Путешествуем с Ниной Рыбик. Неизвестная Италия (обновлено)

…За акном – прыемны марозчык і лёгкі сняжок. Самая сапраўдная, прыгожая беларуская зіма. Усё ж выдатна, што мы жывём у такім цудоўным краі, дзе ўсе поры года можна зведаць ва ўсёй іх красе: і шал квітнеючай вясны, і разнаквецце ап’яняючага водарамі лета, і шчымлівы сум развітальнай восені, і бадзёрасць снежнай марознай раніцы. Канешне, і вясной, і летам, і восенню, і зімой бываюць і не самыя прыемныя моманты: нечаканыя прымаразкі ці зацяжныя дажджы, ці надакучлівая слата, ці восень пасярод зімы… Але ў такім разе можна наліць бакал ружовага прасека (беларусы б сказалі – шампанскага, але італьянскае шампанскае – такі ж нонсенс, як і савецкае: сапраўднае шампанскае – толькі тое, што зроблена ў Францыі, у правінцыі Шампань), ці запарыць кубачак кавы “Лавацца” (італьянцы сцвярджаюць, што яна – самая смачная ў свеце) – пры ўмове, што ўсё гэта засталося ад летняга падарожжа і не разышлося на падарункі ці сувеніры. Ці пагартаць фотаздымкі. І ўспомніць…

А калі не падыходзіць ні першы, ні другі, ні трэці варыянт, то можна пачытаць у “Астравецкай праўдзе” нататкі землякоў – і ўявіць…

Цудоўна, што ўсё больш беларусаў зараз могуць сабе дазволіць падчас адпачынку ці проста працяглых выхадных, якія, да прыкладу выпалі сёлета на калядныя ці навагоднія святы, наведаць замежныя ці нават заморскія краіны, адпачыць і паглядзець, “а як у іх” – шматлікія турыстычныя фірмы сёння прапаноўваюць самыя разнастайныя туры на любы густ і кашалёк… Другі бок медаля – тое, што іх праграмы падобныя, як браты блізняты: калі Прага – то Карлаў мост і сабор Святога Віта; калі Парыж, то Елісейскія палі, Ейфелева вежа, Манмартр; калі Рым – то Калізей, Пантэон, Рымскія форумы… Не стану спрачацца: гэта абавязкова трэба пабачыць, каб мець уяўленне пра мінулае і сучаснасць горада і краіны, каб мець магчымасць сказаць: і я там быў… Але, пагадзіцеся, для таго, каб чалавеку, які ніколі не быў у Беларусі, зразумець нешта пра нашу краіну, яму недастаткова пабываць у Мірскім замку, Нясвіжскім палацы ці ў Полацкім Сафійскім саборы. Аднак зазірнуць за “турыстычны фасад” краіны ў сярэднестатыстычнага турыста, як правіла, не хапае ні часу, ні магчымасцей: нават гэты самы “фасад” разгледзець не заўсёды выпадае.

Таму лічу вялікай удачай, што частцы нашай групы, якая засталася на некалькі дзён на адпачынак у Італіі, удалося пазнаёміцца з не зусім турыстычнай Італіяй…

Трэвіза: тая ж Венецыя, толькі без турыстаў

Увогуле Венецыянская лагуна складаецца са 118 астравоў і астраўкоў. Але турыстычны бум – і, адпаведна, турыстычныя грошы – асядаюць, як правіла, у самой Венецыі. Недасведчанаму можа падацца, што Венецыя – гэта ўвогуле адзіны італьянскі “горад на вадзе”. Але гэта зусім не так, і нам пашчасціла ўбачыць яшчэ некалькі гэткіх жа, падобных на Венецыю, як дзве кроплі вады – і пры гэтым абсалютна непадобных. Яны пазбаўлены венецыянскай турыстычнай “гламурнасці”, глянцавасці і жывуць сваім звычайным будзённым жыццём паселішчаў на вадзе – трэба сказаць, не вельмі лёгкім, бо праблемы ў іх тыя ж, што ў Венецыі, а грашовых паступленняў непараўнальна менш.

