Путешествуем с Ниной Рыбик. Вечный город
На працягу ўсёй вандроўкі я прыставала да сваіх спадарожнікаў, распытваючы пра іх уражанні і адчуванні. Некаму больш за ўсё спадабалася Венецыя – аж да таго, што адзін з дзён нашага адпачынку на моры захацелася прысвяціць менавіта ёй (пра горад на вадзе я раскажу ў адным з наступных артыкулаў), нехта ўсё падарожжа жыў уражаннямі ад альпійскага замка Нойшванштайн… Але большасць была не проста ўражана, а, можна сказаць, шакіравана вечным горадам – Рымам. Аж да воклічаў “Гэтага не можа быць!”Праўда, шок гэты быў з рознымі адценнямі – як пазітыўнымі, так і негатыўнымі. Бо Рым – гэта горад кантрастаў, зрэшты, як і любы горад, і не толькі еўрапейскі, у гэтым сэнсе “упраўдом – сябар чалавека” з “Брыльянтавай рукі” мела рацыю. Сёння я паспрабую перадаць розныя адценні сваіх уражанняў ад гэтага горада-гісторыі, горада-помніка – калі, канешне, змагу “зацугляць” свае думкі і эмоцыі, якія і сёння, праз два месяцы пасля вандроўкі, пры слове “Рым” пачынаюць разбягацца ў розныя бакі, як табун неаб’езджаных рысакоў…
“Такое ўражанне, што тут не абышлося без умяшання незямных цывілізацый, – задуменна прамовіла, стоячы ля падножжа Калізея, прафесар, колішняя выкладчыца на маім родным журфаку. – Немагчыма ўявіць, каб дзве тысячы гадоў таму людзі маглі пабудаваць такое”.“А калі і сапраўды змаглі – значыць, чалавецтва за гэтыя дзве тысячы гадоў не развівалася, а дэградзіравала”, – хочацца дадаць мне.
Вы толькі паспрабуйце ўявіць сабе, перавесці бясстрасныя лічбы ў рэальныя вобразы: авальны амфітэатр на 55 тысяч пасадачных месцаў (насельніцтва сямі такіх гарадоў, як наш Астравец) вышынёй амаль 50 метраў – амаль што 20-павярховы дом, плюс тры ці чатыры паверхі падвальных памяшканняў для ўтрымання звяроў, гладыятараў і тэхнічнай “абслугі”, даўжыня па прадольнай восі – 188, па папярэчнай – 150 метраў, 80 уваходных арак, скрозь якія усе гэтыя сем Астраўцоў маглі запоўніць амфітэатр і пакінуць яго за 15 хвілін… Хто, які розум і талент мог усё гэта прыдумаць, пралічыць дзве тысячы гадоў назад без усялякай вылічальнай тэхнікі і вышэйшай інжынернай адукацыі? Якія сілы і сродкі былі патрэбны, каб здабыць 5 мільёнаў тон траверціну (гэта падлічылі ўжо нашы сучаснікі з дапамогай разумных камп’ютараў) – каменя, па сваіх уласцівасцях сярэдняга паміж мармурам і вапняком, з якога ўзведзены Калізей?! Як даставіць яго ў Рым, калі адзіным транспартным сродкам на той час быў вечны працаўнік конік? Як узняць на такую вышыню шматтонныя глыбы без пад’ёмных кранаў і іншых прыстасаванняў, як змацаваць?.. А яны нават прыдумалі, як хутка і надзейна над такой махінай нацягнуць у выпадку дажджу ці занадта палячага сонца спецыяльны тэнт з тканіны – веларыум. І гэтае грандыёзнае збудаванне было ўзведзена ўсяго за восем (!) гадоў: Амфітэатр Флавіеў – так першапачаткова называўся Калізей – пачалі будаваць у 72-ім годзе па загаду імператара Веспасіяна Флавія, а закончыў у 80-ым ужо яго сын Ціт.
Усвядоміць гэта нашаму сучасніку, жыццё якога можа паралізаваць адключэнне электрычнасці нават на суткі, цяжка, амаль немагчыма. І таму, думаю, вы зразумееце, чаму ля падножжа нават напаўразбуранага землятрусам і вандаламі-суайчыннікамі Калізея большасць турыстаў адчуваюць сапраўдны шок.
