Путешествуем с Ниной Рыбик. Зальцбург

Шаноўныя сябры, ці не час нам з вамі збірацца ў адпачынак? Як, вы – ужо? Ну, тады я рада за тых, хто плануе ўсё зараней… А калі ёсць сярод вас такія, хто яшчэ толькі распрацоўвае маршрут будучых летніх вандровак і хоча падчас іх выбрацца «свет паглядзець і сябе паказаць», то, магчыма, мае падарожныя нататкі пададуцца вам цікавымі і карыснымі. А для мяне яны – дадатковая нагода ўспомніць прыемныя моманты леташняга падарожжа, перабраць у памяці рознакаляровыя пацеркі атрыманых падчас яго ўражанняў – нездарма ж кажуць, што гэта – самае каштоўнае, што ёсць у нашым жыцці. Тым больш што пасля зімовай сцюжы і мітусні працоўных будняў з гэтых шматлікіх пацерак не страцілі сваёй яркасці толькі самыя каштоўныя – вось імі і паспрабую пацешыць – вас і сябе…


Зальцбург, невялікі аўстрыйскі горад, не адносіцца да катэгорыі тых, куды турысты едуць спецыяльна – як, напрыклад, у Парыж, каб «убачыць – і памерці!» Турыстычныя маршруты праз яго пралягаюць, як правіла, «па дарозе» – у Італію, Іспанію ці куды яшчэ, – каб не так сумна было сузіраць адно пейзажы за акном. І калі ў праграме нашага экскурсійнага тура ў Італію па дарозе назад я ўбачыла Зальцбург, асаблівага энтузіязму гэта ў мяне не выклікала. Падумала: лепш бы ўжо Вена, пра якую так маляўніча расказвалі нашы рэдакцыйныя дзяўчаты…

Не стану спрачацца аб тым, чаго не ведаю: можа, Вена і лепей. Але Зальцбург стаў адным з самых яркіх уражанняў таго мінулагодняга падарожжа – і гэта пасля старажытнага Рыма, рамантычнай Венецыі, сталіцы закаханых Вероны, велічнага і казачна-прыгожага баварскага замка Нойшвайнштайн і нездратаванай турыстамі невядомай Італіі: да гэтага часу раз-пораз узгадваецца смак прасека ў старажытным замку ў Трэвіза, кішынёўскі акардэаніст на амаль бязлюдным востраве Тарчэла, сонечныя блікі, заблукаўшыя ў сівых валасах буранаўскай бабулькі, якая пляце паветранага карункавага матылька...

Але ўражанні ад Зальцбурга – асаблівыя, ні з чым не параўнальныя.

Пачаліся яны з начлегу ў прыгарадным атэлі. За час падарожжа мы спыняліся ў розных атэлях: шыкоўных – дзе не адразу зразумееш, што для чаго прызначана; мінімальна прыстасаваных для жыцця; стандартных: ложак, шафа, санітарныя зручнасці… Гэты ж быў асаблівы: абсталяваны ў старажытным будынку з арачнымі перакрыццямі, дзе гаспадары пастараліся захаваць дух жытла мінулага стагоддзя: ложкі, шафы, канапы, камоды – гэтай мэблі гадоў сто, не меней. А ў шырокіх калідорах створаны своеасаблівы музей гарадскога побыту: круглы стол, засланы белым карункавым абрусам, рамкі з фотакарткамі на сцяне, куфар, калаўрот… Гэта быў першы атэль, які нам не хацелася пакідаць…

Падчас такіх вандровак, заўважаючы ў чужых краінах рэчы, якія раней лічыла адназначна беларускімі – так было не толькі ў Польшчы ці Літве, але і ў Швецыі, Германіі, Аўстрыі, – разумееш, што ўсе мы, па вялікім рахунку, – землякі, а калі капнуць глыбей, то і радня. І што мы ўвесь час дзелім у бясконцых войнах?

