Путешествуем с Ниной Рыбик. Верона: Сказка, реальность и мечты

Асноўная частка нашага падарожжа праходзіла па Італіі. І першым пунктам прыпынку на маршруце стаў горад, які не абмінае, мусіць, ніводная турыстычная група, – Верона. Некаторыя нават лічаць, што Верона можа сапернічаць з Парыжам за званне самага рамантычнага горада Еўропы. І ўсё з-за таго, што тут адбываецца дзеянне бадай што самай знакамітай трагедыі Шэкспіра… Менавіта дзякуючы аповесці аб Рамэа і Джульеце, якой, калі верыць аўтару і яго перакладчыку, няма сумней у свеце, перш за ўсё і знакамітая Верона. І для мяне, як і для большасці турыстаў, гэты горад да больш блізкага знаёмства асацыіраваўся менавіта з гэтай гісторыяй трагічнага і бессмяротнага кахання…


Прыгожая казка…


У Вероне ўсяляк падтрымліваюць культ рамантычнага кахання Рамэа і Джульеты. Яшчэ б: столькі турыстаў прыязджаюць сюды штогод (і, трэба заўважыць, не з пустымі кішэнямі), каб пастаяць пад балконам Джульеты, сфатаграфавацца ля помніка ёй, пакінуць запіскі на “сцяне Джульеты” (“сэндвічы” з тых запісак кожны месяц бязлітасна здзіраюць – і ўжо праз некалькі дзён сцяна пад аркай, што вядзе да “дома Джульеты”, зноў стракаціць прызнаннямі ў каханні – нібы ад гэтага яно стане больш моцным ці трывалым…).

Але ўсё гэта: дом, балкон, сцяна Джульеты – суцэльная бутафорыя, і нават экскурсаводы не хаваюць гэтага. У доме “Джульеты” ў сярэднявеччы сапраўды жыла сям’я Капулетта – ну вось сучаснікі і вырашылі: ну чаму б не стаць яму домам Капулецці? Пакажуць вам у Вероне і дом Мантэкі, дзе нібыта жыў Рамэа, – ён чамусьці менш “распіяраны”. Гісторыкі “з мясцовых” нават сцвярджаюць, што гэтыя Мантэкі былі надзвычай шкадлівымі і скандальнымі суседзямі, і за гэта іх неаднойчы выганялі з горада і падпускалі “чырвонага пеўня” пад дах іх дома – але яны ўсё роўна вярталіся. Невядома толькі, ці быў на самой справе ў гэтай сям’і сын Рамэа і ці сапраўды ў яго здарылася каханне з Джульетай з Капулеттаў. Зрэшты, ці так гэта важна? Дантэ Аліг’еры, які пасля выгнання са сваёй роднай Фларэнцыі (даўно вядома, што няма прарока ў сваёй Айчыне!) знайшоў прытулак у Вероне, напісаў прыгожую гісторыю аб бессмяротным каханні. Яна потым трапілася на вочы геніяльнаму Уільяму Шэкспіру (які, дарэчы, ніколі не быў у гэтым італьянскім горадзе). Той перапісаў яе на свой лад – і трагедыя, растыражыраваная пазней у песнях, фільмах, спектаклях, балетах і г.д., стала бессмяротнай. Вось яна, сіла таленту!

Пасля гэтага грэх было б веронцам не скарыстацца такой цудоўнай і да таго ж – бясплатнай рэкламай роднага горада, каб прыцягнуць у яго як мага больш турыстаў і, адпаведна, грошай. І яны ў гэтым сэнсе грашыць не сталі. Быў у п’есе Шэскпіра балкон, з якога Джульета слухала прызнанні Рамэа? Значыць, будзе і ў нас: у 30-я гады мінулага стагоддзя да сцяны дома, які быў “прызначаны” домам Джульеты, прыляпілі “сярэдневяковы” балкон. Хочацца турыстам бачыць на ім юную Джульету? Не пытанне: зрання да змяркання стаяць на балконе прыгажуні і ўсміхаюцца гасцям (нам расказалі, што “Джульеты” мяняюцца праз паўгадзіны, і кожная з іх атрымлівае за сваю “непасільную працу” па 5 мільёнаў еўра ў год). А за пэўную суму кожная жадаючая турыстка можа і сама адчуць сябе Джульетай, пастаяўшы на знакамітым балконе…

Вядома ж, двор Джульеты літаральна запоўнены рознымі прыкметамі і павер’ямі: пад балконам трэба пацалавацца, каб каханне было назаўсёды; ля помніка Джульеце трэба патрымацца за яе… гм-м… ну, скажам так – за малочную залозу, каб была ўдача ў каханні. Дарэчы, адзін бронзавы помнік тыя, хто марыць пра каханне “як у Джульеты” (а хто не марыць?) ужо працерлі да дзірак, у літаральным сэнсе гэтага слова, і скульптуру “адправілі на пенсію”: зараз яна стаіць у музеі Джульеты. А зараз паспяхова праціраюць чарговую – ёсць падазрэнне, што не апошнюю.


…Цудоўная быль


І ўсё ж Верона – гэта не толькі прыгожая легенда пра Рамэа і Джульету. У горадзе шмат цікавых гістарычных помнікаў.