Да прыкладу, горад Трэвіза – тыя ж вуліцы-каналы, тая ж маторка каля кожнага дома… Толькі вось венецыянскіх гандол няма – бо няма турыстаў. Вы не паверыце: там няма нават усюдыісных сувенірных лавак з магніцікамі, кубкамі, талерачкамі і іншай непатрэбнай драбязой для выманьвання грошай у тых, хто вырашыў прывезці дахаты з падарожжа “кавалачак Італіі”, зроблены ў Кітаі.

Сама не чакала – але Трэвіза мне спадабаўся нават больш, чым пакінуўшая незабыўны след у душы Венецыя. Менавіта з-за гэтай свайго жыцця “не на паказ”, “нетурыстычнасці”, сапраўднасці. Звычайны, прыгожы, утульны – жылы! – гарадок на вадзе. Па каналах плаваюць не гандолы, а качкі і лебедзі, з балкончыкаў звесілі свае рознакаляровыя пацеркі пятуніі, а на рыбным рынку прадаюць толькі што вылаўленую рыбу самых немагчымых, ніколі не бачаных і не чутых мною відаў. Мясцовая адміністрацыя прыдумала арыгінальнае выкарыстанне водных шляхоў горада – у якасці выстаўкі пад адкрытым небам твораў мастацтва: арыгінальныя скульптуры, у тым ліку і не кожнаму зразумелых сучасных напрамкаў, стаяць прама ў вадзе.

Яшчэ Трэвіза адметны тым, што гэта – радзіма знакамітага італьянскага торта цірамісу, які зараз можна купіць і ў Мінску (праўда, наш экскурсавод адразу папярэдзіў, што італьянскае віно, паста, кава і г.д., купленыя ў Беларусі, нават дакладна той жа маркі і сорту – гэта зусім не тыя ж, што прадаюцца ў Італіі, хоць і каштуюць яны ў нас у разы даражэй).

А яшчэ ў незнакамітым горадзе Трэвіза ў самым звычайным храме кожны жадаючы можа, колькі яму захочацца, сузіраць карціны Тыцыяна. Вось так, абсалютна бясплатна, прыйсці ў царкву і любавацца імі хоць зранку да вечара – калі, вядома, часу хапае.

У нас, на жаль, як заўсёды і ўсюды, не хапала… Бо наперадзе нас чакала спатканне з Ранкада…

У замку эпохі Адраджэння

Ранкада – гэта замак эпохі Адраджэння, пабудаваны ў 16 стагоддзі (а вы пра спатканне з кім падумалі?), дзе некалі жылі сапраўдныя венецыянскія дожы. Пра тыя часы нагадвае сярэдневечнай архітэктуры велічная каменная віла, якая зараз – рэдкі выпадак! – выкарыстоўваецца не толькі як музей (хоць і не без гэтага), але і як жылы дом для сучасных гаспадароў (пра іх – крыху пазней) і нават аб’ект агратурызму. Уяўляеце: любы жадаючы можа зняць тут нумар на дзень-другі, каб адпачыць за тоўстымі каменнымі сценамі ад надакучыўшай мітусні сучаснага супердынамічнага свету, адчуць сябе амаль што венецыянскім дожам. Альбо адзначыць сямейнае свята, вяселле ці дзень нараджэння ў антуражы эпохі Адраджэння.

Праўда, наконт “любога” я пагарачылася: каштуе такі “агратурыстычны” начлег як нумар у пяцізоркавым атэлі. Зрэшты, калі б у мяне была магчымасць выбіраць паміж пяцізоркавым атэлем і вілай Джусцініані – я б выбрала апошнюю. Але такой магчымасці ў мяне – як, падазраю, і ў вас, мае шаноўныя чытачы, – няма, таму будзем лічыць, што мы не вельмі і хацелі…

