Путешествуем с Ниной Рыбик. Нюрнберг

Ад аўтара: Ведаю, што мае “вандроўныя нататкі” некаторых раздражняюць – праўда, не ведаю, чаму. Але гэтаксама ведаю, што многія з цікавасцю чытаюць і чакаюць гэтыя “творчыя справаздачы” аб наведванні далёкіх ці блізкіх мясцін – аб гэтым блізкія, знаёмыя і незнаёмыя гавораць пры сустрэчы, у тэлефонных размовах, пішуць у пісьмах. Таму, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, вырашыла ўсё ж расказаць пра сваё апошняе падарожжа – па Еўропе. У тых, каму гэта нецікава ці каму не падабаецца, адразу прашу прабачэння і раю пашукаць у газеце іншую інфармацыю па сваім гусце і інтарэсах: упэўнена – знойдзеце! А ўсіх астатніх – моцна спадзяюся, што іх усё ж больш, – запрашаю адправіцца са мной у віртуальнае падарожжа па краінах і гарадах Еўропы, дзе мне пашчасціла пабываць напрыканцы лета і ў пачатку восені.

Так што ўладкоўвайцеся зручней на канапе пад цёплым пледам з кубкам гарбаты – надвор’е сама тое, – і паехалі!


Што падарожнічаць я люблю, тыя, хто не першы год чытае “Астравецкую праўду”, думаю, ведаюць. Як і пра тое, што ў гэтым сэнсе я “ўсёядная” – стараюся пабываць усюды, дзе толькі можна, навёрстваючы магчымасці, упушчаныя ў гады маладосці, што прайшлі за “жалезнай заслонай” савецкіх часоў,– таксама.

І ўсё ж пры ўсім пры тым у такое далёкае і доўгае падарожжа – у Італію больш чым на два тыдні – выбірацца не даводзілася (не ўсміхайцеся тыя, хто ўжо пабываў у Егіпце, Таіландзе, Ізраілі, на Кубе і ў іншых “экзатычных” краінах, – паняцце далёкасці ў кожнага сваё). Але ўсё некалі бывае ў першы раз…

Сярод маіх астравецкіх знаёмых і сяброў знаёмых нямала тых, для каго адпачынак у Італіі стаў любімым і традыцыйным. І калі ў вас ёсць веданне, хоць на пачатковым узроўні, італьянскай ці англійскай мовы і добрая кампанія, то самастойная вандроўка і адпачынак стануць для вас нашмат таннейшымі і, магчыма, больш змястоўнымі, бо вы не будзеце прывязаны да праграмы тура. У мяне ж не было ні таго, ні другога, і таму я выбрала найбольш прыймальны для сябе – ва ўсякім разе, на дадзены момант – варыянт: экскурсійны аўтобусны тур з наведваннем некалькіх еўрапейскіх краін і наступным тыднёвым адпачынкам на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора.

Паўтара сутак у дарозе з начлегам у транзітным атэлі на тэрыторыі Польшчы і кароткімі “санітарнымі прыпынкамі”, цудоўная дарога па тэрыторыі Германіі з мноствам ветракоў і сонечных батарэй паабапал – і вось мы ў Нюрнбергу, другім па велічыні пасля Мюнхена горадзе Баварыі. А Баварыя, нагадаю, – адна з самых паспяховых і квітнеючых зямель Германіі.

Па дарозе спрабую ўспомніць: што я ведаю пра гэты гарадок акрамя таго, што там пасля заканчэння Другой Сусветнай вайны праходзіў гістарычны Нюрнбергскі працэс над нацысцкімі злачынцамі? Да свайго сораму, больш – практычна нічога. Канешне, можна было пакапацца ў інтэрнэце, як гэта зрабілі больш падрыхтаваныя да паездкі людзі. Але калі зборы ў дарогу традыцыйна пачынаюцца за тры гадзіны да адпраўлення… Што ўжо там – буду знаёміцца з горадам і яго гісторыяй адначасова і непасрэдна.