Да прыкладу, амфітэатр Арэна дзі Верона пабудаваны прыкладна ў той жа час, як і рымскі Калізей, – у 30-я гады нашай эры. Але знакаміты Калізей – напаўразбураны землятрусам, а Арэна дзі Верона, хоць і саступае яму ў памерах, не проста захавалася, а дзейнічае да гэтага часу! Гладыятары на ёй, праўда, зараз не выступаюць, як напачатку нашай эры, і ерэтыкоў інквізітары, як у сярэднявеччы, слава Богу, на вогнішчах тут не паляць, і публічныя дамы ды шынкі, як у 17-18 стагоддзях, у амфітэатры не дзейнічаюць. Для тысячагадовага збудавання знайшлі куды лепшае прымяненне: у амфітэатры – выдатная акустыка, і тут штогод праводзяць оперныя фестывалі: на працягу лета кожны вечар тут ідуць спектаклі, як правіла, класіка італьянскай оперы. На гэтай сцэне выступалі зоркі першай велічыні – Пласіда Дамінга, Лучана Павароцці і іншыя. І цэны на білеты, як сцвярджала наш экскурсавод, памяркоўныя: ад 50 еўра. Уявіце сабе магчымасць прайсціся па прыступках тысячагадовай даўнасці; усесціся на лаўку, дзе, можа, сядзеў які патрыцый – і слухаць “Аіду” ці “Кармэн”, ці “Турандот” у выкананні італьянскіх оперных спевакоў… Напэўна, ужо толькі дзеля гэтага варта затрымацца ў Вероне! Ці, калі такой магчымасці няма, прыехаць сюды яшчэ раз…

А яшчэ Верона ўразіла тратуарамі з ружовага мармуру, якім – некалькі стагоддзяў. Аказваецца, для веронцаў такія тратуары зусім не з’яўляліся раскошай ці марнатраўствам, асабліва ў сярэдзіне мінулага тысячагоддзя. Для іх гэта – як нашы каменныя агароджы ці падмуркі: мармур здабываўся непадалёк ад горада, і галоўнай цяжкасцю было абчасаць яго і надаць патрэбную форму – а калі ж і для каго знясільваючая праца рабочых-каменячосаў з’яўлялася перашкодай для дасягнення мэты?

Вы не паверыце, але ў Вероне мы сустрэліся… з Масквой: гарадскія вароты ўпрыгожаны зубчатымі сценамі “маскоўскага Крамля” – дакладна такімі ж “ластаўчынымі хвосцікамі”. Аказваецца, куфэрак проста адкрываецца: Крамлёўскую сцяну будавалі італьянскія архітэктары, што называецца, “па ўзору і падабенству” сваёй, роднай...



…І нязбытныя мары


У падрабязнасці гісторыі Вероны ўдавацца не хочацца, бо размова гэта асобная і доўгая. Хапала там усяго: і пад Рымам яна была, і пад Венецыяй, і пад Напалеонам, і пад Аўстрыяй…

Увогуле Італія стала такой, якой мы сёння бачым яе на карце свету, толькі ў 1866 годзе, у выніку трэцяй вайны за яе незалежнасць – у многім дзякуючы дзейнасці герою “маладой Італіі” Джузэпэ Гарыбальдзі – так, ва ўсякім выпадку, памятаюць яго з урокаў гісторыі моцна пасівеўшыя савецкія школьнікі. Але, аказваецца, далёка не ўсе італьянцы так рамантычна і ўдзячна ўспамінаюць Гарыбальдзі і падзеі 1866 года. Зрэшты, не ўсе жыхары сённяшняй Італіі нават лічаць сябе італьянцамі… Праходзячы міма помніка Гарыбальдзі, наша экскурсавод прадставіла яго нам так: ”Гэта той бандыт, што захапіў у вайне нашы багатыя, прагрэсіўныя, квітнеючыя паўночныя вобласці і далучыў іх да бедных, адсталых паўднёвых – мы і зараз кормім гэтых лайдакоў за кошт сваіх падаткаў. А ў нас на той час нават італьянскай мовы ніхто не ведаў – у нас была свая!”.

Увогуле, падчас падарожжа па Італіі я адзначыла для сябе, што незалежніцкія настроі там – ва ўсякім выпадку, на поўначы краіны – вельмі моцныя. І не толькі ў Вероне, але і ў Венецыі, і ў Фларэнцыі, і ў іншых гарадах – іх жыхары ўспамінаюць незалежнасць сваіх маленькіх княстваў і рэспублік як блаславенны час і мараць пра яго вяртанне – хоць, здавалася б, усім павінна быць зразумела, што “адзін у полі не воін” і “разам мы – сіла”. Але, аказваецца, не ўсё так проста і адназначна – нават у стабільнай, здавалася б, Еўропе і ўстойлівай Італіі…

Верона – горад цікавы, з багатай гісторыяй, архітэктурай, помнікамі, храмамі. Адно шкада: па ім – як зрэшты, і паўсюль – мы прабегліся “галопам”. Вечны парадокс падарожніка: хочацца пабачыць як мага больш – а часу мала і, адпаведна, убачыць атрымліваецца толькі самае-самае, ды і то –  краечкам вока. Вось калі б у кожным з тых гарадоў, дзе нам давялося пабываць, правесці хоць бы два-тры дні, а лепш – тыдзень…

Але тады б мы не пабачылі нешта іншае, не менш цікавае і прыгожае…Сэляві – такое жыццё!


----------------------------------------

Ніна Рыбік, фота аўтара.