І не менш шакіруючым становіцца ўсведамленне, для чаго ўзводзілася і выкарыстоўвалася гэтае грандыёзнае збудаванне – вынік генія чалавечай думкі, таленту, дойлідства. Не для праслаўлення багоў, нават не для праслаўлення іншага чалавека – для няспынных, штодзённых, будзённых масавых забойстваў адных людзей на пацеху іншым. З лацінскай слова “арэна” перакладаецца як пясок: ім засыпалі месца пабоішчаў, бо ён добра ўбірае ў сябе кроў…
“Хлеба і відовішчаў” – патрабаваў народ. І Веспасіян Флавій, які стаў правіць Рымам пасля крывавага вар’ята Нерона, ўвесь час баяўся за сваю ўладу, бо па сваім паходжанні не быў цэзарам, не “царскіх крывей”, а ўсяго толькі таленавітым палкаводцам – таму і імкнуўся задобрыць народ, даць яму і адно, і другое. Хлеб – збожжа – жыхарам Рыма раздавалі бясплатна, а для відовішчаў Веспаніян задумаў пабудаваць самы грандыёзны на той час амфітэатр, які шмат пазней стаў вядомы як Калізей. І гэта пры спустошанай казне! Калізей будаваўся за кошт абрабаванага пасля пераможнай вайны народа ізраілевага і за кошт прадаваемых у рабства нявольнікаў гэтай краіны.Пасля яго адкрыцця прадстаўленні на арэне ішлі безупынна на працягу ста дзён. Усіх гледачоў пры гэтым бясплатна кармілі і паілі віном. Уваход у амфітэатр таксама быў бясплатны, але па “білетах” – іх ролю выконвалі гліняныя дошчачкі, на якіх указвалася арка. А каму на якім ярусе сядзець, гледачы ведалі і без таго: на першым – патрыцыі, на другім – вершнікі (мы б сёння сказалі – ваенныя) і рамеснікі, на трэцім – люд прасцейшы, плебеі.
Зранку на арэне каралі смерцю злачынцаў. Затым травілі звяроў – ці людзей звярамі. А на закуску – “смачненькае”: баі гладыятараў. Дарэчы, гісторыя захавала колькасць загінуўшых тут львоў (дарагія звяры былі) – загінуўшых людзей ніхто не лічыў, яны ж – бясплатныя… Ад бязлітаснай і бессэнсоўнай жорсткасці звычаяў таго часу, калі жыццё чалавечае не каштавала нічога, мароз бяжыць па скуры яшчэ больш, чым ад усведамлення велічы самай грандыёзнай пабудовы антычнага свету.
…І калі затым ступаеш на Аппіеву дарогу, пабудаваную яшчэ да нашай эры з базальтавага вулканічнага каменю, з тратуарамі і вадасцёкамі, 4-хметровай шырыні – яна і сёння дасць фору любой сучаснай; дарогу, на якой некалі, па паданню, апостал Пётр, які пакідаў Рым, сустрэў Хрыста – і там прагучалі знакамітыя словы “Камо градзешы?” (“Куды ідзеш?”), то гэтае вечнае пытанне да ўсяго чалавецтва і магчымыя адказы на яго гучаць і асэнсоўваюцца зусім па-іншаму…
Зусім іншыя пачуцці адольваюць пры наведванні Пантэона ўсіх багоў – захапленне, мяжуючае з абагаўленнем тых людзей, што гэта прыдумалі і зрабілі. Шчыра кажучы, я не разумею, чаму Калізей больш знакаміты і папулярны ў турыстаў, чым Пантэон. Па ўзросту яны амаль равеснікі, Пантэон быў пабудаваны нават раней, але сённяшні выгляд набыў на нейкіх сорак гадоў – што яны значаць у тысячагадовых вылічэннях? – пазней, чым Калізей, у 120 годзе. Але захаваўся ў першазданным выглядзе і на сённяшні дзень з’яўляецца дзеючай царквой (дзякуючы гэтаму і застаўся некранутым – ці амаль некранутым, бо інакш “удзячныя нашчадкі” дакладна б расцягнулі яго на будматэрыялы, як зрабілі гэта з многімі антычнымі помнікамі). Уяўляеце: у храме, якому без малога дзве тысячы гадоў, дзе пахаваны геніяльны Рафаэль і кароль Віктар-Эмануіл ІІ, які, ўласна кажучы, і аб’яднаў Італію, і сёння служаць месы, моляцца за здароўе і спачын душы.
Пантэон – сапраўдны цуд архітэктуры, нават нашы камп’ютарызаваныя сучаснікі не могуць зразумець, як у той час можна было ўзвесці такі дасканалы паўсферычны купал, які па вышыні пераўзыходзіць нават купал знакамітага сабора Святога Пятра ў Ватыкане, які быў пабудаваны шмат пазней. Гіганцкі храм дасканала прапарцыянальны, што здаецца проста неверагодным пры такіх памерах: дыяметр круглага падножжа і яго вышыня абсалютна аднолькавыя – 43,3 метра. А ў цэнтры купала – адтуліна шырынёй 9 метраў – адзіная крыніца асвятлення гіганцкага збудавання. Мы патрапілі ў храм надвячоркам, але відавочцы, якім пашчасціла быць тут у сонечны дзень, расказваюць, што відовішча нерэальна прыгожае і ўражваючае: адчуванне, што сонечнае святло, што суцэльным слупом льецца ў будынак, можна пакратаць, і сувязь з космасам адчуваецца нават не на падсвядомасці – на фізічным узроўні.