Пры сустрэчы экскурсавод – дарэчы, з “нашых”, паволжскіх немцаў, – прыводзіць словы неага з вялікіх (ну канешне ж, я не запомніла, каго менавіта, – дый ці так гэта важна?): “Хочаш убачыць сапраўдны нямецкі горад – адпраўляйся ў Нюрнберг”. Ну што ж, значыць, ні Берлін, ні Патсдам, ні Штутгарт, дзе ўжо давялося пабываць, сапраўднай Германіяй не з’яўляюцца – таму будзем знаёміцца з Нюрнбергам.

Знаёмства з горадам пачынаецца ў яго цэнтры, на Рынкавай плошчы, каля Прыгожага фантана – і “Прыгожы” ў дадзеным выпадку не азначэнне, а назва. Хоць наконт яго прыгажосці я б паспрачалася: прыгажэйшыя бачылі. Як на мой погляд, яму хутчэй падышла б назва “Багаты”. Зрэшты, яго і фантанам можна назваць з нацяжкай – упрыгожаная золатам і фігуркамі высокая піраміда, з падножжа якой вяла выцякае вада. Фантан быў пабудаваны для таго, каб у старажытныя часы тут бралі ваду беднякі – абсалютна бясплатна, гэта значыць, дарма… Ну канешне ж, з яго будаўніцтвам звязана легенда аб нешчаслівым каханні дачкі майстра і яго беднага памочніка, і, канешне ж, там ёсць нештачка, у дадзеным выпадку – залаты пярсцёнак, які трэба пакратаць, каб збылося… Мне здаецца, што гэтыя легенды прыдумляюць самі экскурсаводы – але ўсе, разумеючы гэта, тым не менш усё роўна труць, кратаюць, шэпчуць, праходзяць, схіляюцца, прысаджваюцца, пакідаюць запіскі і г.д. – у спадзяванні: а раптам?..

Другім такім месцам, дзе трэба загадваць жаданні (пэўна ж, не апошнім – усе нам не паказвалі – пэўна, пабаяліся, што ў нас жаданняў не хопіць), з’яўляецца даволі спрэчны помнік у гонар славутага ўраджэнца Нюрнберга Альбрэхта Дзюрэра. Пачварнейшы, скажу я вам, помнік! І гэтае маё меркаванне падзяляюць многія нюрнбержцы (ці, хутчэй, я – іхняе). Альбрэхт Дзюрэр, адзін са знакамітых мастакоў сярэднявечнага Рэнесансу, быў у сваёй творчасці рэалістам: на яго карцінах людзі – гэта людзі, кветкі – гэта кветкі, а заяц – такі, як ён ёсць на самой справе. А нейкі сучасны “геній” у памяць слыннаму земляку зрабіў монстра, які грызе цвікі, давіць людзей, з выпучаным адзіным вокам на лобе, з нейкім рыбіным хвастом (які, дарэчы, таксама блішчыць ад жадаючых споўніць сваё жаданне). Па задуме аўтара, такі заяц павінен нагадваць людзям аб наступствах экалагічнай катастрофы, генетычных мутацыях і г.д. Але кансерватыўныя баварцы філасофскай глыбіні задумы не зразумелі і рэгулярна нішчаць гэты помнік – а яго затым зноў адбудоўваюць. І хоць я катэгарычна супраць усялякага вандалізму – у дадзеным выпадку я іх падтрымліваю!

Хоць галоўнай адметнасцю Нюрнберга лічыцца ўсё ж самая працяглая ў сярэдняй Еўропе пяцікіламетровая гарадская сцяна, пабудаваная ў 12-13 стагоддзях для абароны горада – з вежамі, дзвюма крэпасцямі, валам і г.д. І прыгожыя, нібы цацачныя, старажытныя баварскія домікі. Праўда, напачатку было незразумела: як яны маглі захавацца, ды яшчэ ў такой колькасці, калі, як нам расказвалі, Нюрнберг у гады Другой Сусветнай вайны быў разбураны на 90 працэнтаў? Аказваецца, усё гэта адбудавана пасля вайны з максімальнай дакладнасцю – па ранейшых чарцяжах, уцалеўшых фота, карцінах, эскізах. На якія будынкі не было дакументальнага пацвярджэння іх выгляду – тыя і адбудоўваць не сталі.