Назаўтра нас разбудзілі званы: аказваецца, наш атэль, у які мы прыехалі позна ноччу і таму нічога не паспелі разгледзець, знаходзіўся побач з царквой. Мы ўспомнілі, што сёння – нядзеля: у адпачынку такія “дробязі” забываюцца, падчас яго ўсе дні – выхадныя! У царкву спяшаліся сем'і: дзеці, бацькі, бабулі-дзядулі. І амаль усе – у нацыянальным аўстрыйскім адзенні: жанчыны, нават маленькія дзяўчынкі, – у рознакаляровых яркіх сарафанах у дробную клетку з нязменнымі фартушкамі, мужчыны – у смешных штоніках і камізэльках… І хоць, як нам расказалі пазней, гэтыя нацыянальныя ўборы каштуюць вельмі дорага, ад тысячы еўра і вышэй, мець яго ў сваім гардэробе – справа гонару кожнага аўстрыйца. У Зальцбургу мы неаднаразова бачылі гэткія ж сарафаны, і не толькі ў вітрынах дарагіх буцікоў, але і на прахожых. Шчыра скажу: пазайздросціла…

Хоць жыхары Зальцбурга ўсё ж лічаць сябе аўстрыйцамі з пэўнай агаворкай: маўляў, гэта так – але… І гэтае «але» хаваецца ў тым, што нават знакамітага Вольфганга Амадэя Моцарта –  музычнага генія, які прынёс славу Зальцбургу ўжо самім фактам нараджэння ў гэтым горадзе, аўстрыйскім кампазітарам можна лічыць даволі ўмоўна, бо ў той час, як ён нарадзіўся, Зальцбург быў самастойным незалежным княствам, якім правіў князь-архіепіскап: свецкая і царкоўная ўлада спалучалася ў адной асобе.

Увогуле дасціпны і яркі расповед нашага эрудзіраванага экскурсавода пра нараджэнне Моцарта наводзіць на роздум, што недарма хлопчыка назвалі Амадэй – улюбёны Богам. Сёмае дзіця ў сям’і, дзе памерлі пяцёра папярэдніх, яго нараджэнне ледзь не каштавала жыцця маці – бацькі не спадзяваліся, што хлопчык выжыве. Яго хрысцілі на наступны дзень пасля нараджэння – каб у выпадку чаго пахаваць хрышчанага. Але, мусіць, Бог захацеў, каб гэтае дзіця жыло і праслаўляла Яго і свет сваімі бессмяротнымі творамі – і сёння Зальцбург знакаміты менавіта тым, што гэта – радзіма Моцарта. Тут пакажуць дом, дзе ён жыў, у храме – купель, у якой яго хрысцілі, і, калі пашанцуе, вам удасца нават паслухаць арган, на якім маленькім хлопчыкам іграў Моцарт.

Так, Моцарт, безумоўна, з'яўляецца своеасаблівым сімвалам Зальцбурга. Але мяне найбольш уразіла іншая гісторыя, звязаная з каханнем аднаго з правіцеляў горада архіепіскапа Вольфа Дзітрыха. Пра яе вам абавязкова раскажуць, калі вы наведаеце цудоўны парк Мірабель – а пабыць у Зальцбургу і не ўбачыць гэты дасканалы ўзор садова-паркавага мастацтва – усё роўна, што не быць тут увогуле.

Калі Дзітрых стаў архіепіскапам, ён перш за ўсё пабудаваў шыкоўны палац для сваёй рэзідэнцыі.

Дарэчы, палац той стаіць і сёння, і ў ім гэтаксама размяшчаецца нейкі орган улады – кшталту нашага раённага Савета. І яго кіраўнік – сталага веку жанчына – у сваім традыцыйным аўстрыйскім сарафане пад цікаўнымі позіркамі гараджан кожны дзень едзе на працу на любімым транспарце жыхароў Зальцбурга – веласіпедзе. Нам нават дазволілі сфатаграфаваць “велапаркоўку”, дзе сярод іншых стаіць і персанальны транспарт старшыні іхняга савета – праўда, сам веласіпед не паказалі, мусіць, пабаяліся, што «руссо турысто вобліка марале» раскруцяць яго на сувеніры.