Адметнасць вілы – не толькі цудоўны ў сваёй непаўторнасці замак, роўненькі, бы пад лінеечку пастрыжаны газон і незвычайныя кусты, але і раскіданыя па тэрыторыі скульптуры харызматычных мужчын. У іх – свая гісторыя. Расказваюць, што адзін з дожаў, адпраўляючыся штодзень у Венецыю для выканання спраў дзяржаўнай важнасці, з пэўнай асцярогай пакідаў дома сваю прыгажуню жонку – і таму наняў ажно трыццаць стражнікаў, каб яны ахоўвалі яе бяспеку, а найперш сачылі за захаваннем супружняй вернасці. Наіўны: стражнікі ж – таксама мужчыны, і нішто мужчынскае ім не чужое… Калі гэта высветлілася самым непрыстойным чынам, усе стражнікі былі пакараны смерцю, а ў сядзібе паставілі скульптуры – каб іншым было ўрокам (пра лёс нявернай жонкі гісторыя чамусьці маўчыць). Так што ў іх там, у часы Адраджэння, усё было, як і сёння: і жыццё, і слёзы, і каханне, і рэўнасць, і помста… Чым больш жыву, тым больш пераконваюся, што чалавецтва за час свайго існавання па сутнасці сваёй не змянілася.

А зараз на віле жыве самы сапраўдны барон з роду Бесеці – нашчадак знатнага роду, які набыў прыходзячую ў заняпад вілу напачатку мінулага стагоддзя і надаў ёй другое жыццё. Ужо ў тыя часы наяўнасці дваранскага тытула для паспяховага жыцця было мала, не кажучы ўжо пра сучасныя, і барон заняўся вырошчваннем вінаграду і вырабам віна – і тое, і другое ў яго атрымалася цудоўна, і сваім нашчадкам ён перадаў не толькі імя і тытул, але і паспяховы бізнес, які сённяшні ўладальнік замка Ранкада паспяхова развівае. Нам паказалі, як расце вінаград, з якога літаральна праз некалькі дзён павінны былі пачаць ціснуць сок. Які затым ў спецыяльных 500-літровых бочках, зробленых абавязкова са славенскага дуба, паціху ператвараўся ў віно, якое затым разліваецца ў меншыя, 200-літровыя бочкі, зробленыя ўжо з французскага дуба і абпаленыя знутры – дзеля спецыфічнага водару, з гэтай жа мэтай, дарэчы, пры мыцці бочак не выкарыстоўваюцца  ніякія мыйныя сродкі – іх толькі апалоскваюць халоднай вадой. Затым віно даспявае доўгія месяцы і нават гады… А вы думалі, што праз тыдзень, як выціснулі сок, ужо і віно піць можна? Аказваецца, у гэтым працэсе ўсё яшчэ даўжэй, чым у казцы пра лёгкі хлеб…

А пасля ўсяго нас завялі ў святую святых вілы Джусцініані… Не, у дадзеным выпадку я маю на ўвазе не царкву, дзе некалі размаўлялі з Богам венецыянскія дожы, хоць туды таксама вадзілі, а вінныя склепы, дзе захоўваецца гонар і багацце барона Бесецці. І нават расказалі – у агульных рысах, без сакрэтаў, да выведвання якіх мы, па праўдзе кажучы, не вельмі і імкнуліся, – пра тэхналогію прыгатавання знакамітага прасека і іншых чырвоных, белых і ружовых він, якія пастаўляюцца ў самыя дарагія рэстараны і вінатэкі свету. І нават прапанавалі прадэгусціраваць некалькі найбольш папулярных сартоў іх.

…І я зразумела, чаму да гэтага часу не з’яўлялася асаблівай аматаркай віна: проста мне не даводзілася каштаваць сапраўднае, італьянскае!

Што ж, як кажуць, лепш пазней, чым ніколі…



МУРАНА

Падчас чарговай вандроўкі па невядомай шырокаму колу турыстаў і ад таго такой прыцягальна-сапраўднай Італіі мы пабывалі на яшчэ адным востраве венецыянскай лагуны – можа, не самым прыгожым, але надзвычай цікавым. Назву вострава Мурана ведае, бадай, кожны, хто імкнецца прывезці з Італіі ў якасці сувеніраў не толькі кітайскі шырспажыў з малюнкамі мясцовых славутасцяў, але і нешта сапраўды італьянскае – да прыкладу, знакамітае муранскае шкло. Канешне, кошт такіх сувеніраў непараўнальны з магніцікамі – бо і сёння вырабы з муранскага шкла, ад мініяцюрных фігурак да шыкоўных люстраў, – гэта ручная работа.

