Сборная команда Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов заняла третье место на областном турслёте комитета по труду, занятости и социальной защите

Трэцяе прызавое месца заняла на абласным турыстычным злёце камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне зборная каманда трох паўночных рэгіёнаў нашай вобласці – Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага – “Атас”, капітанам якой была загадчыца аддзялення першаснага прыёму Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Мечыславаўна Юшчук.

Абласны турыстычны злеет камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама праходзіў у чацвёрты раз. Сёлета пляцоўкай для яго правядзення быў выбраны Ваўкавыскі раён. 11 каманд Гродзенскай вобласці на два дні ператварыліся ў сапраўдных турыстаў-спартсменаў.
У каманду паўночнага рэгіёна ўвайшлі шэсць прадстаўнікоў з Астравецкага раёна: загадчыцы аддзялення першаснага прыёму тэрытарыяльнага цэнтра Наталля Мечыславаўна Юшчук і аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Святлана Казіміраўна Куцько, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра Вольга Станіславаўна Клімчэня, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Аксана Генрыхаўна Свірская, кіраўнік гуртка Таццяна Фёдараўна Ваховіч і спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Уладзімір Мечыслававіч Свіла. Такім чынам атрымалася, што прадстаўнікі нашага раёна ўтварылі палову зборнай каманды.
– Рыхтавацца да турыстычнага злёту мы пачалі месяц назад. Зараней размеркавалі, хто і ў якім відзе спорту будзе ўдзельнічаць, – і пачаліся трэніроўкі, – расказвае адна з удзельніц каманды “Атас” Святлана Куцько. – Больш складана было з творчымі конкурсамі: “Візітнай карткай”, якая сёлета праходзіла пад назвай “І швец, і жнец… Хто на што здатны” і дамашнім заданнем – конкурсам танцавальна-песенных пародый. Аднак, у нас усё добра атрымалася.
Турзлёт пачаўся менавіта з візітнай карткі, якую каманда падрыхтавала ў гумарыстычным стылі: яны танцавалі, спявалі, расказвалі вершы – словам, дэманстравалі свае творчыя здольнасці. Атрымалася гэта ў каманды паўночнага рэгіёну прыгожа і запамінальна, за што ёй было прысуджана ІІ месца.
А потым пачаліся спаборніцтвы: пляжны валейбол, шашкі, перацягванне каната – удзельнічалі актыўна, і ва ўсіх гэтых відах каманда “Атас” заняла чацвертыя месцы (з адзінаццаці каманд) – гэта таксама добры вынік!
Вечарам турыстаў чакалі яшчэ тры выпрабаванні: конкурсы кулінарнага майстэрства, на лепшае абуладкаванне турыстычнага лагера і танцавальна-песенных пародый – і зноў астравецкім турыстам прысудзілі крыўдныя чацвертыя месцы.
На другі дзень былі запланаваны дартс і паласа перашкод. І калі дартс аказаўся прызавым – у астраўчан другое месца, то на паласе перашкод давялося пазмагацца. Устаноўка і разборка палаткі, купіны, мышалоўка, пераход па паралельных вяроўках, маятнік, фігурная язда на веласіпедзе, пераправа на байдарцы, распальванне вогнішча... Цяжэй за ўсё давялося з байдаркай – гэта было новаўвядзенне сёлетняга турзлёту. Каманда “Атас” фінішыравала з лепшым часам, але штрафныя балы зноў апусцілі яе на чацвёртае месца.
Падвядзення вынікаў усе каманды чакалі з надзеяй. Першае месца заняла зборная каманда Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў, на другой прыступцы размясціліся турысты з Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў, а трэцяе прызавое месца было прысуджана нашым землякам – камандзе “Атас”, у якую ўвайшлі спецыялісты тэрытарыяльных цэнтраў і ўпраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў.
Нягледзячы на вялікую колькасць выпрабаванняў, за два дні ўсе ўдзельнікі турыстычнага злёту сталі добрымі сябрамі, і, канешне, спадзяюцца на хуткую сустрэчу ў наступным годзе ў Бераставіцкім раёне.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.


P.S. Каманда “Атас” выказвае словы ўдзячнасці за падтрымку і дапамогу пры арганізацыі турыстычнага злёту кіраўніцтву і спецыялістам фізкультурна-спартыўнага клуба і асабіста Вадзіму Анатольевічу Лебядзевічу, а таксама кіраўніцтву і спецыялістам Цэнтра рамёстваў аддзела  ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама.