Рабочая встреча представителей туристической деятельности прошла в Островце

У Астраўцы прайшла рабочая сустрэча прадстаўнікоў турысцкай дэсцінацыі.
Як паведаміў усёвед інтэрнэт, турысцкая дэсцінацыя – гэта цэнтр з усімі магчымымі выгодамі, сродкамі абслугоўвання і паслугамі для забеспячэння патрэб турыста. Слова “дэсцінацыя” ў перакладзе з англійскай мовы азначае “месцазнаходжанне, месца прызначэння”. Сёння – гэта геаграфічная тэрыторыя, якая мае вызначаныя межы, можа прыцягваць і задавальняць патрэбы дастаткова шырокай групы турыстаў.

На сустрэчы, якая праходзіла на тэрыторыі нашага раёна, разглядаліся пытанні стварэння стратэгіі развіцця экатурызму ў дэсцінацыі “Паўночны вектар Гродзеншчыны”.
На сустрэчу да прадстаўнікоў турыстычнай сферы Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў прыехалі старшыня праўлення міжнароднага асветніцкага грамадскага аб’яднання “АКТ” Уладзімір Корж і член праўлення гэтай арганізацыі Валерый Журакоўскі. Перад імі стаяла задача: дапамагчы ўдзельнікам сустрэчы прааналізаваць патэнцыял рэгіёна і сфарміраваць унікальны брэнд турыстычнай дэсцінацыі.
Рабочая сустрэча, паўдзельнічаць у якой вырашылі дэлегацыі супрацоўнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў трох суседніх раёнаў, складалася з некалькіх этапаў. Да сустрэчы ў Астраўцы незалежныя эксперты ацанілі патэнцыял рэгіёна. А падчас сустрэчы прайшло абмеркаванне жадаемага стану турысцкай дэсцінацыі ў будучыні.


– У кожным раёне ёсць мясціны, якія прывабліваюць турыста, але нішто не дапамагае ім пакінуць тут свае грошы. Іншымі словамі, турыст “праходзіць праз раён транзітам”, – разважае Валерый Журакоўскі.


І з яго разважаннямі нельга не пагадзіцца. Сапраўды, турыст, можа, і хацеў бы набыць сувенірную прадукцыю ў тых жа Гервятах, Варнянах, на Сарачанскіх азёрах – але, на жаль, гандлёвых кропак, якія б ёй гандлявалі ў гэтых і шматлікіх іншых месцах, пакуль што няма. Тое ж можна сказаць і пра іншыя сферы абслугоўвання – харчаванне, экскурсійныя бюро, пункты пракату спартыўнага інвентару і іншыя.


– Але мы вучымся, як можна атрымаць грошы ад турыста. Прыкладна два гады назад мы гаварылі пра гэта на адным з пасяджэнняў раённага выканаўчага камітэта, – расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Сяргей Віктаравіч Шэін. – Тады пры падтрымцы мясцовага сельгаскааператыву ў Гервятах было адкрыта кафэ. Ужо сёння вытворчасцю сувенірнай прадукцыі актыўна займаецца раённы вузел паштовай сувязі, аддзелы ідэалогіі і культуры і адукацыі. Многія разумеюць праблему, але не ведаюць, у якім накірунку трэба рухацца.


Менавіта таму ўдзельнікам сустрэчы прапанавалі распрацаваць перспектыўны план развіцця турыстычных аб’ектаў на тэрыторыі трох суседніх раёнаў – Ашмянскага, Смаргонскага і Астравецкага. Гэта быў самы складаны этап, бо кожны стараўся “прасунуць” свае аб’екты.
У выніку набралася дзясятка тэм, якія можна было б эфектыўна распрацаваць на тэрыторыі нашых раёнаў – гэта і перыяд Вялікага княства Літоўскага, і Мядзвежая Акадэмія, і Напалеонаўскі след, і Фарватар Тышкевіча, і рэлігійны турызм, і разгляд мясцін, звязаных з імёнамі знакамітых людзей, і шэраг іншых. Не адну гадзіну затрацілі ўдзельнікі сустрэчы на абмеркаванне гэтых тэм.
І ўсё ж кампраміс быў знойдзены – ашмянскія ўзгоркі і астравецкая і смаргонская водныя сістэмы цудоўна аб’ядналі тры раёны. А гэта значыць, турыстычны маршрут можа працаваць у любую пару года.
Пакуль што распрацоўваемы праект атрымаў рабочую назву “Ад воднай гладзі да крутых узвышшаў”.
Наступная сустрэча ўдзельнікаў дэсцінацыі адбудзецца ў жніўні. Падчас яе плануецца прадоўжыць работу над распрацоўкай брэнда паўночных рэгіёнаў, які будзе адрозніваць нас ад іншых раёнаў краіны.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Ганны МІЛАШЭВІЧ.