыню з месца, дартс для мамаў і дзяцей і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі для татаў, камбінаваная эстафета, сілавыя практыкаванні і забіванне футбольнага мяча ў вароты.
У першай катэгорыі – сем'і з дзецьмі 6-8 гадоў – на старт выйшлі 14 каманд. Сярод іх былі Вадзім, Святлана і Аліна Лебядзевічы. І, трэба адзначыць, астраўчане прадэманстравалі нядрэнную падрыхтоўку – па выніках спаборніцтваў яны сталі трэцімі.
У другой катэгорыі – сем'і з дзецьмі 9-11 гадоў – у складзе сямейнага трыа былі Вадзім, Святлана і Мікіта. Амаль на кожным этапе спаборніцтваў сям'я клала ў сваю скарбонку па ўзнагародзе. У выніку Лебядзевічы занялі першыя месцы ў дартсе, камбінаванай эстафеце і забіванні мяча, другое месца ў скачках у даўжыню, трэцяе – у лёгкаатлетычнай эстафеце і пятае – у сілавых практыкаваннях. Усё гэта дазволіла астравецкай сям'і падняцца на першую прыступку п'едэстала і стаць абсалютнымі пераможцамі абласных спаборніцтваў у катэгорыі сем'яў з дзецьмі 9-11 гадоў.
Дарэчы, гэтая сям'я чацвёрты раз удзельнічае ў абласных сямейных спаборніцтвах і штораз трапляе ў тройку лідараў. Пажадаем Вадзіму, Святлане, Мікіце і Аліне ўдала выступіць на рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія адбудуцца ў верасні бягучага года ў Гродне.
Алена СВЕТЛАЯ, фота з архіва сям'і ЛЕБЯДЗЕВІЧ.