Дарэчы, такі шлях адраджэння горада віталі не ўсе. Пасля вайны вяліся бурныя дэбаты аб тым, што рабіць з гарадскімі руінамі. Адны прапаноўвалі пакінуць іх некранутымі – як напамінак аб тым, да чаго прыводзіць вайна. Другія лічылі, што трэба ўсё даразбурыць і затым пабудаваць на гэтым месцы зусім новы, сучасны і прыгожы горад. З перавагай у адзін голас перамагла версія аб адбудове старога горада. Што і было зроблена – ды так, што і не скажаш, што гэтым вуліцам і будынкам не 600-700, а ўсяго 60-70 гадоў: ніякай табе тратуарнай пліткі, асфальту, металачарапіцы, шклопакетаў, з дапамогай якіх маюць звычку “рэстаўрыраваць” старажытныя замкі ў нас.

Дарэчы, Нюрнберг вельмі любіў Гітлер. Горад увогуле лічыўся ідэалагічнай сталіцай нацызму. Тут фюрэр праводзіў з’езды партыі, тут актыўна будаваў, замахнуўся нават на “новы Калізей” – самы вялікі будынак у Еўропе. Аднак, калі пачалася вайна, асцярожныя баварцы не паверылі ў хуткую і безумоўную перамогу свайго фюрэра і прапанавалі схаваць – так, на ўсякі выпадак – асноўныя каштоўнасці горада: для гэтага было пабудавана сем падземных бункераў. Пасля заканчэння вайны – як знайшлі. І зараз усе храмы і музеі горада ўпрыгожаны сапраўднымі карцінамі і скульптурамі 12-13 стагоддзяў, а не іх копіямі. І зноў напрошваюцца аналогіі: а мы – колькі ж беззваротна страцілі мы ў гады вайны з-за сваёй нічым неабгрунтаванай самаўпэўненасці – страшна падумаць…

І невыпадкова судзіць нацысцкіх злачынцаў вырашана было менавіта ў Нюрнбергу. Гэтаму, праўда, садзейнічалі і іншыя абставіны. Горад знаходзіўся ў зоне акупацыі амерыканцаў, а не Савецкага Саюза – на гэтым настойвалі саюзнікі; наяўнасць турмы побач з палацам правасуддзя – не трэба аднекуль вазіць падсудных і клапаціцца пра іх бяспеку. Знакамітая “Зала 600”, дзе ў 1945-1946 гадах былыя фашысцкія правадыры сядзелі на лаве падсудных, увайшла ў сусветную гісторыю. Але не апошнюю, калі не галоўную ролю ў выбары горада для гістарычнага судовага працэсу адыграў ідэалагічны бок справы: нацысцкіх злачынцаў судзілі там, дзе яны з высокіх трыбун заяўлялі ўсяму свету аб сваёй непераможнасці і  выключнасці. Каб ведалі! І каб іншым не хацелася паўтарыць…

Ну а самым духоўна цёплым месцам у Нюрнбергу для мяне стала царква святога Себальда, якую я наведала ў адведзены для набыцця сувеніраў і адметных нюрнбергскіх пернікаў вольны час (пернікі, з вынаходніцтвам якіх таксама звязана легенда – як жа без яе? – я таксама купіла: горад трэба ж адчуць не толькі на выгляд, дотык, пах, але і на смак). Зацікавіла, што царква, прысвечаная гэтаму святому, – адзіная, і пабудавалі яе на тым месцы, дзе, у адпаведнасці з завяшчаннем манаха-пустэльніка Себальда, спыніліся, пушчаныя на волю, быкі з яго мёртвым целам. Мошчы святога дагэтуль захоўваюцца ў царкве. І святым Себальд, падобна, быў сапраўдным, раз да яго за дапамогай паломнікі ішлі і ідуць да гэтага часу – больш як восем стагоддзяў.

Спадзяюся, некалькі хвілін малітвы ў старажытным храме, хай сабе і лютэранскім, да святога Себальда, а на самой справе – да Бога, дапамогуць у ажыццяўленні жаданняў больш, чым націранне хваста нейкага пачварнага зайца…


--------------------

Ніна РЫБІК.