Сборная команда северных районов Гродненской области вошла в тройку призёров областного турслёта Комитета по труду, занятости и социальной защите

У тройку прызёраў увайшла зборная каманда паўночных раёнаў Гродзенскай
вобласці “Стылягі” на трэцім абласным турыстычным злёце Камітэта па працы,
занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама.

Тры суседнія раёны паўночнага рэгіёна – Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі – аб’ядналіся ў адну каманду. Наш раён у зборнай камандзе прадстаўлялі дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Віктар Іосіфавіч Ждановіч, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Святлана Казіміраўна Куцько і псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра Вольга Станіславаўна Клімчэня.
На працягу двух дзён 9 каманд з розных раёнаў нашай вобласці змагаліся за права стаць лепшымі. Месцам
правядзення чарговага збору работнікаў упраўленняў па працы і тэрытарыяльных цэнтраў стала вёска Каралі Мастоўскага раёна. Менавіта тут на беразе ракі Шчара з раніцы ў суботу разбілі свае часовыя палатачныя летнікі самыя актыўныя, таленавіты і спартыўныя спецыялісты ўпраўленняў па працы Гродзенскай вобласці.
Праграма злёту была насычанай. Пачаўся ён з урачыстага адкрыцця і прадстаўлення каманд. Паўночны рэгіён Гродзеншчыны выставіў каманду пад назвай “Стылягі”. Трэніроўкі і рэпетыцыі, якія на працягу некалькіх тыдняў праводзілі аматары здаровага ладу жыцця, не прапалі дарма. Ужо падчас прадстаўлення наша каманда зарэкамендавала сябе найлепшым чынам. Перакладзеныя вядомыя песні, запальныя танцы, фразы з фільма “Стылягі” і, канешне ж, касцюмы ў стылі стыляг – усё гэта прыйшлося даспадобы не толькі членам журы, але і гледачам-сапернікам, якія ўзнагародзілі “стыляг” апладысментамі.
Пляжны валейбол таксама захапіў, але, на жаль, у тройку прызёраў каманда не трапіла. Гэтаксама атрымалася і з дартсам.
Затое ў “Гарадах” разгарнулася напружаная барацьба. За перамогу ў фінале “Стылягі” змагаліся з турыстамі з Навагрудскага раёна – і бяспрэчна сталі лепшымі.
У фінальных спаборніцтвах па перацягванні каната зноў жа давялося змагацца з навагрудчанамі. Але на гэты раз “стыльныя” турысты саступілі і сталі другімі.
Першы дзень закончыўся інсцэніроўкай турыстычнай песні, у гэтым конкурсе каманда “Стылягі” заваявала трэцяе месца. Пасля заканчэння спаборніцтваў ўсіх паклікалі на дыскатэку. А вось тых, каму танцаваць не захацелася, чакаў конкурс-сюрпрыз “Добрай ночы, або хронікі нядрэмлючага вока” – турыстам неабходна было стварыць насценгазету.
Другі дзень турыстычнага злёту пачаўся з паласы перашкод. Кожная каманда на старт выставіла шэсць чалавек, якім давялося прайсці некалькі выпрабаванняў. Устаноўка палаткі, стральба па мішэні, перанос пацярпеўшага, раскладванне вогнішча, бег з усімі магчымымі перашкодамі – і ў выніку астравецкія турысты
фінішавалі першымі з адрывам у пяць хвілін ад бліжэйшых сапернікаў.
– Я ніколі раней не была на турыстычных злётах, – расказвае адна з удзельніц турзлёту, прадстаўніца Астравецкага раёна Святлана Куцько. – І была прыемна здзіўлена. За час, які правялі разам, мы вельмі пасябравалі. І нават паспелі набудаваць планаў на наступны год – абавязкова сустрэнемся на турзлёце наступным летам, каб зноў адпачыць і пазмагацца за права стаць пераможцамі.
Чатыры дыпломы за розныя віды спаборніцтваў і выніковае другое месца – з такім вынікам вярнуліся спецыялісты Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў на свае працоўныя месцы.



Каманда выказвае падзяку спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Вадзіму Анатольевічу Лебядзевічу і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Юрыю Паўлавічу Пацэвічу за дапамогу ў падрыхтоўцы да турыстычнага злёту.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.