А напрыканцы 15-га стагоддзя ў дзень адкрыцця гэтага палаца архіепіскап наладзіў шыкоўны баль для мясцовай знаці. І была на тым балі шаснаццацігадовая Саламея Альт, дачка аднаго з багацейшых гарадскіх купцоў – у якую меў шчасце (ці няшчасце?) закахацца архіепіскап. А яму, як вядома, кахаць, а тым больш уступаць у шлюб цэлібат катэгарычна забараняе! Але ж каханне дазволу не пытае… Словам, жыў Вольф Дзітрых са сваёй Саламеяй у граху і шчасці 22 гады. І  прыжылі яны шаснаццаць дзяцей… І пабудаваў ён для сваёй каханай цудоўны палац, якому пазней далі імя Мірабель, на балюстрадзе мармуровай лесвіцы ў якім – скульптуры таленавітага майстра: шаснаццаць круглашчокіх пупсаў – іх дзяцей, кожны ў сваёй адметнай позе… (Хоць у тым замку і размешчана зараз рэзідэнцыя бургамістра горада, наведаць яго і палюбавацца на дзяцей Саламеі і Дзітрыха, а таксама на іншыя творы мастацтва можа кожны жадаючы – я, безумоўна ж, была ў іх ліку.) І разбіў архіепіскап на непраходным да таго балоце цудоўны парк для сваёй незаконнай, але каханай жонкі, якім і зараз захапляюцца турысты – і не толькі яны.

Ды ўрэшце манахі мясцовага манастыра ўзбунтаваліся: ды што ж гэта такое? І напісалі “ябеду” Папе рымскаму – яна і зараз захоўваецца ў гарасдкім краязнаўчым музеі. І ўсё скончылася дрэнна: Вольфа Дзітрыха арыштавалі, і праз пяць галоў ён памёр у турме; Саламею з дзецьмі прагналі з палаца і парка, і яна апошнія гады жыцця тулілася з дзецьмі ў родзічаў…

Пра тое грэшнае каханне нагадвае скульптура Саламеі, устаноўленая на ўскрайку парка… Сучасныя мадэлькі часам спыняюцца ля яе, недаўменна выгінаючы вышчыпаныя броўкі: і што той Дзітрых у ёй знайшоў? А вось знайшоў жа.. І вы нават пасля гэтага будзеце сцвярджаць, што сапраўднага кахання не існуе? Калі б была мая воля, я б не Парыж і не Верону аб'явіла сталіцай кахання, а менавіта Зальцбург…

Сённяшні Зальцбург – гэта “горад кантрастаў” (як, напэўна, і любы іншы горад). Ён вельмі, ну проста казачна, прыгожы: вузенькія вулачкі ля падножжа велічных гор, дасканалы парк, помнікі гісторыі, некаторыя з якіх узніклі тысячу гадоў таму, у параўнанні з якімі палац Мірабель – увогуле “маладзён”: нейкіх 400 гадоў з невялікім “гакам”. Горад мае свой адметны твар і вельмі ганарыцца цудоўнай экалагічнай сітуацыяй. Нам расказвалі, што час ад часу бургамістр горада, каб прадэманстраваць чысціню мясцовай рэчкі Зальцах, на вачах у шматтысячнага натоўпу і пад прыцэлам шматлікіх фота- і відэакамер прыходзіць на бераг, зачэрпвае шклянку вады з ракі і са смакам выпівае яе. Шчыра кажучы, назіраючы за мутнымі ў дзень нашага прыезду пасля нядаўняга дажджу патокамі вады ў той рацэ, я б не рызыкнула паўтарыць той подзвіг… Але, з іншага боку,  мне ж не трэба праводзіць сваю перадвыбарную кампанію ў Зальцбургу і правяраць якасць рачной вады такім экзатычным спосабам.

Хоць мясцовыя жыхары (сярод іх мы сустрэлі і сваю зямлячку, якая ў турыстычным  цэнтры горада зарабляла на жыццё, іграючы на цымбалах) расказваюць, што жыццё ў Зальцбургу складанае: цяжка знайсці працу, высокія цэны… Магчыма, нехта прачытаўшы гэта, хмыкне: нам бы іх праблемы! Хоць ёсць верагоднасць, што тое ж зробіць радавы жыхар Зальцбурга, даведаўшыся аб цяжкасцях беларусаў. Бо праблемы – яны ў кожнага свае...

Але гэта – тэма ўжо зусім іншай размовы...


--------------------------------------------

Ніна РЫБІК.