У нас была магчымасць пераканацца ў гэтым падчас наведвання майстэрні, дзе абаяльны шкляр з дужымі рукамі і ўсмешлівымі вачамі “пад абстрэлам” фота- і відэакамер за некалькі хвілін зрабіў незвычайнай прыгажосці шклянога каня, які, здавалася, толькі што вырваўся на волю з рук жорсткага гаспадара. І тэхналогія вырабу муранскага шкла, як нам расказвалі, за стагоддзі практычна не змянілася – хіба што агонь у спецыяльнай печы зараз падтрымліваецца больш сучаснымі спосабамі. Ды за выдачу сакрэтаў яго вырабу цяпер смяротная кара, як у старажытнасці, не пагражае – наадварот, цікаўным турыстам нават прадстаўляецца магчымасць усё пабачыць на свае вочы.

А затым у спецыяльным магазіне набыць усё, што спадабаецца і на што хопіць грошай, – ад таго самага уздыбленага каня да чароўнага сіняга ката, ад цудоўных пацерак ды шыкоўных фужэраў – ад асартыменту і цэн разбягаліся вочы і кружылася галава…

Дарэчы, знакамітае венецыянскае шкло стала муранскім дзякуючы… пажару: выраб яго асвоілі спачатку ў Венецыі. Але калі ад майстэрні пайшоў пажар, які знішчыў частку з такімі цяжкасцямі пабудаванага горада, разгневаны дож вырашыў “выселіць” небяспечную вытворчасць падалей ад граху і палацаў – на востраў Мурана. Востраў адразу ж стаў “закрытым”: шклярам пакідаць месца жыхарства забаранялася пад страхам смерці – каб не расказалі нікому незнарок ці наўмысна дзяржаўную таямніцу вырабу стратэгічнай прадукцыі.

Сёння, як і стагоддзі назад, для афарбоўкі шкла не выкарыстоўваюцца ніякія хімічныя рэчывы – толькі натуральныя мінералы. Пабываўшы на востраве Мурана, міжволі станеш паважаць і мясцовых шкляроў, і працу іх рук…

БУРАНА

Вы думаеце, буранаўскія бабулі ёсць толькі ў Расіі? Памыляецеся...

Сярод 118 астравоў венецыянскай лагуны ёсць і востраў Бурана. Знакаміты ён тым, што тамтэйшыя сівагаловыя буранаўскія бабулі яшчэ ўмеюць плесці рэдкай прыгажосці карункі, дзякуючы якім гэты італьянскі востраў вядомы ва ўсім свеце. Праўда, італьянцы – як і мы, грэшныя, – пазнавата зразумелі, што бабулі – не вечныя, што яны хварэюць, трацяць зрок і сілы і ўрэшце, як і ўсе смяротныя, адыходзяць у лепшы свет. А з імі – і сакрэты іх незвычайнага майстэрства. Зараз у спецыяльным магазіне-музеі засталася адна бабуля, якая ў дзень нашага візіту, седзячы ў крэсле, не падымаючы галаву, ціхенька пляла танюткай іголкай нерэальна прыгожага бялюткага матылька. Мы доўга любаваліся яе работай, а затым – зробленым раней такім жа матыльком – каб сплесці яго, майстрысе спатрэбіцца тыдзень часу – у вітрыне магазіна. Кошт легкакрылага цуда памерам з далонь – “усяго” 100 еўра. Што большае па памерах – тое большае і па цане. Так што на ўспамін з вострава Бурана большасць з нас везла толькі фотаздымкі…

Ды яшчэ нават менш дакументальныя смакавыя ўражанні ад наведвання рыбнага рэстаранчыка, дзе можна было паспытаць экзатычную італьянскую кухню з самых свежых, толькі што вылаўленых і прыгатаваных марскіх насельнікаў. Да слова сказаць, нават самыя драпежныя з іх “кусаліся” менш, чым цудоўны карункавы матылёк: да прыкладу, хвост жабы можна было пакаштаваць усяго за 16 еўра. Не рызыкнула – і нават не таму, што грошай пашкадавала…

ТАРЧЭЛА

А ў востраў Тарчэла я проста закахалася! Мне здаецца, яго немагчыма не палюбіць з першага ж погляду – гэтак жа, як не могуць не запасці ў душу сваёй някідкай прыгажосцю нашы так званыя неперспектыўныя вёскі з багатай адметнай гісторыяй і душой, што раскрываецца насустрач кожнаму, хто ўзыходзіць на іх вуліцы са шчырымі і добрымі намерамі.

