Пятиклассники из Ворнянской школы совершили путешествие в Гольшаны
Неаднойчы я бывала ў мястэчку Гальшаны, што на Ашмяншчыне, і заўсёды вярталася адтуль з радасным пачуццём: яшчэ адна старонка найцікавейшай кнігі “Гісторыя” прачытана – наперадзе новыя адкрыцці. Потым сюды мы прыязджалі з дзецьмі – удзельнікамі аб’яднання “Варнянская хатка”. І найперш адкрывалі дзверы школьнага музея, які стварыў яго дырэктар Эдуард Корзун разам са старшакласнікамі і са сваім паплечнікам, жонкай і памочніцай – Янінай Іванаўнай. Музей праз некаторы час набыў статус народнага. А Эдуард Корзун, акрамя гэтага, выдаў вельмі цікавую манаграфію “Гальшаны”. Потым дырэктар пайшоў з жыцця, але яго справу прадоўжыла Яніна Іванаўна, якая, апроч іншага, яшчэ і цудоўны экскурсавод.Музей мне і дзецям палюбіўся. У трох залах, кампактна і з густам аформленых, размясцілася шмат цікавых экспанатаў – рарытэтаў, якія апавядаюць наведвальнікам аб гісторыі ўзнікнення, узвышэння, росквіту і занядбання Гальшан са старажытных часоў да нашага часу. Вельмі цікава аформлена зала “Справы рук чалавека”, у якой шмат этнаграфічанага матэрыялу.
Сазваніўшыся з Янінай Іванаўнай, мы з дзецьмі 5 “А” і 5 “Б” класаў Варнянскай школы (сярод іх добрая палова ўдзельнікаў гуртка “Свет каляровага алоўка”) і іх класнымі кіраўнікамі В.У. Карчэўскай і А.Э. Масейка скіраваліся ў падарожжа па Гальшанах.
Музей здзівіў і захапіў дзяцей. Пасля інфармацыйна насычанай экскурсіі ім было шмат цікавей пабываць на руінах замка Сапегаў, прыслухацца да яго адчайнага маўчання, каб пачуць рыпенне колаў экіпажаў, пераклічку варты, гаворку майстроў ля станкоў паперні ці святочную ўрачыстастую музыку, стук мячоў у час сечы. І зразумець: тут быў асяродак культуры і палітыкі, тут спрачаліся, смуткавалі, спявалі, чыталі вершы, смяяліся – тут жылі нашыя продкі.
Сёння руіны вычышчаны, вывезены ўвесь друз і смецце. Нават у такім разбураным стане адчуваецца моц і веліч былога замка. Так, шмат бачылі на сваім вяку старыя Гальшаны. Прыгожая плошча ў цэнтры вёскі, светлая і ўрачыстая, дзякуючы сваім двум храмам, якія ўзвышаюцца над ёй, азарае мястэчка святлом любові, дабра, цеплыні. Прыгажосць і веліч храмаў раскрываюцца і праз унутранае ўбранне, уражваючы непаўторнасцю насценнага роспісу ў каталіцкім і благадатнасцю ў праваслаўным, у якім таксама знаходзіцца часцінка мошчаў святой Юліяніі Гальшанскай.
А каля помніка Сафіі Гальшанскай, знакамітай жанчыны-беларускі, якая стала ў 15 веку каралевай Польшчы і заснавальніцай дынастыі ягелонаў, мы сфатаграфаваліся на памяць.
З радасным настроем дзеці развітваліся з мястэчкам, а па дарозе дзяліліся сваімі ўражаннямі. І мы, настаўнікі, радаваліся гэтаму: дзеткі былі ўважлівымі і цікаўнымі да ўсяго новага, пачутага і ўбачанага, а сэрцы іх адкрыліся для разгадак таямніц мінуўшчыны.
-------------------------------
Людміла КУХАРЭВІЧ.
P.S. Пабывайце і вы, шаноўныя чытачы, у тых мясцінах. Упэўнена, што ні кропелькі не пашкадуеце.
Саша Чапукойць, адзін з удзельнікаў паездкі:
– Мне вельмі спадабалася, асабліва ў музеі і на руінах замка. Ён, хаця разбураны, але вельмі прыгожы. Спадабалася легенда пра кляштар, а таксама цікавая гісторыя Сафіі Гальшанскай.
Віялетта Уладзіміраўна Карчэўская, класны кіраўнік 5 “А” класа:
– У мяне такое ўражанне, што мястэчка мае дух старажытных часоў. Усе галоўныя будынкі: царква, касцёл, школа – знаходзяцца на ўзгорку і, здаецца, глядзяць адзін на аднаго. Мясцовасць адкрытая, благаславёная, і людзі прыязныя. Музей уражвае сваімі экспанатамі, вельмі сціплым, ветлівым і прафесійным экскурсаводам – Янінай Іванаўнай Корзун, якая дапасавала свой аповед да ўзросту школьнікаў. Тут можна было дакрануцца сэрцам да гісторыі нашай радзімы. Вельмі хацелася б, каб замак Сапегаў узнавіўся і стаў яшчэ адным непаўторным здабыткам культурнай спадчыны краіны. Думаю, што нашы дзеці атрымалі не толькі гістарычную інфармацыю, але і незабыўныя ўражанні. Упэўнена, гэта дасць новы штуршок для таго, каб яны хацелі ведаць як мага больш аб сваёй малой радзіме.
Алена Эдуардаўна Масейка, класны кіраўнік 5 “Б” класа:
– У Гальшанах бывала раней, калі ў кляштары дзейнічаў музей і карцінная галерэя, а вось у народным музеі – упершыню. Лічу, што Гальшанскай гімназіі вельмі пашанцавала: такі цудоўны музей! Вельмі ўразілі раздзелы “Праца рук людскіх” і “Знакамітыя гальшанцы”. Нашым дзецям абавязкова трэба навучыцца паважаць і захоўваць здабыткі працы людзей. Думаю, што нашы вучні будуць ганарыцца тым, што пабывалі ў суседзяў, зведалі новае, цікавае. Вельмі прыемнае ўражанне засталося ад самога мястэчка, дзе старажытнае крочыць побач з сённяшнім днём.
Фота з сайта globus.tut.by.
