Разработаны пять новых туристических маршрутов по Островецкому району

2
Слайд34Пяць новых турыстычных маршрутаў з адпаведнымі тэхналагічнымі картамі былі зацверджаны на пасяджэнні каардынацыйнага савета па стварэнні і развіцці сферы турыстычных паслуг у Астравецкім раёне, які прайшоў з удзелам усіх зацікаўленых пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Віктара Збігневіча Свілы.

Адзін з маршрутаў прапанаваў лясгас, вядомы далёка за межамі раёна сваімі турыстычнымі напрацоўкамі і цікавосткамі, асабліва ў галіне паляўнічага турызму.
Два маршруты – “Зусім іншы Астравец” і “Паўночны вектар Гродзеншчыны” – распрацаваў былы начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму Сяргей Віктаравіч Шэін, які прапанаваў вандроўкі ў наш раён у першую чаргу для жыхароў абласнога цэнтра. Але не толькі: па самых адметных мясцінах трох суседніх раёнаў – Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага, цесна звязаных не толькі геаграфічна, але і сваімі культурнымі ды гістарычнымі каштоўнасцямі, – думаецца, будзе цікава павандраваць і мясцовым жыхарам, і гасцям Астравеччыны з іншых куточкаў Беларусі, і нават іншаземцам.
Яшчэ два цікавыя турыстычныя маршруты распрацавалі спецыялісты фізкультурна-спартыўнага клуба.
“Астравеччына – край блакітных азёр” – такую назву носіць веласіпедны турыстычны маршрут працягласцю 65 кіламетраў. Гэта двухдзённая захапляльная вандроўка аматараў актыўнага і цікавага адпачынку. Падчас падарожжа турысты не толькі наведаюць гістарычныя і духоўныя каштоўнасці ў Міхалішках, Клюшчанах, Альхоўцы, Баранях, але і змогуць прыемна адпачыць на адной з некалькіх аграсядзіб, што “ўпісаны” ў маршрут, ці самастойна на беразе Тумкоўскага возера.
Апошнім часам усё больш папулярным становіцца так званы прамысловы турызм – і Астравеччына для яго развіцця з’яўляецца надзвычай перспектыўнай пляцоўкай: пазнаёміцца з будаўніцтвам Беларускай АЭС будзе цікава і для астраўчан, і для гасцей нашага горада і раёна. Для ўсіх зацікаўленых распрацаваны аўтобусны маршрут “Астравец – горад энергетыкаў”, які прадугледжвае знаёмства з новым абліччам нашага старажытнага горада, а таксама наведванне інфармацыйнага цэнтра Беларускай АЭС і пляцоўкі будаўніцтва атамнай станцыі – вядома, пры ўмове захавання ўсіх патрабаванняў, якімі абумоўлена наведванне гэтага рэжымнага аб’екта.
Трэба спадзявацца, што новыя турыстычныя маршруты прыцягнуць увагу турыстаў – у тым ліку і замежных. Да слова сказаць, гасцям з-за мяжы надаецца асаблівая ўвага па вельмі празаічнай прычыне: ад таго, колькі замежных грамадзян прыедзе да нас у раён і колькі грошай яны пакінуць у нас, залежыць выкананне такога важнага кантралюемага прагнознага паказчыка, як экспарт турыстычных паслуг.
Слайд63А вось ці заўсёды мы прадстаўляем замежным гасцям магчымасць пакінуць свае грошы ў раёне? Ці ёсць ім дзе пераначаваць, падсілкавацца, набыць сувеніры і іншую прадукцыю беларускіх вытворцаў? На пасяджэнні каардынацыйнага савета дэталёва разгледжана не толькі выкананне паказчыка ў мінулым годзе – варта адзначыць, што з-за шэрагу перш за ўсё аб’ектыўных прычын, у прыватнасці, падзення курсу рубля, а таксама некаторых суб’ектыўных, – у мінулым годзе гэты план па экспарту турыстычных паслуг у нашым раёне не выкананы.
Аб тым, што трэба зрабіць, каб Астравеччына стала больш прывабнай для беларускіх і замежных турыстаў, ішла канкрэтная і падрабязная размова на пасяджэнні савета.
– Мы не павінны забываць тую цудоўную і багатую спадчыну, якую мае наш раён, – сказаў, падводзячы вынікі работы каардынацыйнага савета па развіцці турызму яго старшыня Віктар Збігневіч Свіла. – У нас ёсць чым ганарыцца і ёсць што паказаць гасцям – трэба толькі ўсім гэтым па-гаспадарску распарадзіцца. Тады аматары цікава і з карысцю адпачыць прыедуць у наш раён, і пытанне выканання паказчыка экспарту турыстычных паслуг страціць сваю актуальнасць.

--------------------
Ніна РЫБІК.