Сёння на гэтым востраве – менш сотні жыхароў, ды і тыя ў большасці сваёй штораніцы ад’язджаюць (адплываюць!) на працу на больш буйныя і багатыя астравы. А некалі ж засяленне венецыянскай лагуны пачалося менавіта адсюль, з вострава Тарчэла, і ў час росквіту жыло тут больш за 10 тысяч жыхароў – нашмат больш, чым у суседняй Венецыі. І нават украдзеныя купцамі ў Александрыі мошчы евангеліста Марка, пакуль у Венецыі не пабудавалі для іх шыкоўную базіліку, захоўваліся тут, у храме Успення Прасвятой Багародзіцы, пабудаваным у 639 годзе. Царква, да слова сказаць, і сёння стаіць, не зведаўшы з часу сваёй пабудовы якой-небудзь істотнай рэстаўрацыі, практычна ў першазданым выглядзе – і цудоўная ў гэтай сваёй сапраўднасці, аўтэнтычнасці, эксклюзіўнасці: вышчарбленыя часам і тысячамі ног мармуровыя прыступкі, цяжкія жалезныя дзверы, пацямнеўшыя ад часу і зведанага і ўбачанага сцены…

Канал, якія вядзе ўглыб вострава, у адрозненне не толькі ад Венецыі, але і ад Мурана, Бурана і Трэвіза – без традыцыйных кацераў і маторак. Берагі яго зараслі някошанай травой… На гарбатым мастку без парэнчаў, празваным з-за нейкай там гісторыі з ведзьмай і каханнем чортавым, сядзяць, звесіўшы ногі, хлопцы… На марскім узбярэжжы з масткоў хлапчукі вудзяць рыбу… У някошаным садзе спеюць гранаты…

Дзіўна, але на гэтым амаль закінутым, напаўсонным востраве знаходзіцца адзін з самых дарагіх і знакамітых рэстаранаў венецыянскай лагуны, размешчаны ў атэлі Locanda Cipriani, дзе зімой 1948-га жыў Хэмінгуэй: тут ён пісаў “За ракой, у ценю дрэў”. Увогуле ў гэтым рэстаранчыку на закінутым востраве перабываў увесь еўрапейскі бамонд, пачынаючы ад англійскай каралевы і заканчваючы… Нават калі б захацела сказаць “намі”, дык вы ж, шаноўныя чытачы, усё роўна не паверыце: не ўваходзім мы пакуль у еўрапейскі бамонд. Ну і хай сабе – нам і свайго, астравецкага, хапае!

…А на набярэжнай у ценю дрэў, заўважыўшы экскурсійную групу, пачынае “наярваць” на акардэоне чарнавалосы і белазубы музыкант. Па выгляду – італьянец, але рэпертуар – да болю знаёмы і такі нязвыклы тут, на амаль што закінутым італьянскім востраве: “Кацюша”, “Не чуваць у садзе нават шолахі”, “Цёмная ноч”… Ну канешне ж, “нашы людзі”: высвятляецца, што мужчына з Кішынёва. Кажа, што тут – ужо 20 гадоў. Мяркуючы па драбязе, што ляжыць у скрынцы, і таму, што турысты на востраве – госці нячастыя, жыццё ў колішняга савецкага, а зараз – італьянскага акардэаніста не вельмі багатае. Але ўсмешка – шчырая, да вушэй:

– Ды я ў свой час ансамблю Ігара Маісеева акампаніраваў! Ці хочацца дахаты? Ды што там рабіць?!

Ну што ж, у кожнага сваё жыццё і свой лёс: у краін, астравоў, людзей…