Не, ўсё ж гэта – па-за межамі разумення… Ва ўсякім выпадку, майго. І, гуляючы па старажытным Рыме, я неаднойчы лавіла сябе на думцы, што, мусіць, мае рацыю тая выкладчыца журфака: не абышлося тут без вышэйшага розуму…
Вось усе дакладна ведаюць, што браты Люмьер сталі стваральнікамі кінематографа і што першы фільм быў прадэманстраваны ў 1895 годзе. А як тады быць з калонай Траяна, якую гэты рымскі імператар устанавіў у 113 годзе ў гонар свайго пераможнага паходу ў Дакію? На калоне вышынёй 40 метраў па кругу, злева направа, на працягу 23 абаротаў з гістарычнай дакладнасцю “паказваецца” высечанае з каменя “кіно” аб вайне рымлян і дакійцаў: як збіраліся на вайну, як ішлі, якое абмундзіраванне, зброя, коні былі, як перапраўляліся цераз рэкі, як ішоў бой – і г.д. Колькасць “кадраў” падлічыць цяжка – але гісторыкі, для якіх калона Траяна – неацэнны падарунак і невычэрпная крыніца для вывучэння, падлічылі, што з фатаграфічнай дакладнасцю тут адлюстраваны 2500 чалавечых постацей. І гэта – не алоўкам на паперы, гэта – на мармуры!
А вы кажаце, што мы – разумныя…
І пры гэтым рымляне, асабліва ў сярэднія вякі, абсалютна па-варварску абыходзіліся з тым, што дасталася ім у спадчыну ад продкаў. Той жа Калізей, пачатак разбурэнню якога палажыў землятрус, потым гараджане проста расцягвалі ў якасці дармавога будаўнічага матэрыялу – і нават некаторыя з вышэйшых святароў, нават Папы не лічылі гэта за грэх. (Вам гэта нічога не нагадвае з нашай гісторыі – і нават не антычнай ці сярэднявечнай, а навейшай? Гальшанскі замак, напрыклад… Гісторыя вучыць толькі таму, што нічому не вучыць). Увогуле сярэднявечны Рым быў пабудаваны з каменя ці нават на падмурках разбуранага старажытнага горада – гэта відаць на многіх будынках няўзброеным вокам нават не спецыялісту.І толькі ў 18 стагоддзі Папа рымскі Бенедыкт ХІV забараніў расцягваць гісторыю “па асабістых панадворках”. Ён жа ўзяў пад абарону Калізей – як месца, дзе некалі пакутніцкай смерцю гінулі праследуемыя язычніцкай рымскай знаццю першыя хрысціяне. А ў 19-ым стагоддзі пачалі нешта спрабаваць аднаўляць. І толькі ў 20-м стагоддзі Мусаліні – хоць і фашыстам быў, і саюзнікам Гітлера, але гістарычную значнасць Рыма як антычнага і старажытнага горада разумеў – загадаў разбурыць “маладыя” сярэднявечныя будынкі, каб адкрыць старажытныя. Новую вуліцу пабудаваў – каб з акна сваёй рэзідэнцыі бачыць Калізей – сімвал магутнасці Рымскай імперыі: выгляд гэтага манументальнага помніка старажытнасці, напэўна, надаваў правадыру значнасці ва ўласных вачах і ўпэўненасці ў сабе. Не дапамагло…
Ды і сёння рымляне адносяцца да свайго горада, я б сказала, па-спажывецку. Не, Калізей па каменьчыках ужо не расцягваюць: па-першае, ніхто не дазволіць, а, па-другое, усе разумеюць, што горад жыве за кошт гасцей: пры колькасці насельніцтва Рыма ў 3 мільёны жыхароў “вечны горад” штогод наведваюць 40 мільёнаў турыстаў – прыкіньце суадносіны. І, паразітуючы на спадчыне продкаў, сучасныя гараджане не асабліва клапоцяцца пра сённяшні стан свайго горада: Рым – даволі брудны і неахайны. А горшага метро я ўвогуле не бачыла нідзе – хоць сякі-такі вопыт у гэтым сэнсе маю. Вагоны – нібы з даваеннага часу, станцыі завалены смеццем, туалеты смярдзючыя… Бр-р-р… Я ўжо маўчу пра элементарных махляроў, злодзеяў (“Трымайце ў руках свае сумачкі!”, “Памятайце пра грошы і дакументы!” – безупынна нагадвалі нам экскурсаводы) і аматараў падарыць “ад чыстага сэрца” свежую ружу – а потым папрасіць пару-тройку-пяцёрку еўра на надзённыя патрэбы…
І ўсё ж пры ўсім пры гэтым Рым – горад, у які хочацца вяртацца зноў і зноў. Бо такой канцэнтрацыі велічы, гісторыі, мастацтва, помнікаў на такой абмежаванай прасторы не знойдзеш больш нідзе ў свеце. І калі ў вас будзе найменшая магчымасць наведаць гэты вечны горад, мая вам парада – скарыстайце яе. Бо Рым – гэта калыска сусветнай цывілізацыі, а значыць, крышачку і наша з вамі…