С проходившего в Барановичах открытого турнира по каратэ островецкие спортсмены вернулись с медалями

каратэ победаАстравецкія каратысты вярнуліся з медалямі і новым вопытам з адкрытага турніру па каратэ кёкусінкай, які праходзіў у Баранавічах на базе клуба “Сэйман” у рамках рэспубліканскага конкурсу “Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь”.

Дарэчы, выхаванцы трэнера па каратэ Дзмітрыя Куцько з трох раёнаў – Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага – аб’ядналіся пад дахам аднаго спартыўнага клуба з адпаведнай назвай “Чэмпіён”. Тым больш што мэта ў іх агульная – загартоўваць сілу волі і духа і вывучаць прамудрасці ўсходняга адзінаборства.
Атрыманыя навыкі юныя каратысты прадэманстравалі на адкрытым турніры. Адны выступілі лепш, другім крыху не хапіла ўпэўненасці і шанцавання.
Ва ўзроставай катэгорыі 10-11 гадоў, вагавая катэгорыя да 40 кілаграмаў, добра сябе паказалі Арцём Зенкевіч і Рауф Ломаўцаў з Варнян. Хоць прызавых месцаў яны не занялі, аднак, па словах Дзмітрыя Куцько, правялі добрыя баі. А галоўнае – у хлопчыкаў ёсць жаданне працаваць над сваімі памылкамі і імкнуцца да лепшых вынікаў. Значыць, і прызавыя месцы не за гарамі.
Крыху не пашанцавала пастаяннаму прызёру розных спаборніцтваў Арцёму Шэсцялінскаму: першы бой ён выйграў, а ў другім уступіў саперніку. Такая ж сітуацыя склалася і ў Канстанціна Пятровіча, які выступаў ва ўзроставай катэгорыі 12-13 гадоў – юнак старанна трэніруецца і пастаянна ўдзельнічае ва ўсіх турнірах. Ён упэўнена правёў адзін бой, а вось у другім прайграў. Крыху не хапіла ўпэўненасці на татамі і варнянцу Мікіту Русецкаму.
каратэ победа1Затое Данііл Махневіч бліскуча правёў усе паядынкі, дэманструючы выдатную тэхніку і майстэрства, якія ў выніку прынеслі яму залаты медаль.
А Сяргей Кандратовіч, узроставая катэгорыя 16-17 гадоў і вагавая – да 65 кілаграмаў, падарыў гледачам прыгожае і відовішчнае выступленне. Праўда, да перамогі ён крыху не дацягнуў і стаў сярэбраным прызёрам турніру.
Сярод дзяўчат ва ўзроставай групе 12-14 гадоў і вагавой катэгорыі да 50 кілаграмаў ніякіх шансаў саперніцам не пакінула Карына Захарэўская, якая заняла першае месца.
У агульным жа выхаванцы клуба “Чэмпіён” прывезлі з Баранавічаў 6 залатых, 4 сярэбраныя і 2 бронзавыя медалі.

------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.