Работники Островецкого лесхоза "заболели" хоккеем
Нават самыя далёкія ад хакею людзі зараз “захварэлі” на яго. Літаральна ўсю краіну “ліхаманіць” гэты від спорту. Чэмпіянат свету па хакеі сабраў у сталіцы яго замежных аматараў, прыхільнікаў шайбы з усёй Беларусі, у тым ліку і Астравеччыны. Так, Астравецкі лясгас арганізаваў для 60 работнікаў лясной гаспадаркі паездку ў Мінск на чэмпіянат.Мы вырашылі задаць некалькі пытанняў тым шчасліўчыкам, якім давялося назіраць хакейныя жарсці на свае вочы.
1. Якія эмоцыі прывезлі дамоў з чэмпіянату?
2. Ці моцна адрозніваецца ўспрыняцце гульні, якую глядзіш па тэлевізары, ад “жывога” матча?
3. Паспрабуйце ўявіць, што вам выпала адказная місія: абараняць гонар краіны або раёна. Ці змаглі б вы апрануць форму, узяць у рукі клюшку і выйсці на лёд?
Алег Бондзік аў, начальнік аддзела лясной гаспадаркі:
1. Станоўчыя ўражанні засталіся як ад матча, так і ад горада. Мінск расце, як на дражджах. А ў дні чэмпіянату на вуліцах можна сустрэць замежных фанатаў з сімволікай сваёй краіны, якія, дарэчы, з радасцю згаджаюцца разам сфатаграфавацца.
Матч Латвіі са Злучанымі штатамі Амерыкі атрымаўся відовішчным. Ва ўпорнай барацьбе латышы “ўзялі верх” над амерыканцамі – перамаглі з лікам 6:5.
Білеты – а іх кошт складаў 117 тысяч рублёў – у нас былі на самыя “высокія” месцы. Але нават адтуль было добра бачна, якія жарсці кіпелі на лёдзе.
2. Назіраючы за гульнёй па тэлевізары, ты не бачыш агульнай карціны. Калі сядзіш на трыбунах, то адчуваеш хакейную атмасферу: эмоцыі, крыкі, барабаны…
3. Я ні разу не стаяў на каньках! Але калі б давялося выступаць за раён ці краіну – стаў бы на вароты і без іх. І лёг бы касцьмі, але шайбу не прапусціў!
Аксана Сацура, інжынер па падрыхтоўцы кадраў:
1. Мы трапілі на матч Латвія-ЗША. Не давялося ўжывую ўбачыць гульню беларусаў, але “хварэлі” за суседзяў. Уражанні перапаўняюць! Гульня захоплівае літаральна з першых хвілін. Я б пажадала кожнаму трапіць на чэмпіянат!
Трыбуны “Мінск-арэны” былі цалкам запоўнены. Вельмі шмат латышоў прыехала падтрымаць сваіх хакеістаў. Я заўсёды любіла хакей і ўвогуле нераўнадушная да спорту. Падчас Алімпійскіх гульняў, якія сёлета праходзілі ў Сочы, таксама сачыла за выступленнямі спартсменаў. Маці нават жартавала, што я “прыкіпела” да тэлевізара.
2. Адчуванні, якія перапаўнялі мяне падчас матча, складана апісаць словамі. Ты бачыш гульню не з “блакітнага экрана”, а ўласнымі вачамі, “ловіш” кожную забітую шайбу.
Эмоцыі латышоў перадаліся і нам, беларускім балельшчыкам. І мы з задавальненнем падтрымлівалі хвалі”,
якія яны запускалі, і “перадавалі” іх далей.
3. На каньках я ўмею стаяць, а вось клюшку ніводнага разу не трымала. Хакей – не жаночы від спорту, але калі б трэба было – адназначна выйшла б на лёд.
1. Уражанні ад матча, дзе на лёдзе “высвятлялі адносіны” латышы і амерыканцы, станоўчыя. Я нават голас сарвала: так “хварэла” за суседзяў.
Мне здаецца, што і ў замежных турыстаў ад Мінска і ўвогуле ад Беларусі застануцца самыя лепшыя ўспаміны. Сталіца падчас правядзення чэмпіянату “прыадзелася” і папрыгажэла.
2. Я не аматарка хакея і па тэлевізары за гэтым відам спорту раней ніколі не сачыла. А цяпер з задавальненнем буду гэта рабіць.
3. Магчыма, калі б я ўмела стаяць на каньках, то не адмовілася б выйсці на лёд. Хоць увогуле такім, як я, “хакеістам” лепш на трыбунах “хварэць” за прафесіяналаў.
-------------------------------
Размаўляла Алена ЮРКОЙЦЬ.

